Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць былога намесьніка старшыні Менгарвыканкаму, які «любіў свайго прэзыдэнта»


Андрэй Дамарацкі
Андрэй Дамарацкі

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся суд над Андрэем Дамарацкім, які да 2017 году працаваў намесьнікам старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту.

На гэтую пасаду яго рэкамэндаваў былы кіраўнік гарадзкой адміністрацыі Мікалай Ладуцька.

Андрэй Дамарацкі на лаве падсудных
Андрэй Дамарацкі на лаве падсудных

Андрэй Дамарацкі знаходзіцца пад арыштам з траўня 2018 году. Чыноўніка вінавацяць у крадзяжы праз злоўжываньні ўладнымі паўнамоцтвамі і атрыманьні хабару; яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Ад сваякоў вядома, што віны ні паводле аднаго з абвінавачваньняў падчас сьледзтва Андрэй Дамарацкі не прызнаў. У лістах ён настойвае на невінаватасьці і піша, што «заўсёды працаваў сумленна і любіў свайго прэзыдэнта, а цяпер усё роўна стаў ворагам народу», — распавядалі Tut.by ягоныя сваякі.

Андрэй Дамарацкі з адвакатам
Андрэй Дамарацкі з адвакатам

Карупцыйныя скандалы ў Менскім гарвыканкаме

У канцы 2018 году на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з карупцыйнымі скандаламі ў Менгарвыканкаме былі згаданыя імёны Андрэя Дамарацкага і ягонага падначаленага Сяргея Барысевіча. Месяц таму Сяргей Барысевіч, былы начальнік упраўленьня Менгарвыканкаму, быў прызнаны вінаватым у хабарніцтве і пакараны 14 гадамі зьняволеньня. Паводле выраку суду, ён арганізаваў сыстэму «адкатаў», у тым ліку ад кіраўнікоў школьных сталовых. Барысевіч на судзе казаў, што Дамарацкі ціснуў на яго, прымушаў браць хабары, каб потым дзяліцца зь ім. Аднак Андрэй Дамарацкі, выступаючы на тым працэсе як сьведка, гэта абверг.

Гэта ня першы суд над былым высокапастаўленым чыноўнікам Менгарвыканкаму. У 2013 годзе на 14 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці быў асуджаны намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў, які, паводле сьледзтва, спрабаваў атрымаць хабар у паўмільёна даляраў ад чэскай фірмы, што плянавала пабудаваць пад Менскам завод для перапрацоўкі сьмецьця. На судзе высьветлілася, што грошы Васільеву перадаваліся над наглядам КДБ.

Сёлета ў сакавіку супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС затрымалі пасьля атрыманьня хабару ў 4 тысячы даляраў ЗША старшыню камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкаму Паўла Лучыновіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG