26 красавіка ў Менску ў канцэрне «Белнафтахім» прайшлі чатырохбаковыя перамовы наконт сытуацыі з пастаўкамі няякаснай расейскай нафты на беларускія НПЗ і ў эўрапейскія краіны.
«Брудная» расейская нафта магла прывесьці да поўнага спыненьня магістральнага нафтаправоду «Дружба».
У перамовах, ініцыяваных «Белнафтахімам», узялі ўдзел кіраўнікі чатырох нафтатранспартных кампаній:
- ААТ «Гомельтранснафта Дружба» (Беларусь),
- ААТ «Транснефть» (Расея),
- PERN S.A. (Польшча)
- і АТ «Укртранснафта» (Украіна).
«Укртранснафта»: пытаньні кампэнсацыі не абмяркоўваліся
На перамовах у Менску не абмяркоўваліся пытаньні кампэнсацыі, сказаў журналістам гендырэктар «Укртранснафты» Мікалай Гаўрыленка.
«Пакуль абмяркоўвалася рашэньне тэхнічных праблемаў. Тэхнічнае рашэньне знойдзена», — цытуе Мікалая Гаўрыленку «Настоящее время».
Ён адзначыў, што фінансавыя пытаньні бакі абмяркуюць пасьля.
Паводле Гаўрыленкі, ягонаму прадпрыемству «ніякай шкоды не было нанесена, калі ня браць у лік недаатрыманую выручку з аб’ёму нявыкананых работ».
«Літаральна ў першай дэкадзе траўня як мінімум паўднёвы кірунак „Дружбы“ адновіць стабільную працу па прапампоўваньні нафты Urals заводам у Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне».
Паводле Гаўрыленкі, расейскі бок паводзіў сябе «канструктыўна».
Як паведаміла карэспандэнту Свабоды прадстаўніца «Белнафтахіму» Марына Касьцючэнка, прадстаўнікі «Ўкртранснафты» «пакінулі тэрыторыю перамоваў» раней за іншых.
Расейская чыгунка гатовая задзейнічаць да 5 тысяч цыстэрнаў
Напярэдадні ААТ «Расейскія чыгункі» правяло перамовы з апэратарамі «Дружбы» і заявіла пра гатоўнасьць задзейнічаць да 5 тысяч цыстэрнаў для перавозкі чыстай нафты, паведамляе Інтэрфакс. Гэта павінна вырашыць праблему з транзытам расейскай нафты празь Беларусь.
Учора віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітрый Козак заявіў, што 29 красавіка «чыстая, якасная нафта будзе на мяжы зь Беларусьсю». Плянавалася абмеркаваць «адпампоўваньне няякаснай нафты, якая яшчэ ёсьць у трубе, каб прывесьці яе ў нарматыўны стан».
Раней паведамлялася, што ў беларускай частцы нафтаправоду «Дружба» знаходзіцца больш за 700 тысяч тон няякаснай нафты.
Перад перамовамі «Белнафтахім» паведаміў, што беларускі бок мае «тэхнічна дакладнае бачаньне і прапановы па нармалізацыі сытуацыі». Якія гэта прапановы, карэспандэнту Свабоды ў канцэрне не паведамілі.
«Нафтан»: важна атрымаць пэўнасьць па пастаўках нафты ў траўні
Сёньня генэральны дырэктар ААТ «Нафтан» Аляксандар Дзямідаў паведаміў, што да канца красавіка на прадпрыемства паступіць каля 129 тыс. тон якаснай нафты. Яна пачала паступаць з 24 красавіка па паўночнай галіне нафтаправоду (Сургут — Полацак).
«Цяпер працуем у нестандартным рэжыме зьніжаных аб'ёмаў загрузкі, нясем страты. Для нас вельмі важна атрымаць пэўнасьць па пастаўках нафты ў траўні, каб разьлічыць рэжым працы. Чакаем гэтай інфармацыі ад расейскіх калегаў у бліжэйшы час», – цытуе Аляксандра Дзямідава БелТА.
Што адбылося?
19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра рэзкае пагаршэньне якасьці расейскай нафты. Утрыманьне хлёрарганічных злучэньняў у нафце Urals, якая паступала па нафтаправодзе «Гомельтранснафта Дружба», «у дзясяткі разоў» перавысіла гранічныя значэньні.
ААТ «Мазырскі НПЗ» і ААТ «Нафтан» паведамілі пра пагрозу пашкоджаньня абсталяваньня і амаль на 50% скарацілі аб’ёмы нафтаперапрацоўкі.
З гэтай прычыны 23 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў ва Ўкраіну, у Польшчу і краіны Балтыі, аднак праз два дні часткова аднавіла.
Паводле дадзеных на красавік, Беларусь заявіла пра страты ў выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў больш як на 100 мільёнаў даляраў. Шкода, нанесеная абсталяваньню Мазырскага НПЗ, будзе вызначаная ў жніўні гэтага году.
Таксама Беларусь заявіла, што да канца 2019 году плянуе пачаць пастаўкі альтэрнатыўнай расейскай нафты праз парты краін Балтыі і Ўкраіны. З Латвіяй і Літвой прапрацоўваецца пытаньне аб набыцьці тэрміналаў па прыманьні нафты з мора на 200–300 тыс. тон у месяц.
Польшча і Ўкраіна спынілі транзыт «бруднай» нафты
24 красавіка польскі бок спыніў «на няпэўны тэрмін» прыём нафты ў пункце здачы нафты Адамава. Гэта зроблена паводле ліста польскага апэратара магістральнага нафтаправоду PERN S.A.
Прычынай спыненьня, паводле беларускага апэратара магістральнага нафтаправоду «Гомельтранснафта Дружба», стала адмова НПЗ, падлучаных да нафтаправоду «Дружба», прымаць нафту са значным перавышэньнем паказчыка арганічных хлярыдаў (да 30 разоў па масавай долі ад гранічнага нарматыву).
«Працяг паставак нафты з утрыманьнем арганічных хлярыдаў вышэй за ліміт 10 мг/кг (ppm) (г.з. цяпер дасягае ўзроўню, які перавышае 300 мг/кг (ppm)), нараджае рызыку сур’ёзнай прамысловай аварыі, як для НПЗ, так і для лягістычнай сыстэмы PERN», — гаворыцца ў звароце PERN S.A.
Польскі бок спадзяецца на прыняцьце мераў «дзеля хутчэйшага аднаўленьня».
Зь вечара 25 красавіка Ўкраіна спыніла транзыт расейскай нафты па нафтаправодзе «Дружба».
Пра гэта паведамляецца ў лісьце апэратара нафтатранспартнай сыстэмы Ўкраіны АТ «Укртранснафта», які атрымала ААТ «Гомельтранснафта Дружба».
«Укртранснафта» папрасіла спыніць перапампоўваньне па нафтаправодзе Мазыр — Броды. Бо на пункце здачы нафты «Будковцэ» (Славаччына) адмовіліся прымаць забруджаную нафту. Таксама і на пункце здачы нафты «Фенешлітке» (Вугоршчына) не было свабодных магутнасьцяў.
«Рашэньне прынята з прычыны таго, што нафта „не адпавядае якасным паказчыкам“», — паведаміла «Гомельтранснафта Дружба».
Пра тэрміны прыпыненьня і пра аднаўленьне перапампоўваньня паабяцалі паведаміць дадаткова. ААТ «Гомельтранснафта Дружба», у сваю чаргу, праінфармавала Бранск аб поўным прыпыненьні перапампоўваньня на ўчастку Мазыр — Броды.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту