У менскіх кінатэатрах Silver Screen перад сэансамі паказваюць трэйлер новага расейскага прапагандысцкага фільму «Данбас. Ускраіна» з запрашэньнем на прэм’еру 12 чэрвеня. Аднак і сетка Silver Screen, і «Кінавідэапракат» заяўляюць, што гэты фільм у Беларусі дэманстравацца ня будзе.
Ёсьць абвестка пра «ваенную драму» і на сайце afisha.tut.by, праўда, дата прэм’еры не пазначаная.
Пра што кіно «Данбас. Ускраіна»
«Прыйшоў я ўчора ў кіно. Перад паказам: першая рэкляма перад фільмам — па-беларуску, другая рэкляма — па-беларуску, трэцяя — па-беларуску! Але далей паказалі трэйлер расейскага прапагандысцкага фільму „Данбас. Ускраіна“, з шаўронам „Наваросіі“ ў кадры і дыялёгамі пра „нацыкаў“, „ватнікаў“ і „каларадаў“. І запрашэньне на прэм’еру 12 чэрвеня, жах!» — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку прадпрымальнік Павал Белавус.
Вядомы расейскі кінакрытык Кацярына Барабаш апублікавала рэцэнзію на фільм расейскага рэжысэра Рэната Даўляцьярава.
«Першы ж тытр, які зьявіўся на экране яшчэ да пачатку фільму і „які тлумачыць“ гледачу, што на самой справе адбываецца ва Ўкраіне, расстаўляе ўсе кропкі над „i“ і абвяргае ўсе спробы Даўляцьярава адхрысьціцца ад палітыкі. Тытр распавядае, што ва Ўкраіне адбыўся дзяржаўны пераварот, што ўсход краіны не пагадзіўся з такім станам рэчаў, а ўкраінская армія тут жа пачала за гэта бамбіць увесь усход і забіваць мірных жыхароў», — піша Барабаш.
Silver Screen: «Расейскі дыстрыбутар прысылае фільмы з трэйлерамі, выразаць іх мы ня можам»
У сетцы кінатэатраў Silver Screen Свабоду запэўнілі, што фільм «Данбас. Ускраіна» ў Менску дэманстравацца ня будзе.
Прадстаўніца Silver Screen патлумачыла, што дыстрыбутар, расейская кампанія «Цэнтрал Партнэршып», прысылае фільмы з трэйлерамі.
«Паводле дамовы з дыстрыбутарам блёк трэйлераў — гэта частка самога фільму, і выразаць яго мы ня можам, ня маем права. Аднак сам фільм у нашых кінатэатрах дэманстравацца ня будзе. Гэта дакладна», — запэўніла прадстаўніца сеткі Silver Screen.
«Кінавідэапракат»: «Пра фільм „Данбас“ прафэсійнай размовы нават не магло ісьці!»
Начальніца аддзелу рэпэртуарнага плянаваньня «Кінавідэапракату» Вольга Багаварава таксама сказала Свабодзе, што гэты фільм у Беларусі паказваць ня будуць.
«Дыстрыбутары нам яго і не прапаноўвалі. У нас новы тыдзень пачынаецца 13 чэрвеня, з чацьвярга. У гэты дзень мы пачынаем паказ фільму „Людзі ў чорным. Інтэрнэшнл“.
Паколькі ў нас у асноўным усе кінатэатры адназальныя, мы вымушаныя выбіраць годныя, цікавыя стужкі.
У мінулую пятніцу было паседжаньне рэпэртуарнай камісіі. У нас дастаткова цікавых касавых фільмаў выйдзе ў чэрвені. Пра „Данбас“ прафэсійнай размовы нават і не магло ісьці. Мы дакладна гэты фільм не пакажам», — кажа Вольга Багаварава.
Яна дадала, што сапраўды ёсьць такое паняцьце «ўшыты ролік». І заўважыла, што хоць праблема складаная, але вырашальная.
«Многія расейскія кампаніі „прышываюць“ ролікі, зь якімі мы потым пакутуем. Мы таксама ня раз з гэтым сутыкаліся, так званы „ўшыты ролік“ тэхнічна складана прыбраць, бо праваўладальнікі патрабуюць захоўваць цэласнасьць твору. Аднак мы апэратыўна праглядаем усе гэтыя ролікі і неяк вырашаем праблему. Я не магу казаць пра канкрэтную сытуацыю з Silver Screen, бо ня ведаю, што ў іх дакладна ў дамове прапісана. Гэта праблема складаная, але вырашальная», — патлумачыла начальніца аддзелу рэпэртуарнага плянаваньня «Кінавідэапракату» Вольга Багаварава.