Прапампоўваньне чыстай нафты па магістральным нафтаправодзе «Дружба» пакуль не пачалося, паведамілі БелаПАН у канцэрне «Белнафтахім».
«У трубаправодзе на беларускай тэрыторыі па-ранейшаму знаходзіцца нафта зь перавышэньнем нарматыву ўтрыманьня хлёрарганікі. Арганізацыі па нафтаправодным транспарце „Гомельтранснафта Дружба“ і „Полацктранснафта Дружба“ зрабілі ўсе тэхнічныя захады, каб як найхутчэй атрымаць чыстую нафту з расейскага пункту Ўнеча», — сказала прадстаўніца канцэрну Марына Касьцючэнка.
Па яе словах, нафтаперапрацоўчыя заводы па-ранейшаму працуюць на зьніжанай вытворчай загрузцы. Вядзецца штодзённы ўлік даходаў, недаатрыманых з прычыны зьніжэньня загрузкі НПЗ, прыпыненьня экспарту нафтапрадуктаў, рамонту абсталяваньня.
«Пытаньне кампэнсацыі — як суб’ектам гаспадараньня, так і дзяржаве — не здымаецца. Цалкам ацаніць страты пакуль немагчыма, бо сытуацыя працягваецца. Натуральна, кожны дзень суправаджаецца дадатковымі мінусамі даходаў, на якія разьлічвалі НПЗ», — адзначыла Касьцючэнка.
29 красавіка ў Маскве знаходзіцца дэлегацыя прадстаўнікоў «Белнафтахіму» і беларускіх НПЗ на чале з намесьнікам старшыні канцэрну Ўладзімерам Сізовым. У плянах — перамовы ў Міністэрстве энэргетыкі Расеі з удзелам расейскіх нафтавых кампаній.
Пра тое, што ад сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе «Дружба» паступае няякасная нафта, «Белнафтахім» паведаміў 19 красавіка.
Неўзабаве стала вядома, што з прычыны няякаснай расейскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяваньне. Пасьля гэтага кіраўніцтва Беларускай нафтавай кампаніі паведаміла, што Беларусь прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту