Напярэдадні Дня Волі Свабода пачытала беларускія газэты 1989–1996 гадоў. Трэба ўдакладніць: гэта ня поўны агляд усёй прэсы тых часоў, а толькі асобныя яе фрагмэнты. Акрамя згаданых ніжэй газэтаў «Советская Белоруссия», «Знамя юности», «Звязда», «Наша Ніва» і «7 дней», у тыя часы выходзіла багата іншых. Напрыклад, з 1991 году выходзіла вельмі папулярная тады «Народная газета», якая, праўда, у 1995 годзе перастала быць хоць крыху незалежнай, з 1990 году да «нулявых» друкавалася незалежная «Свабода», зьявілася «Комсомольская правда в Белоруссии», не пераставаў выходзіць «Вечерний Минск», у 1995-м утварыліся незалежныя «Народная воля» і «БелГазета»…
Яшчэ ў Савецкім Саюзе ладзіліся першыя акцыі на Дзень Волі — і яшчэ ў тыя часы пачыналі абмяркоўваць ролю Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1989 годзе, калі Дзень Волі ў Беларусі ўпершыню адзначылі шырока і публічна, БНР абмяркоўвалася ў дзяржаўных газэтах. Але ці ня болей гаворкі тады было пра затрыманьне мастака Алеся Пушкіна — артыкул карэспандэнта БЕЛТА «Страсти по Пушкину» са словамі сьведак мітынгу перадрукавалі ў шэрагу газэтаў. Абмеркаваньне БНР працягвалася ў дзяржаўнай прэсе яшчэ шмат гадоў.
І калі ў 1991 годзе «Знамя юности» яшчэ сумнявалася ў шырокай вядомасьці сьвята, то ў 1992 годзе «Звязда» (якая якраз зьмяніла серп, молат і зорку на «Пагоню» — але вярнула савецкую сымболіку пасьля зьмены дзяржаўнай) віншавала з Днём Волі на першай паласе са спадзевам на тое, што 25 сакавіка стане сьвятам для кожнага беларуса. Да віншаваньняў далучылася нават «Советская Белоруссия». А прыватная кампанія «Дайнова» выкарыстоўвала сьвята як нагоду для іміджавай рэклямы ў шэрагу выданьняў.
У 1993–1995 гадах пра Дзень Волі і БНР пісалі менш, але ўжо ня як пра нешта незвычайнае: «Нашае сьвята, хоць і не дзяржаўнае». Можна сказаць, што пра акцыі на Дзень Волі тады амаль не пісала хіба «Наша Ніва» — ад 1991 да 1996 году яна выходзіла толькі некалькі разоў на год і больш цікавілася гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага ды сучаснай культурай, хоць часам згадвала часы БНР. Не любіла такія падзеі і «7 дней» — затое нязьменна давала крымінальную хроніку, вартую галівудзкіх баевікоў.
Усё зьмянілася ў 1995-1996 гадах, калі вялікая частка прэсы перайшла да адназначнай і бясспрэчнай падтрымкі Лукашэнкі, а супраць удзельнікаў акцыі на Дзень Волі (як і наступных акцыяў «Менскай вясны») была ўжытая брутальная сіла. Хоць яшчэ тады «Звязда» давала публікавацца праціўнікам улады, але «Советская Белоруссия» ўжо ішла ў рэзкую крытыку апазыцыі і Дня Волі, у тым ліку ў вялікай калёнцы галоўнага рэдактара (які да сёньня на пасадзе). «Наша Ніва» ў той год стала штотыднёвікам — па перадавіцах за тыдзень да Дня Волі і тыдзень пасьля можна добра адсачыць настроі таго часу.
Усе выразкі ў высокім разрозьненьні адным архівам — ZIP, 56 файлаў, 172 Мб
Падчас прагляду старых газэтаў, вядома, знайшліся цікавыя публікацыі — пра тое, як у 1989 годзе ў Менск вазілі экскурсію юных амэрыканцаў, як у 90-х Лукашэнку віншавалі Біл Клінтан і маскоўскі патрыярх, што ў 1991 годзе пра эротыку думалі Зянон Пазьняк і Лявон Вольскі і як тую эротыку публікавала «Знамя Юности», як тады пісалі пра Neuro Dubel, Данчыка, Алексіевіч і Саладуху, пэйджэры і відэагульні, сэкс і НЛА і як у 1996 годзе на свой «Чарнобыльскі шлях» запрашаў Беларускі саюз моладзі, прародзіч сучаснага БРСМ.
Усе «бонусныя» выразкі ў высокім разрозьненьні адным архівам — ZIP, 63 файлы, 177 Мб
P.S. Што пісалі пра Дзень Волі газэты ў 1918 годзе:
Тэкст упершыню апублікаваны на сайце Радыё Свабода 25.03.2016.