Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што інкрымінуюць былому намесьніку старшыні Менгарвыканкаму


Андрэй Дамарацкі на лаве падсудных, 17 красавіка 2019 году
Андрэй Дамарацкі на лаве падсудных, 17 красавіка 2019 году

Экс-чыноўніка вінавацяць у атрыманьні хабару, злоўжываньні ўладай і крадзяжы праз злоўжываньне.

У Цэнтральным судзе прайшоў першы дзень працэсу над Андрэем Дамарацкім, былым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму і начальнікам галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму.

Эпізоды абвінавачваньня

Андрэй Дамарацкі (зьлева) з адвакатам
Андрэй Дамарацкі (зьлева) з адвакатам

​Пракурор на працэсе агучыў абвінавачаньне Дамарацкаму ў эпізодах.

Першы эпізод тычыцца кастрычніка 2015 году. Паводле сьледзтва, Андрэй Дамарацкі, які тады працаваў намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму, у два прыёмы атрымаў 2,5 тысячы даляраў ад прадстаўніка фірмы «Фудстайл» Валодзькі ў інтарэсах бізнэсоўца Садоўскага за згоду на разьмяшчэньне ў доме № 2 на вуліцы Кірава, 2 гандлёвага павільёна.

Другі эпізод — пра завышэньне паказьнікаў рэнтабэльнасьці продажаў у сыстэме спажывецкага рынку Менску. Паводле сьледзтва, на загад Андрэя Дамарацкага ягоныя падначаленыя штучна падвысілі гэтыя паказчыкі за 2017 год з 4,1% да 7%, што прывяло да зьмяншэньня на чвэрць арэнднай платы для аб’ектаў гандлю і адпаведна да стратаў бюджэту больш як на 3 мільёны рублёў. У гэтым эпізодзе фігуруе шэраг гандлёвых прадпрыемстваў гораду, у тым ліку такія, як Камароўскі рынак, унівэрсам «Трактаразаводзкі», холадакамбінат № 2, «Белбакалея», Заводзкі райхарчгандль ды іншыя.

Пракурор
Пракурор

У трэцім эпізодзе фігуруюць тыя ж гандлёвыя прадпрыемствы. Паводле сьледзтва, за тое, што ў іх празь нібыта фіктыўныя дамовы павысіліся паказьнікі рэнтабэльнасьці, а ў выніку палепшыліся і вынікі працы галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку, Андрэй Дамарацкі нібыта незаконна атрымаў у сакавіку 2017 году 1 тысячу 969 рублёў прэміі і грашовай узнагароды. Адпаведныя загады падпісаў тагачасны старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац.

Вінаватым сябе не прызнаў

У абвінавачаньні, якое агучыў пракурор, ніяк ня згадваўся былы падначалены Дамарацкага Сяргей Барысевіч, асуджаны нядаўна за хабарніцтва на 14 гадоў зьняволеньня.

«Справа Барысевіча ніякім чынам ня тычыцца нашай справы», — падкрэсьліў журналістам адвакат Дзьмітры Гарачка.

У судзе, як і на сьледзтве, Андрэй Дамарацкі не прызнаў сябе вінаватым ні па адным з трох абвінавачаньняў. Суд пастанавіў ягоныя паказаньні заслухаць пасьля допыту сьведак. Працэс аднавіцца 23 красавіка.

Андрэй Дамарацкі
Андрэй Дамарацкі

Андрэй Дамарацкі знаходзіцца пад арыштам з траўня 2018 году. Чыноўніка вінавацяць у крадзяжы праз злоўжываньні ўладнымі паўнамоцтвамі і атрыманьні хабару; яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Ад сваякоў вядома, што віны ні ў адным эпізодзе абвінавачваньня падчас сьледзтва Андрэй Дамарацкі не прызнаў. У лістах ён настойвае на невінаватасьці і піша, што «заўсёды працаваў сумленна і любіў свайго прэзыдэнта, а цяпер усё роўна стаў ворагам народу», — распавядалі Tut.by ягоныя сваякі.

Сваякі Дамарацкага ў судзе
Сваякі Дамарацкага ў судзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG