Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта «СБ. Беларусь сегодня» выходзіць удвая меншым накладам за абвешчаны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Не 400 тысяч экзэмпляраў, а 180–215 тысяч. Гэта прызнаў прадстаўнік «СБ».

Дзяржаўнае выданьне «СБ. Беларусь сегодня», яшчэ нядаўна вядомае як «Советская Белоруссия», прызнала «Нашай ніве», што выдае ўдвая менш асобнікаў газэты, чым абвяшчае.

Намесьнік рэдактара газэты адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіл Лябедзік заявіў: на 1 студзеня наклад пятнічнага выпуску складаў 215 тысячаў асобнікаў, аўторкавага — 180 тысячаў, суботняга — 190 тысячаў.

У выходных зьвестках «СБ» пазначаныя наклады ў больш як 400 тысячаў асобнікаў. Зь нядаўняга часу да гэтага дадалася фармулёўка, якая і навяла «Нашу ніву» на пытаньне: тыя 400 тысячаў гэта агульны наклад выданьняў «СБ. Беларусь сегодня» і «Союз. Беларусь — Россия».

Другое — выданьне Савету міністраў так званай «Саюзнай дзяржавы», яно раз на тыдзень укладваецца ў «СБ» і ўрадавую «Российскую газету», выдаецца накладам у 130 тысячаў у Расеі і 187 тысячаў у Беларусі. То бок укладышаў у «СБ» выходзіла значна менш за абвешчаны наклад «СБ» — Лябедзік пацьвердзіў, што 400 тысячаў гэта агульны наклад «СБ» і «Союз», а не аднаго з выданьняў.

Сама «Наша ніва» больш не выдае папяровую газэту, але працягвае публікаваць навіны на сайце (некаторыя платныя), а таксама выдае папяровы часопіс «Наша гісторыя». Апошні наклад папяровай газэты складаў 3 тысячы асобнікаў.

«СБ» уваходзіць у лік дзяржаўных выданьняў, якія распаўсюджваюцца «ў дабраахвотна-прымусовым парадку» сярод дзяржаўных службоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG