Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва хоча ўвесьці квоты для працоўных мігрантаў. Як гэта закране беларусаў?


Клайпедзкі порт, фота ©Shutterstock
Клайпедзкі порт, фота ©Shutterstock

17 красавіка ўрад Літвы прапанаваў парлямэнту ўвесьці квоты для працоўных мігрантаў, якія прыяжджаюць у краіну на заробкі, паведамляе Delfi.lt.

Прапануецца, каб квоту на год вызначала Служба занятасьці. Яна ж будзе складаць і сьпіс прафэсій, прадстаўнікоў якіх не хапае ў Літве. Намесьнік міністра ўнутраных спраў Дарус Урбонас сказаў, што пасьля вычарпаньня квоты ўезд іншаземцаў аўтаматычна абмяжоўвацца ня будзе. Аднак працаваць у Літве яны змогуць, толькі прайшоўшы «тэставаньне рынку працы» (гэта афіцыйная працэдура, каб спраўдзіць, што на пэўную вакансію сапраўды няма кандыдатаў-суайчыньнікаў) і атрымаўшы дазвол Службы занятасьці.

Увесьці квоту ўрад прапануе з 2021 году.

Чаму гэта горш для беларусаў

У Літве ўжо трэці год існуе афіцыйны сьпіс дэфіцытных прафэсій. І калі хтосьці зь іншаземцаў пажадае працаўладкавацца менавіта па гэтых прафэсіях, то дазвол ад Службы занятасьці ў такім выпадку не патрэбны — дастаткова дамовы з працадаўцам.

Беларусы, паводле літоўскай статыстыкі, гэтым адразу скарысталіся. У 2016 годзе Служба занятасьці дала ім 6483 дазволы, у 2017 — 1198, у 2018 — толькі 725. Такое істотнае скарачэньне дазволаў на працу тлумачыцца тым, што беларусы ўладкоўваюцца на «дэфіцытныя» месцы.

На першую палову 2019 году літоўцы ўключылі ў пералік дэфіцытных прафэсій:

  • аднаўляльнікаў будаўнічых рыштаваньняў,
  • будаўнікоў шырокага профілю,
  • бэтоншчыкаў,
  • зборшчыкаў мэталічных карпусоў караблёў,
  • зваршчыкаў,
  • ізаляцыйнікаў,
  • кіроўцаў міжнародных грузавых транспартных перавозак,
  • мясьнікоў,
  • разьнікоў жывёлы,
  • тынкоўшчыкаў-дэкаратараў,
  • швачак,
  • электрыкаў.

Калі ж Літва ўвядзе квоты, то дазвол Службы занятасьці спатрэбіцца на ўсе прафэсіі. Да таго ж урад прапануе ўвесьці больш спрыяльныя ўмовы для іншаземцаў з эканамічна моцных краін, зь якімі ў Літвы дзейнічае бязьвізавы рэжым. Сярод іх — Аўстралія, Японія, ЗША, Канада, Паўднёвая Карэя і Новая Зэляндыя. Яны атрымаюць перавагу перад жыхарамі іншых дзяржаў.

Паводле ўраду Літвы, у 2018 годзе на працу ў краіну прыехалі 52 тысячы чалавек. Беларусы ў гэтым сьпісе на трэцім месцы — пасьля ўкраінцаў і расейцаў. Яны працуюць пераважна ў Вільні і Клайпедзе.

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы паведаміла, што на пачатак 2019 году ў краіне пражывала больш за 12 тысяч беларусаў. Гэта на 31,8% болей параўнальна з пачаткам 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG