Самы вядомы ўкраінец у беларускім хакеі Аляксандар Мацярухін у інтэрвію Свабодзе расказаў пра сваё стаўленьне да выбараў прэзыдэнта Ўкраіны і вайны на Данбасе, а таксама паразважаў аб праблемах спорту ў суседніх краінах.
Пра выбары і «авантуру» Зяленскага
Па завяршэньні хакейнага сэзону карэспандэнт Свабоды застаў Аляксандра Мацярухіна ў Магілёве. Адсюль родам яго жонка Вольга, тут ходзіць у школу 12-гадовы сын Мацьвей — як і бацька, ён таксама займаецца хакеем.
Ня так даўно найлепшы хакеіст Украіны 2011 году атрымаў беларускі пашпарт, а летась дэбютаваў за зборную Беларусі на чэмпіянаце сьвету — ня вельмі ўдала, бо па выніках першынства каманда страціла месца ў хакейнай эліце. На сёлетні турнір у дывізіёне 1А трэнэрскі штаб пакуль яго не выклікаў.
— На нейкі час застанемся ў Магілёве, бо сыну трэба дахадзіць у школу, — падзяліўся плянамі Аляксандар. — Пасьля паедзем у Кіеў, там крыху пажывём. Думаю, пасьпеем яшчэ зьлётаць куды-небудзь адпачыць. Карацей, бліжэйшыя пару месяцаў будуць у суцэльных разьездах. Зрэшты, для спартоўца такі графік звыклы, на адным месцы рэдка ўдаецца затрымацца надоўга.
— Вы даволі даўно выступаеце і жывяце ў Беларусі, але наўрад ці аддаліліся ад сваёй Радзімы. Днямі ва Ўкраіне пройдуць выбары. Якія вашы сымпатыі?
— Каб апантана падтрымліваў кагосьці з кандыдатаў, то не. Цяпер галоўнае — не зрабіць горш, чым было раней. Калі кожны зь іх бярэцца такое гарантаваць, для мяне прозьвішча прэзыдэнта будзе не прынцыповым. Не скажу, што вельмі ўважліва сачыў за ўсёй кампаніяй, але ясна, што Зяленскі ў фінале сэнсацыяй ня стаў, усё да гэтага ішло. Прынамсі, не было адчуваньня, што як сьнег на галаву. Яшчэ калі паўгода таму ён заявіў пра свае амбіцыі, стала цікава, чым тая авантура скончыцца. Ну вось 21-га і паглядзім.
— Некаторыя экспэрты прадракаюць: безь Пятра Парашэнкі Ўкраіна моцна рызыкуе. Ваша стаўленьне?
— Зразумела, у кожнага свае фаварыты. Але ўсім хочацца аднаго: каб спынілася вайна, каб вырашыліся сацыяльныя праблемы, каб людзі зажылі лепш. Вось што галоўнае. Які прэзыдэнт гэта зробіць — Парашэнка ці Зяленскі — асабіста для мяне ня так важна. Ужо пяць гадоў Украіну скаланаюць сур’ёзныя ўзрушэньні, даўно пара нешта вырашаць. Ну дык рабіце! Простыя людзі мала чым здольныя рэальна дапамагчы. Таму паўтаруся: хто возьмецца, таму і карты ў рукі... Думаю, увесь сьвет будзе сачыць за выбарамі, бо гэта тычыцца ня толькі ўкраінцаў. А беларусам сам Бог наканаваў, бліжэйшых людзей не знайсьці.
— Фактычна вашу кар’еру ў хакейным клюбе «Данбас» перарвала вайна. Гэта пра тое, што нават калі палітыкай не цікавісься, яна прыходзіць сама.
— Так, я тады падпісаў кантракт на два гады, але неўзабаве пачаўся канфлікт, дамову скасавалі. У траўні 2014-га арэну наогул разрабавалі і падпалілі... У мяне не заставалася асаблівага выбару, як вярнуцца ў Беларусь — хоць, па вялікім рахунку, толкам не пасьпеў і зьехаць. Так што давялося і праз гэта прайсьці: былі значныя пляны на будучыню, але атрымалася зусім інакш.
— У вас засталіся ва Ўкраіне сваякі, сябры? І кім сябе сёньня ўсьведамляеце ў большай ступені?
— У Кіеве бацькі, родныя, пастаянна туды прыяжджаю. І на Данбасе шмат сяброў засталося... Так выйшла, што цяпер жыву на два дамы — Беларусь і Ўкраіну, ужо складана сказаць, дзе мяне больш. Так, сям’я, праца вымагае прысутнасьці ў Магілёве, Менску, але Ўкраіна з майго жыцьця ня выпала. Дарэчы, мне і раней прапаноўвалі зьмяніць грамадзянства, але я да апошняга спадзяваўся, што на радзіме нешта зьменіцца і ў палітыцы, і ў хакеі. Але ў Данецку, Луганску ўсё па-ранейшаму. Шчыра скажу: рашэньне далося нялёгка, у душы я кіяўлянін, украінец. А Беларусь — мой другі дом, мая сям’я.
Пра спорт ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі
— Канфлікт ва Ўкраіне паўплываў на ўсе сфэры жыцьця, у тым ліку на спорт. І калі футбол яшчэ трымаецца, хакей у заняпадзе: клюбная сыстэма слабая, зборная вандруе паміж глыбокімі дывізіёнамі.
— На жаль, так. Яшчэ да канфлікту падавалася, што справа наладжваецца, пакрысе, маленькімі крокамі хакей аднаўляецца, вяртаецца цікавасьць заўзятараў. Але наступныя падзеі справакавалі, што ўсё зноў пачало згасаць. І калі ў Беларусі хакей — гэта дзяржаўная справа, ім апякуецца сам прэзыдэнт, то ва Ўкраіне цалкам прыватная ініцыятыва. Зразумела, ва ўмовах адсутнасьці мэтавага фінансаваньня казаць пра нейкія посьпехі наўрад ці выпадае. Нават прынялі норму, што клюбы Ўкраінскай лігі ня маюць права мець гульцоў, старэйшых за 25 гадоў, каб падтрымліваць прыблізна адзін узровень. Хоць асабіста я супраць любых лімітаў.
— У Беларусі пры бюджэтнай падтрымцы хакей таксама перажывае крызіс: нацыянальная каманда разьвіталася з элітай, менскае «Дынама» ў КХЛ сярод аўтсайдэраў, унутраны чэмпіянат неканкурэнтаздольны, як толькі даходзіць да эўракубкаў.
— А гэта якраз тое, пра што я сказаў — ліміты ні да чога добрага не прыводзяць. Такую думку выказвалі і хакеісты, і адмыслоўцы, да таго ўсё якраз і ідзе. Сваіх кадраў бракуе, клясныя гульцы з-за мяжы ня едуць. Раней многія скіроўвалі сюды позіркі, бо і чэмпіянат быў прыстойнага ўзроўню, і грошай можна было зарабіць. Пасьля рэарганізацый усё памянялася ня ў лепшы бок. Цяпер едуць у Польшчу, Вугоршчыну, нават Румынію, дзе прыбыткі значна вышэйшыя. Функцыянэрам здаецца, што гэта дробязь — ліміты на гульцоў, на ўзрост, на заробкі. Не. І тое месца, дзе сёньня знаходзіцца беларускі хакей, — вынік усіх папярэдніх працэсаў.
— Апошні сэзон вы правялі ў Расеі. Ня ведаю, ці карэктныя паралелі з футболам, але калі ў піцерскі «Зенит» з данецкага «Шахтара» зьехаў Яраслаў Ракіцкі, рэакцыя на радзіме была нэгатыўная, гэта каштавала яму месца ў нацыянальнай зборнай.
— Тут усё ж крыху розныя гісторыі. Па-першае, я фармальна ад’ехаў зь Беларусі, таму мяне ў Расеі ўспрымаюць больш як беларуса, чым украінца. Па-другое, футбол ва Ўкраіне нашмат больш папулярны, чым хакей, таму і жарсьці кіпяць адпаведныя. Асабіста ў мяне ніякіх праблемаў на гэтай глебе не ўзьнікала. Наадварот, многія ў камандзе цікавіліся: маўляў, у свой час гулялі з хлопцамі з Украіны, дзе яны, як уладкаваліся? У гэтым сэнсе адносіны добрыя, ніхто на палітыцы не зацыкліваўся. Зразумела, што розныя ёсьць людзі, але ў Ханты-Мансійску пытаньняў не ўзьнікала.
— Якому хакею зьбіраецеся дапамагаць у новым сэзоне — беларускаму, украінскаму, расейскаму? І ці ёсьць такое жаданьне з улікам узросту — усё ж сёлета споўніцца 38...
— Пакуль у плянах крыху адпачыць, дачакацца, чым завершацца чэмпіянаты сьвету ў групе В, у якой цяпер Беларусь, і ў вышэйшым дывізіёне. Далей ужо будзем глядзець. Прапановы ёсьць, у тым ліку вярнуцца назад у Расею. Паглядзім. Прынамсі, пакуль усё паставіў на паўзу, хачу месяц-другі адпачыць, пасьля чаго буду вызначацца. Балазе, варыянты, сілы і магчымасьці ёсьць, недзе буду. Галоўнае, жаданьне выступаць яшчэ маю, таму ў гэтым сэнсе асабліва не перажываю.
— Калі закранулі тэму адпачынку, — мяркую, у свой час адным з адрасоў быў Крым. Што цяпер?
— Натуральна, у Крыме мы адпачывалі яшчэ да ўсіх вядомых падзеяў, цяпер ужо не. Наведваем зь сям’ёй розныя краіны, дзе яшчэ не былі, двойчы ў адно месца стараемся ня езьдзіць. Хочацца паглядзець новыя мясьціны, пазнаёміцца з побытам у іншых кутках сьвету...
Аляксандар Мацярухін. Тытулы і біяграфія
- Чэмпіён Беларусі (2009, 2010, 2011)
- Уладальнік Кубка Беларусі (2009, 2010)
- Пераможца Кантынэнтальнага кубка (2011)
- Найлепшы хакеіст Украіны (2011)
- Чэмпіён Украіны (2012)
- Фіналіст Кубка Надзеі (2014)
Аляксандар Мацярухін нарадзіўся 17 кастрычніка 1981 году ў Кіеве. Хакеем пачаў займацца з 6-гадовага ўзросту, першыя крокі рабіў у складзе каманды «Сокал». Ад канца 1990-х і да сярэдзіны 2000-х гуляў у студэнцкіх і аматарскіх лігах Паўночнай Амэрыкі (у Канадзе і ЗША).
Пасьля перабраўся ў Беларусь, у розныя гады абараняў колеры магілёўскага «Хімвалакна», менскага «Юнацтва», гарадзенскага «Нёмана», салігорскага «Шахцёра», маладэчанскага «Дынама». Цягам 2006–2011 гадоў выклікаўся ў зборную Ўкраіны, удзельнік чэмпіянатаў сьвету.
У статусе найлепшага хакеіста Ўкраіны 2011 году быў залічаны ў склад хакейнага клюбу «Данбас», які на наступны год заявіўся ў Кантынэнтальную хакейную лігу. Аднак пасьля двух сэзонаў каманда вымушаная была зьняцца — разгараўся збройны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны.
Пасьля гэтага Мацярухін правёў пяць пасьпяховых сэзонаў за менскае «Дынама». Летась падпісаў аднагадовы кантракт з расейскай «Югрой» (Ханты-Мансійск), якая выступае ў Вышэйшай хакейнай лізе. Сёлета кантракт скончыўся.