Апэратар польскага ўчастку нафтаправоду «Дружба», група кампаніяў PERN адзначыла пагаршэньне якасьці сырой нафты, што пастаўляецца з Расеі ў Польшчу празь Беларусь, піша Gazeta Wyborcza. Гэта пацьвердзіў і польскі паліўны канцэрн Orlen.
Польскае выданьне Energetyka24 перадае заяву Orlen адносна таго, што PERN адзначыла ў сырой нафце, што прыйшла зь беларускага боку, «падвышаныя канцэнтрацыі арганічных хлярыдаў», праінфармавала пра гэта польскія і нямецкія нафтаперапрацоўчыя заводы 23 красавіка. Пра гэта паведаміў шэраг расейскіх СМІ, у тым ліку ТАСС і РИА Новости.
Orlen у сваю чаргу заяўляе аб тым, што кампанія не прадае на сваіх запраўках бэнзін зь Беларусі, а дызэльнае паліва зь беларускага напрамку складае толькі малую частку з таго, што прадаецца ў Польшчы. Паліва на запраўках Orlen адпавядае ўсім стандартам якасьці, пераконвае кампанія.
Няякасная расейская нафта прывяла да выхаду са строю дарагога абсталяваньня на Мазырскім НПЗ, заявілі на прадпрыемстве 22 красавіка. «Белнафтахім» 23 красавіка заявіў, што няякасная нафта з Расеі пачала паступаць на тэрыторыю Эўразьвязу і Ўкраіны. У сувязі з гэтым Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў у суседнія краіны.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту