Некалькі занатовак пра «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.
«Хто б ведаў, як мне надакучыла ваша беларуская мова. І хто б ведаў, зь якой асалодай я пішу гэта. Надакучыла. Надакучыла.»
Вось так пачынаецца адзін з найбольш хітрамудра сканструяваных раманаў у беларускай мове — «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Ня горш, чым пачатак ягонага ранейшага шэдэўру, «Сарокі на шыбеніцы». Помніце? «Mówią, że teraz panuje tu moda na opowiadanie historii od końca. Dziwny, nie wiadomo do kogo adresowany ukłon, bezużyteczne ćwiczenie w giętkości…»))) Хаця, магчыма, пачатак там крыху іншы: «Прыкладна празь пяць хвілін яна памрэ…»
«Татальны раман», ці што?
Але ці раман гэта наогул, «Сабакі Эўропы»? Фармальна, гэта шэсьць асобных гісторый (некаторыя зь іх можна назваць раманамі, некаторыя — навэламі). Аднак гэтыя гісторыі зьвязаныя адна з адной відавочнымі і невідавочнымі ніткамі, сюжэтнымі перакрыжаваньнямі, уяўнымі разьвязкамі і скразнымі таямніцамі… І ў дадатак да гэтага шасьцікніжжа пад адной вокладкай мы маем паэтычны ўступ да ўсёй кнігі ды пяць паэтычных уставак-інтэрмэцаў паміж асобнымі гісторыямі, а ў самым канцы — слоўнік і граматычныя правілы новай мовы (constructed language) — бальбуты, на якой у кнізе напісана паўтара дзясятка старонак, хто ведае, магчыма, што і ключавых для яе разуменьня. Так і хочацца прыдумаць нейкі новы тэрмін для такой літаратурнай формы — «татальны раман», ці што? Але гэткі тэрмін некалі ўжо прыдумаў для сваёй прозы аўстрыйскі пісьменьнік Гайміта фон Додэрэр, паводле якога «der totale Roman» — гэта «геамэтрычнае месца ўсіх пунктаў, якія знаходзяцца ў роўнай аддаленасьці ад мастацтва, навукі і жыцьця, telle qu’elle est». Няблага было б разабрацца, наколькі гэтае додэрэраўскае вызначэньне татальнасьці літаратурнага адлюстраваньня стасуецца да апошняй кнігі Бахарэвіча. Але гэта, магчыма, іншым разам…
Я разумею, што пісаць нешта накшталт агляду раману, які пакуль прачыталі лічаныя асобы, ня вельмі камільфо, таму абмяжуюся ўсяго некалькімі агульнымі заўвагамі, каб занадта не наспойлерыць. Мне проста пашанцавала крыху больш за іншых: я знаёмы з рэдактарам раману Сяргеем Шупам, які замовіў за мяне слоўца аўтару, і той, перад тым як сысьці ў сваю Маркоту, пагадзіўся, каб я прачытаў «Сабак» з рукапісу, то бок кампутарапісу, як некалі ягоную «Сароку»…
Дык што агульнага ў шасьці частках гэтага аднаго цэлага?
Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце
Па-мойму, у «Сабаках» паўсюды гучыць скразны матыў беларускай беспрытульнасьці і бяздомнасьці ў сьвеце — ня проста як канстатацыя палітычна-грамадзкай сытуацыі «на акрэсьленым этапе нацыянальнага разьвіцьця», а як экзыстэнцыяльная характарастыка беларускага лёсу і кону, як нешта трансцэндэнтнае, то бок незалежнае ад гэтага лёсу. Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце. Або інакш: быць беларусам — гэта ўсюды адчуваць сябе чужым, іншым. Магчыма, што і Чужаніцай, і Іншым. Ці так можна жыць? Ды так па-сутнасьці мы і жывем…
Ці можа быць больш яскравае сьведчаньне беспрытульнасьці беларускага лёсу, чым прызнаньне ў тым, што камусьці надакучыла беларуская мова? Прызнаецца ў гэтым у першай гісторыі — «Мы лёгкія, як папера» — не Альгерд Бахарэвіч (які, дарэчы, у іншай гісторыі выступае і ў ролі літаратурнага пэрсанажа пад уласным імем), а адзін з герояў, Алег Алегавіч, якому надакучылі і беларуская, і руская, а таму ён канструюе сваю ўласную мову — бальбуту. У гэтай новай мове спрабуюць «абжыцца» яшчэ тры іншыя асобы, але ўсё, канешне, канчаецца няшчасьцем. Ну, няма ў Бахарэвіча шчасьлівых разьвязак, прынамсі для беларускай долі…
Сэкс у «Сабаках Эўропы» — яшчэ адзін скразны матыў кнігі
Першая частка напісана вельмі ўдала, яна неадольна цягне чытача ў гэтую таўшчэзную таміну — большасьць чытацкіх завабаў і пастак аўтар расставіў ужо тут… А вось другая частка — «Гусі, людзі, лебедзі» — гэта абсалютны шэдэўр беларускай прозы. Чатырнаццацігадовы Маўчун хоча вырвацца са свае беспрытульнае футурыстычна-сярэднявечнае вёсачкі Белыя Росы-13 на ўскраіне вялізнай ўсходняй імпэрыі і вялізнага лесу, і адзіная магчымасьць зьдзейсьніць гэтую мару — пакарыстацца дапамогай сваёй улюбёнай гускі. А пакуль, як намякае аўтар, Маўчун карыстаецца сваёй гускай у іншы спосаб… (Ох, Бахарэвіч, і гэтыя ягоныя беларускія гускі і францускія догі… Мімалётам адзначым, што сэкс у «Сабаках Эўропы» — на выбар, каму заафілія, каму герантафілія, каму вагінальны, каму анальны, а каму ўсяго вуаерызм і аўтаэратызм — яшчэ адзін скразны матыў кнігі, але рубрыка Варта занадта цнатлівая, каб разглядаць гэты аспэкт татальнай літаратуры Бахарэвіча…) Потым у Маўчунову ваколіцу скідаюць парашутыстку Стэфку з Захаду, якая з хлопцам гаворыць па-тутэйшаму, а са сваімі цээрушнікамі перамаўляецца на бальбуце… І там закручваецца такая перастрэлка парашутысткі з кагэбістам-эфэсбэшнікам…
«Нэандартальскі лес» — трэцяя гісторыя пра беспрытульнасьць: беспрытульнасьць у страшным лесе, куды шаптуха Бянігна выносіць усялякія чалавечыя немачы і трасцы, і ў страшным горадзе М., куды яе выкрадаюць і вывозяць два гангстэры, перад тым, як перасяліць на сьмецьцявостраў у акіяне, на якім яшчэ адзін беспрытульнік спрабаваў пабудаваць сабе дом-айчыну пад назвай Крыўя… Тут — я гэта казаў рэдактару — варта яму было паставіцца больш жорстка і падкараціць пісьменьніцкі Lust zu fabulieren, таму што аповед адчувальна страчвае той імпэт, які ён ўзяў у дзьвюх папярэдніх гісторыях…
Не, я ня буду апісваць кожную частку асобна, зараз закончу. Хачу толькі яшчэ сказаць, што гісторыі «Трыццаць градусаў у цені» і «Капсула часу» (чацьвертая і пятая) — пісьменьніцкае майстэрства найвышэйшай пробы. Па-мойму, яны — найлепшае, што Альгерд Бахарэвіч напісаў да гэтага часу. Канешне, гэта таксама аповеды пра бяздомнасьць і бяздомнікаў.
Беларуская ідэнтычнасьць можа быць усяго толькі ілюзіяй
Шостая гісторыя ў кнізе называецца «Сьлед». Можна сказаць, гэта беларускі кібэр-панкавы раман, у якім гендэрна размыты сьледчы з прозьвішчам Тэрэзіюс Скіма спрабуе ўстанавіць адну беларускую ідэнтычнасьць і адзін беларускі адрас, але, як вы ўжо здагадваецеся, так і не ўстанаўляе да канца… Беларуская ідэнтычнасьць — як дае зразумець Альгерд Бахарэвіч — можа быць усяго толькі ілюзіяй, прыдумкай бяздомных і беспрытульных бадзяг-летуценьнікаў і моваканструктараў…
Кніга «Сабакі Эўропы» — беларуская літаратура для мужных чытачоў і чытачак адвольнага гендэру і грамадзянскага стану. Нарэшце і такія кнігі пачалі зьяўляцца ў беспрытульнай мове.