Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі — прэзыдэнт Украіны. Што далей?


Уладзімір Зяленскі — новы прэзыдэнт Украіны. Паводле вынікаў экзыт-полаў, ён перамог трыюмфальна — 73% за Зяленскага, 25% — за Парашэнку. Ніколі за ўсю гісторыю незалежнай Украіны пераможца выбараў не набіраў столькі.

Сьцісла

  • Зяленскі перамог ва ўсіх без выключэньня рэгіёнах краіны. Гэта выбар усёй нацыі, а ня толькі пэўнага рэгіёну ці ўзроставай групы
  • Такі аглушальны вынік выбараў — вынік расчараваньня ў традыцыйных палітычных элітах
  • Прэзыдэнту Зяленскаму небясьпечныя толькі свае «жоўтыя камізэлькі», а ня тыя, хто яму прайграў
  • Перамога Зяленскага — напамін многім палітыкам і інтэлектуалам, што народ мае значэньне, а ня толькі яны і іх улюбёныя вераваньні
  • Зяленскі наўрад ці вырашыць канфлікт з Расеяй, але ён можа спыніць уласна вайну
  • Зяленскі паказвае старым постсавецкі элітам, у тым ліку і Лукашэнку, і Пуціну будучыню, у якой іх ужо ня будзе

Толькі ў 1991-м Леанід Краўчук атрымаў 62% галасоў. Прычым, пераважна на Ўсходзе і ў цэнтры.

Зяленскі перамог ва ўсіх без выключэньня рэгіёнах краіны. Гэта выбар усёй нацыі, а ня толькі пэўнага рэгіёну ці ўзроставай групы. Яго перамога, прычым на цалкам свабодных выбарах, падобная на трыюмфы Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе і Міхэіла Саакашвілі ў 2004 годзе.

Як сказаў Зяленскі падчас дэбатаў Парашэнку, «Я — вынік вашых памылак». І сапраўды, такі аглушальны вынік выбараў — вынік расчараваньня ў традыцыйных палітычных элітах, рэакцыя няспраўджаных чаканьняў грамадзтва, якія спарадзіла «рэвалюцыя годнасьці».

Прэзыдэнт ва Ўкраіне — далёка не ўсяўладны. Але падаецца, што перамога з такім лікам паўплывае на настроі фракцыяў у Вярхоўнай Радзе. Зяленскі да выбараў не выключаў магчымасьці датэрміновага роспуску Рады.

Але гэта няпроста. Хутчэй за ўсё многія перабягуць на ягоны бок, але і апанэнты будуць пад уражаньнем аглушальнай перамогі.

Як у свой час дэмакратычны Кангрэс ЗША галасаваў за прапановы іншага прэзыдэнта-актора — Рональда Рэйгана. Бо лідэрам усіх фракцыяў — Парашэнку, Цімашэнцы, Ляшку — народ вынес сьвежы вэрдыкт. Зяленскі выйграў, а яны прайгралі. А гэта прымушае да пэўнай сьціпласьці і гатовасьці супрацоўнічаць.

Лідэрам такога тыпу небясьпеку нясуць звышновыя сілы. Прэзыдэнцтву Эманюэля Макрона нанесьлі ўдар не разгромленыя ім апанэнты, а «жоўтыя камізэлькі». Прэзыдэнту Зяленскаму небясьпечныя толькі свае «жоўтыя камізэлькі», а ня тыя, хто яму прайграў.

Магчымасьцяў заняць больш гнуткую пазыцыю адносна Расеі, Крыму і Данбасу Зяленскі мае няшмат. Расея напярэдадні дня галасаваньня нанесла моцны ўдар па эканоміцы Ўкраіны, увёўшы эмбарга на пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў. З улікам цалкам чаканых вынікаў другога туру гэта выглядае як дэманстрацыя, што для Крамля няважна, хто кіруе ў Кіеве, ён дамагаецца саступак, у ідэале — капітуляцыі.

Але варыянты кампрамісу існуюць. З заяваў падчас кампаніі Зяленскага вынікае, што яго задача-мінімум у пытаньні Данбасу — зрабіць, каб не стралялі. Расея ўтрымлівае і Крым, але па Херсонскай вобласьці не страляюць. Канфлікт там ёсьць, вайны няма. Ня выключана, што Зяленскі зможа дамовіцца, каб не стралялі і ў Данбасе. Калі праз год Зяленскі скажа — ніводзін украінец ня быў забіты на Данбасе за маё прэзыдэнцтва, гэта ніяк ня вырашыць канфлікт, але гэта скончыць менавіта вайну.

Тэставым будзе лёс украінскіх маракоў, узятых у палон падчас інцыдэнту ў Керчанскай затоцы. Іх вызваленьне як дэманстратыўны жэст добрай волі было б знакам таго, што Масква гатовая дасягаць з новым украінскіх лідэрам менавіта кампрамісаў, а не капітуляцыі.

Шлях Украіны ў Эўропу застанецца нязьменным. Але будуць скарэктаваныя яго тэмп і форма. Можна спадзявацца, што маларэальныя дэклярацыі аб хуткім уступленьні ў ЭЗ зьменяцца рэальнымі зьменамі, асабліва ў сфэры справядлівага правасудзьдзя на эўрапейскі ўзор і прынамсі зьмяншэньнем маштабаў чынавенскага крадзяжу.

Перамога Зяленскага — урок для многіх палітыкаў і інтэлектуалаў, напамін, што народ мае значэньне. А ня толькі яны і іх улюбёныя вераваньні.

Украінцы схільны расчароўвацца ў сваіх кумірах, гэтыя расчараваньні — здаецца, няўмольныя цыклі ўсёй найноўшай гісторыі краіны. Але лічбы маюць значэньне. Зрынуць праз пару гадоў праз Майдан прэзыдэнта, якога абралі 70% выбаршчыкаў — сцэнар малаімаверны.

Януковіч, дарэчы, у 2010 годзе ў другім туры набраў 49%, Цімашэнка тады атрымала 45%. Зяленскі цяпер мае вельмі важкі і устойлівы мандат, ад Майданаў у тым ліку.

Дроваў ён можа наламаць шмат. Але мяркую, што мела рацыю Сьвятлана Алексіевіч — ён, яго абраньне, паказвае старым постсавецкі элітам, у тым ліку і Лукашэнку, і Пуціну будучыню, у якой іх ужо ня будзе.

З чым украінскі народ можна толькі павіншаваць. Перамены заўсёды ўтрымліваюць рызыку. Але бязь іх не бывае руху наперад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG