Герой «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Юры Чавусаў. Ён спрабуе спрагназаваць, пра што скажа, а пра што ня скажа кіраўнік дзяржавы ў сваім штогадовым пасланьні 19 красавіка, і заяўляе, што Лукашэнка ўжо ня першы раз ідзе на прэзыдэнцкія выбары фактычна без праграмы.
Сьцісла
- Лукашэнка ў пасланьні будзе выступаць як кандыдат у прэзыдэнты
- Лукашэнка ўжо ня першы раз ідзе на выбары фактычна без праграмы
- Дамінаваньне расейскіх мэдыяў — ня тая пагроза, якую кіраўнік Беларусі можа агучыць з трыбуны
- Навошта Лукашэнку абяцаць нейкія перамены, калі яму пасьля гэтыя абяцаньні выконваць?
Лукашэнка хутчэй будзе прамаўляць як чалавек, які ідзе на свой чарговы прэзыдэнцкі тэрмін
— У пятніцу, 19 красавіка Аляксандар Лукашэнка выступае з штогадовым пасланьнем да народу і парлямэнту. Якія тэмы цяпер галоўныя для краіны, якія праблемы, на вашу думку, павінны былі б прагучаць у гэтым выступе кіраўніка дзяржавы?
— Вельмі няўдзячная справа — прагназаваць прамову кіраўніка дзяржавы. Я думаю, нават ягоныя сьпічрайтэры не заўсёды ведаюць, што ён скажа, бо ёсьць такі жанр «агаворак» Аляксандра Рыгоравіча, — і, як падаецца, некаторыя з гэтых «прагаворак» сыстэмныя, зрэжысаваныя. Тут ёсьць і адценьне пэўнага фальстарту, бо паўтара месяца таму адбылася «вялікая размова», і пэўная частка балючых для грамадзтва пытаньняў была там агучаная.Таму мне падаецца, што ў гэтым жанры пасланьня Лукашэнка хутчэй будзе прамаўляць як чалавек, які ідзе на свой чарговы прэзыдэнцкі тэрмін. Гэта будзе асноўная канва і асноўны сэнсавы пасыл пасланьня. І ўсе астатнія тэмы і праблемы ўнутранай і замежнай палітыкі будуць разглядацца праз кантэкст перадвыбарчай кампаніі.
— З гэтага гледзішча можна прагназаваць, на што Лукашэнка будзе рабіць націск у пасланьні — «стабільнасьць», зварот не да посьпехаў апошніх гадоў (якіх няма), а да посьпехаў апошніх 25 гадоў. Можна меркаваць, што ў такім рэчышчы і будзе вытрыманае пасланьне?
— Так, я ня схільны лічыць, што пытаньні канстытуцыйнай ці палітычнай рэформы, рэфэрэндуму будуць акцэнтаваныя. Хутчэй, можна чакаць звароту да праблемаў эканомікі, Лукашэнка будзе акцэнтаваць увагу на посьпехах, дасягнутых за мінулы прэзыдэнцкі тэрмін, хваліцца выхадам з эканамічнага крызісу.
Нездарма апошнім часам адбыўся шэраг знакавых разносаў чыноўнікаў — у рэгіёнах, у сельскай гаспадарцы, візыт у Парк высокіх тэхналёгіяў. Я думаю, у пасланьні будуць звароты да сваіх мэтавых групаў, да таго, на каго ён абапіраецца.
Дамінаваньне расейскіх мэдыяў — ня тая пагроза, якую Лукашэнка можа агучыць з трыбуны
— У палітычна актыўным грамадзтве шырока абмяркоўваецца тэма пагрозы беларускай незалежнасьці, інфармацыйнай атакі расейскіх структураў. Ці выгадна Лукашэнку закранаць гэтую тэму, ці тут ён абмяжуецца нейкімі агульнымі словамі і не рызыкне такі даволі канфліктны аспэкт закранаць?
— Безумоўна, абмінуць гэтую тэму не атрымаецца. Бо так ці іначай гэта асноўнае пытаньне беларускай палітыкі. І ўльтыматумы Масквы пра напаўненьне рэальным сэнсам канстытуцыйных актаў Саюзнай дзяржавы чакаюць свайго адказу, і падчас «Вялікай размовы» адказу не было дадзена. Мабыць, з той прычыны, што зручнага варыянту адказу Лукашэнка ў межах сваёй палітычнай пазыцыі даць ня можа.
Таму я мяркую, што расейскія «ветлівыя прапановы» будуць Лукашэнкам агучаныя. Але рэзкай адмовы ці дэзавуаваньня самога інстытуту «Саюзнай дзяржавы» ад Лукашэнкі мы не дачакаемся.
Што да пытаньняў інфармацыйнай бясьпекі, то гэта, безумоўна, будзе. Ужо ня першы год гэтая тэма складае адзін з кампанэнтаў звароту да парлямэнту. Закручваньне гаек ужо ідзе, мы бачым, што найбольш гучныя выпадкі рэпрэсіяў зьвязаныя зь перасьледам мэдыяў, журналістаў, блогераў. Я думаю, гэтая лінія будзе працягвацца і будзе бласлаўляцца з вышэйшых трыбунаў. Нездарма нядаўна была зацьверджаная Канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі.
Зь іншага боку, Лукашэнка ня здолее наўпрост казаць пра тыя сапраўдныя інфармацыйныя пагрозы, супраць якіх, уласна кажучы, гэтая канцэпцыя і прымалася — дамінаваньня расейскіх мэдыяў. Але гэта ня тая пагроза, якую ён можа з трыбун агучыць.
— Сам Лукашэнка апошнім часам узгадваў пра тыя зьмены, якія рыхтуюцца ў Канстытуцыю Беларусі. Наўрад ці перадвыбарчы год — найлепшы час, калі можна абвяшчаць пра істотную зьмену Канстытуцыі. Таму наўрад ці Лукашэнка будзе даваць канкрэтныя тэрміны і ўмовы канстытуцыйнай рэформы?
— Я таксама схільны лічыць, што ён ня будзе называць канкрэтных тэрмінаў і ўмоваў. У лепшым выпадку будзе сказана — «вось, маўляў, мудрацы з Канстытуцыйнага Суду штосьці напісалі, але гэта павінна ісьці ад жыцьця. Мы павінны сасьпець, грамадзтва павінна сасьпець». То бок ніякай канкрэтыкі ня будзе.
Праект зьменаў, калі ён і ёсьць у нейкай завершанай форме, — пакуль так праектам і застанецца. Нешта такое распрацоўваецца, але гэта распрацоўваецца на выпадак сыходу Лукашэнкі. Умоўна кажучы, нешта такое, што адбылося ў Казахстане.
Дарэчы, вельмі цікава, як будуць падчас прамовы пракамэнтаваныя замежныя падзеі. Памятаем, год таму былі зьмены ў Армэніі, і Лукашэнка вельмі эмацыйна пра іх выказваўся. Цяпер ёсьць Казахстан і Вэнэсуэла. Будзе вельмі цікава, ці выкажацца пра іх Лукашэнка.
Але пра канстытуцыйныя рэформы — справа тут доўгая, і ня ў гэтым пасланьні мы даведаемся пра вынікі распрацоўкі канстытуцыйных зьменаў.
Навошта Лукашэнку абяцаць перамены, калі яму пасьля гэтыя абяцаньні выконваць?
— Слова «рэформы» ў любым аспэкце нясе нэгатыўнае адценьне для Аляксандра Лукашэнкі. Але чаму б яму, улічваючы настроі грамадзтва, якое відавочна жадае пераменаў, не паабяцаць нейкія прыгожыя далягляды для Беларусі, не паабяцаць нейкія высокія мэты?
— А навошта Лукашэнку абяцаць перамены, калі яму пасьля гэтыя абяцаньні выконваць? Ужо ня першую кампанію Лукашэнка ідзе на выбары фактычна без праграмы. У яго ўжо былі выпадкі, калі, напрыклад, у 2001 годзе яму напісалі ў праграме пра ўвядзеньне пасады амбудсмэна, упаўнаважанага па правах чалавека. Натуральна, Лукашэнка гэтага не зьбіраўся рабіць. Дык навошта яму абяцаць тое, чаго ён ня будзе выконваць? Ён будзе выконваць тое, што будзе дыктаваць канкрэтная сытуацыя.
Зь іншага боку, нейкі флёр рэформаў, размовы пра рэформы без аніякай канкрэтыкі — гэта тое, што Лукашэнка любіць. Канстытуцыйная рэформа, рэформа палітычная (яшчэ 10 гадоў таму яе даручалася распрацаваць), антыкарупцыйная рэформа.
Хутчэй я б чакаў ад пасланьня яснасьці, якая выбарчая кампанія нас спачатку чакае. Дзеяньні самога Лукашэнкі сьведчаць, што рыхтуемся мы ўсё ж да прэзыдэнцкай кампаніі. Але наўрад ці гэта будзе зроблена ў нейкай канкрэтнай форме.