Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 6500 рублёў за тры дні аштрафавалі берасьцейскіх пратэстоўцаў


Дэманстрацыя ў Берасьці супраць акумулятарнага заводу 21 красавіка
Дэманстрацыя ў Берасьці супраць акумулятарнага заводу 21 красавіка

26 красавіка ў Ленінскім судзе Берасьця агучылі прысуды пяцярым пратэстоўцам супраць акумулятарнага заводу за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Разгляд іх спраў быў абʼяднаны ў адну вытворчасьць, усіх судзілі разам.

Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна прысудзіў усім штрафы:

  • Дзянісу Малашэнку — 255 рублёў (10 базавых велічыняў);
  • Уладзімеру Казлоўскаму — 765 рублёў (30 б.в.);
  • Сяргею Сьвірскаму — 255 рублёў (10 б.в.);
  • Уладзімеру Вялічкіну — 765 рублёў (30 б.в.);
  • Дзямʼяну Лепясевічу — 765 рублёў (30 б.в.).

З 24 па 26 красавіка ў Берасьці судзілі 14 пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу.

25 красавіка штрафы атрымалі

  • Кацярына Басаргіна (127 рублёў 50 капеек),
  • Ягор Кандрацюк (255 рублёў),
  • Тацяна Фесікава (765 рублёў).

24 красавіка былі аштрафаваныя

  • Дзьмітрый Андрасюк — на 1020 рублёў,
  • Віталь Казак — на 765 рублёў,
  • Алег Вялаў — на 637 рублёў 50 капеек,
  • Віктар Сендар — на 127 рублёў 50 капеек.

Агульная сума штрафаў — 6502 рублі 50 капеек.

Судзілі таксама Алеся Абляка і Ўладзіслава Абрамовіча, аднак разгляд спраў перанесены на наступны тыдзень.

Берасьцейцаў судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці па цэнтральных вуліцах гораду 7 красавіка.

Акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасьці больш за год. У красавіку, апроч традыцыйнага маўклівага стаяньня на плошчы, пачалі ладзіць і шэсьці.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG