У Гомелі «дармаедзкая» камісія прыняла рашэньне вызваліць «не занятую ў эканоміцы» Марыю Тарасенку ад аплаты камунальных паслугаў па падвышаным кошце. Жыхарка абласнога цэнтру не згадзілася з сацыяльным статусам «дармаедкі» і распачала шэраг судовых працэсаў.
Храналёгія падзей
Студзень. Хатняя гаспадыня Марыя Тарасенка даведалася, што яна — «дармаедка», занесеная ў сьпісы «не занятых у эканоміцы».
Яна зьвярнулася ў «дармаедзкую» камісію з патрабаваньнем выключыць яе са сьпісаў. Камісія адмовілася.
Люты. Жыхарка Гомля пры падтрымцы незалежнага прафсаюзу РЭП зьвярнулася ў суд, каб абскардзіць дзеяньні чыноўнікаў — чальцоў «дармаедзкай» камісіі. Яна заявіла, што дэкрэт парушае яе канстытуцыйныя правы, прыніжае і дыскрэдытуе яе.
Сакавік. Суд адмовіў у задавальненьні патрабаваньняў, заявіў аб «непадведамнасьці». Тарасенка палічыла гэта адмовай у правасудзьдзі і зьвярнулася ў абласны суд. Таксама яна падала пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды ў раённы суд. Маральную шкоду спагнаць не ўдалося.
З разьліковага цэнтру прыйшла квітанцыя аб аплаце камунальных плацяжоў. За падагрэў вады Марыі Тарасенцы налічылі ў 5,5 раза больш грошай, чым «занятым у эканоміцы». Уласьніца кватэры ня стала плаціць.
Красавік. Марыя Тарасенка атрымала паведамленьне з «дармаедзкай» камісіі, што да канца 2019 году зь яе ня будуць браць падвышаныя камунальныя плацяжы. Падвышаныя кошты за студзень і люты разьліковы цэнтар абяцае пералічыць у бок зьмяншэньня.
«Адвакат дармаедаў» Леанід Судаленка і Марыя Тарасенка працягваюць у судах стратэгічную цяжбу за выключэньне хатняй гаспадыні з базы «не занятых у эканоміцы». Яны пачынаюць стварэньне грамадзкага аб’яднаньня пад працоўнай назвай «Не занятыя ў эканоміцы». Аб’яднаньне будзе бараніць правы «дармаедаў» і дабівацца адмены дэкрэту.
«Я вырашыла працягнуць змаганьне»
Марыя Тарасенка падала ў «камісію па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва» шэраг дакумэнтаў, якія даказваць, што яна ўдзельнічае ў эканоміцы. Гэта квітанцыі аб аплаце мабільнай сувязі, іншых паслуг, у якія закладзены падатак на дададзеную вартасьць, падатак на зямлю. Таксама хатняя гаспадыня прадставіла дакумэнты аб мэдычных дыягназах і перанесенай апэрацыі. З фармулёўкай «у сувязі зь цяжкай жыцьцёвай сытуацыяй» яе вызвалілі да канца году ад аплаты падвышаных камунальных плацяжоў.
«Але ў базе „дармаедаў“ я засталася. Значыць, праз год магу зноў атрымаць жыроўкі зь вялікімі лічбамі. Я буду працягваць змаганьне і дабівацца поўнага выключэньня мяне з базы «не занятых у эканоміцы», — кажа Марыя Тарасенка.
Рабіць гэта яна будзе з дапамогай прафсаюзу РЭП, прававымі і інфармацыйнымі мэтадамі. Марыя Тарасенка заклікае ўсіх «не занятых у эканоміцы» аб’ядноўвацца.
«Заявім мірныя сходы ва ўсіх райцэнтрах вобласьці»
Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка заявіў, што прафсаюз мае намер правесьці мірныя сходы ў форме пікетаў ці шэсьця ва ўсіх райцэнтрах вобласьці, каб заклікаць «дармаедаў» да аб’яднаньня і распавесьці ім пра магчымасьці барацьбы з дэкрэтам.
«Мы зьвярталіся ў выканкамы і суды, каб тыя паставілі пытаньне аб канстытуцыйнасьці дэкрэту. Чыноўнікі і судзьдзі адмовіліся — сказалі, што ня маюць такіх паўнамоцтваў. Канстытуцыя гарантуе права на абарону ў судзе — а Марыі Тарасенцы суд адмовіў у гэтым праве. Будзем зьвяртацца да прэзыдэнта, да парлямэнту — яны маюць права зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд і паставіць перад ім пытаньне пра адпаведнасьць дэкрэта Асноўнаму закону», — сказаў Леанід Судаленка.
Ён лічыць, што стварэньне грамадзкага аб’яднаньня дапаможа працаваць з чыноўнікамі і дабівацца сваіх правоў.
Праваабаронца зьвярнуў увагу: толькі ў Чыгуначным раёне Гомля па падвышаных коштах павінны плаціць за камунальныя паслугі на сёньняшні дзень 174 чалавекі. Чыноўнікі склалі сьпіс толькі зь «не занятых у эканоміцы ўласьнікаў памяшканьняў».
«Дзе астатнія „дармаеды“, тыя 500 тысяч па рэспубліцы, пра якіх заяўляла ўлада? Паводле дзяржаўнай гомельскай газэты, у „дармаедзкую“ камісію зьвярнуліся 15 чалавек, і столькі ж былі вызваленыя ад аплаты падвышаных камунальных. Тады навошта дэкрэт? Каб вісеў дамоклавым мечам над галовамі „дармаедаў“? Мы падкрэсьліваем абсурднасьць гэтага дэкрэта і працы камісій», — дадаў Леанід Судаленка.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.