Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце зьбіраюць подпісы ў падтрымку беларускай мовы ў Расеі і Беларусі


Падручнік беларускай мовы для японцаў, ілюстрацыйнае фота
Падручнік беларускай мовы для японцаў, ілюстрацыйнае фота

На сайце Petitions.by ідзе збор подпісаў пад двума зваротамі аб абароне беларускай мовы — у Беларусі і ў суседняй Расеі.

Першы зварот, які накіруюць у Міністэрства адукацыі і Дзяржаўную аўтаінспэкцыю, тычыцца падтрымкі беларускай мовы ў Беларусі.

Аўтарка піша, што ў краіне «маюцца прыкметы сталага парушэньня правоў беларускамоўнага насельніцтва»: ёсьць перашкоды для беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях (ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсытэтаў), ад чыноўнікаў не патрабуюць валоданьня абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі, а кіраўнік дзяржавы публічна абураецца беларускамоўнымі шыльдамі.

На момант публікацыі амаль чатыры сотні карыстальнікаў падпісаліся пад патрабаваньнямі:

  • афармляць дарожныя знакі па-беларуску і вярнуць надпіс «Выконвай хуткасны рэжым», які не спадабаўся Аляксандру Лукашэнку;
  • забясьпечыць кожнаму магчымасьць вучыцца па-беларуску;
  • заахвочваць выхавальнікаў, настаўнікаў і выкладчыкаў вывучаць беларускую мову;
  • стварыць беларускамоўную дзяржаўную вышэйшую навучальную ўстанову і падтрымліваць падобныя прыватныя ініцыятывы.

Другая пэтыцыя тычыцца падтрымкі беларускай мовы ўжо ў Расеі, але накіруюць яе беларускаму міністру культуры Юрыю Бондару (які нядаўна выказваўся супраць падтрымкі беларускай мовы). Гэтая пэтыцыя — адказ на просьбу ягонага расейскага калегі бараніць расейскую мову ў Беларусі.

У Расеі, адзначаюць у пэтыцыі, жыве больш як паўмільёна беларусаў, а беларуская мова — аўтахтонная ў некалькіх абласьцях Расейскай Фэдэрацыі. Але калі ў 2002 годзе 317 тысячаў жыхароў Расеі казалі, што валодаюць беларускай, то цяпер так кажуць толькі 174 тысячы.

Каля трох соцень карыстальнікаў на момант публікацыі падпісаліся пад заклікам:

  • зьвярнуцца да міністраў культуры і адукацыі Расеі, прэзыдэнта і іншых прадстаўнікоў улады з прапановай аддаць асаблівую ўвагу абароне і падтрымцы беларускай мовы ў Расеі;
  • стварыць у Расеі фэдэральную мэтавую праграму вывучэньня і разьвіцьця беларускай мовы адпаведна закону «Аб мовах народаў Расейскай Фэдэрацыі»;
  • адкрыць у Расеі школы з выкладаньнем на беларускай мове, павялічыць колькасьць ВНУ з выкладаньнем беларускай мовы, заснаваць беларускамоўныя СМІ;
  • у рэгіёнах Расеі, дзе кампактна пражываюць этнічныя беларусы, афармляць шыльды і дарожныя знакі па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG