Экс-старшыня АГП выклікаў Лукашэнку адказаць на пытаньні беларусаў у жывым эфіры. Лукашэнка не адказаў, але Лябедзька ўсё роўна задаволены: беларусы пачалі публічна агучваць свае пытаньні ўладам.
Апоўдні 17 красавіка былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька запрасіў Аляксандра Лукашэнку адказаць у жывым эфіры на 25 пытаньняў, якія выберуць з прапанаваных простымі людзьмі, у сувязі з 25-годзьдзем прэзыдэнцтва Лукашэнкі.
Лябедзька даў Лукашэнку 24 гадзіны на адказ — і па сканчэньні іх апошні не адрэагаваў. Але Лябедзька тлумачыў Свабодзе, што ня надта спадзяваўся, што выклік у жывы эфір прыме чалавек, які 25 гадоў «працуе ў рэжыме маналёгу, у атачэньні толькі чыноўнікаў і прапагандыстаў».
Лукашэнка не адказаў, а Лябедзька ўсё роўна задаволены
Сэнс відэа быў у тым, казаў Лябедзька яшчэ ўчора, каб «варушыць сытуацыю, узбуджаць людзей, павышаць грамадзянскую актыўнасьць» перад парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі. Маўляў, калі пытаньні ўладзе гучаць толькі «на кухні», то гэта «слабая пазыцыя» – трэба агучваць пытаньні публічна.
Пасьля сканчэньня «дэдлайну» Лябедзька апублікаваў відэа, у якім расказаў, што людзі адрэагавалі на заклік агучваць пытаньні. На сярэдзіну дня 18 красавіка налічылі «больш за 5 тысячаў камэнтароў і пытаньняў, больш за 200 тысячаў праглядаў відэа».
На відэа ён зрабіў прамую адсылку да закліку на дэбаты ўкраінскага кандыдата Ўладзімера Зяленскага: маўляў, чакае, што Лукашэнка адкажа як Парашэнка, «стадыён дык стадыён».
Лябедзька расказаў Свабодзе, што агулам «мільён чалавек ведае» пра заклік да Лукашэнкі — гэта, кажа ён, «пераўзыходзіць чаканьні».
«Ком ідзе», — сьцьвярджае Лябедзька, згадваючы камэнтары і пасты ў сацсетках з пытаньнямі да Лукашэнкі. Ён мяркуе, што гэты заклік — «добрая ініцыятыва, каб паказаць, колькі людзей хочуць пераменаў» і каб «паказаць уладзе, што яна ў меншасьці».
Ён дадае, што гэта толькі пачатак кампаніі: пытаньні да Лукашэнкі можна зьбіраць і ў траўні, і ў ліпені, пасьля вызначаць мэханізм, паводле якога будуць адбірацца галоўныя.
Што пыталі
Некаторыя беларусы ўспрынялі заклік Лябедзькі сур’ёзна. У сацсетках пыталі, напрыклад:
- Дзе «дошка БНР», якую больш за год таму нефармальна дазволілі павесіць на доме ў Менску, у якім 101 год таму абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі?
- Калі ўлада стане дэцэнтралізаванай, а не сканцэнтраванай у руках «незамяняльнага» чалавека?
- Калі спыніцца рост цэнаў і наступіць стабільнасьць?
- Калі будуць сапраўдныя рэформы сыстэмы адукацыі і калі выпускнікі будуць працаваць па спэцыяльнасьці?
- Чаму ў Беларусі падтрымліваецца ленінская ідэалёгія?
- Чаму дзяржава зьняважліва ставіцца да нацыянальнай сымболікі — бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні»?
- Што зь Юрыем Захаранкам ды іншымі зьніклымі ў 1999–2000 гадах апанэнтамі Лукашэнкі?
- Калі свабода слова зьявіцца ня толькі ў Канстытуцыі, а і ў жыцьці?
- Чаму з дачнікаў патрабуюць кампэнсацыі ў тысячы рублёў за камунікацыі, пракладзеныя яшчэ ў савецкія часы?
- Дзе бесьпілётнікі, якія «зьляцелі» ад журналістаў і блогераў падчас «Сьвята незалежнасьці» ў 2018 годзе?
Некаторыя ж пыталі несур’ёзныя рэчы і такія, за якія адказвае ня сам Лукашэнка:
- Як схуднець да лета?
- Чым Лукашэнка зьбіраецца займацца на пэнсіі?
- Калі выйдзе відэагульня Half-Life 3 і другі сэзон сэрыялу «Сьветлячок»?