Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: ЗША не ратыфікуюць міжнародную Дамову аб гандлі зброяй


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што зьвернецца да Сэнату з просьбай спыніць працэс ратыфікацыі міжнароднай Дамовы аб гандлі зброяй.

Зьвяртаючыся ў Індыянапалісе да актывістаў Нацыянальнай асацыяцыі ўладальнікаў агнястрэльнай зброі (NRA), Трамп назваў дамову, заключаную яго папярэднікам Баракам Абамам, «у корані няправільнай», якая абмяжоўвае канстытуцыйныя свабоды амэрыканцаў. Паводле яго словаў, ён накіруе ў Сэнат просьбу вярнуць дамову ў Белы дом, пасьля чаго прэзыдэнт фармальна адклікае подпіс Злучаных Штатаў пад ім.

Дамова ўступіла ў сілу ў 2014 годзе, да гэтага моманту да яе далучылася 101 дзяржава. Яна рэглямэнтуе міжнародны гандаль звычайнымі ўзбраеньнямі — ад ракетных установак, баявых караблёў і танкаў да стралковай зброі. Дакумэнт падпісалі і ратыфікавалі, у прыватнасьці, краіны-члены ЭЗ. Расея і шэраг іншых буйных вытворцаў зброі не далучыліся да дамовы. Яе адпрэчваюць і такія краіны, як Сырыя і КНДР. У тым ліку і таму рашэньне Трампа ўжо раскрытыкавалі праваабарончыя арганізацыі.

Выступаючы на зьезьдзе NRA, Трамп зноў выступіў у абарону Другой папраўкі да Канстытуцыі ЗША аб свабодным валоданьні зброяй, абвінаваціўшы дэмакратаў у імкненьні абмежаваць правы грамадзянаў.

  • 26 красавіка ў ЗША была асуджаная да 18 месяцаў турмы расейка Марыя Буціна, якая, як вызначыў суд, па ўзгадненьні з расейскім высокапастаўленым чыноўнікам спрабавала наладжваць сувязі з прадстаўнікамі NRA, большая частка якіх падтрымлівае Рэспубліканскую партыю Дональда Трампа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG