Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Зяленскі ўхіляецца ад дэбатаў, прэсавых канфэрэнцый і інтэрвію?


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Застаецца пяць дзён да другога туру выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, які прызначаны на 21 красавіка.

Паводле сацыёлягаў, актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі мае ўсе шанцы перамагчы дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнку з адрывам у падтрымцы амаль у тры разы. Як і перад першым турам, актор ігнаруе журналістаў, у той час як Пятро Парашэнка выкарыстоўвае кожную магчымасьць, каб зьявіцца на публіцы.

Дэбатаў ня будзе?

Дагэтуль, як і на працягу ўсёй выбарчай кампаніі, фаварыт гонкі так і ня выйшаў за межы тэлэвізійнай і інтэрнэт-прысутнасьці. Уладзімір Зяленскі абменьваецца калючымі рэплікамі зь Пятром Парашэнкам выключна праз відэазвароты, ухіляючыся ад прамой дыскусіі.

Двойчы дэбаты, на якія запрашаў свайго апанэнта Пятро Парашэнка, не адбыліся. Напярэдадні Ўладзімір Зяленскі таксама адмовіўся прыйсьці ў студыю аднаго з украінскіх тэлеканалаў на палітычнае ток-шоў — дзейны прэзыдэнт мусіў дэбатаваць зь ягоным прадстаўніком, колішнім міністрам фінансаў Аляксандрам Данілюком.

Па сутнасьці, застаецца толькі адзіная магчымасьць зьвесьці двух кандыдатаў face-to-face — 19 красавіка, за дзень да галасаваньня. Але выбарчыя штабы дагэтуль ня могуць узгадніць час правядзеньня дэбатаў — згодна з заканадаўствам, дыскусія мае адбывацца ў студыі грамадзкага вяшчальніка а 20.00. Штаб Зяленскага настойвае на сустрэчы на стадыёне на гадзіну раней, а штаб Парашэнкі прапануе правесьці яе двойчы ў гэты дзень — спачатку на стадыёне, а потым прадоўжыць дыскусію ў студыі тэлеканалу «UA:Перший».

Але ўсё больш становіцца відавочным, што такая дуэль, хутчэй за ўсё, не адбудзецца: для Зяленскага, які мае высокі рэйтынг, у ёй няма ніякага сэнсу.

Уладзімір Зяленскі (зьлева) і Пятро Парашэнка
Уладзімір Зяленскі (зьлева) і Пятро Парашэнка

Змаганьне аналізамі

Украінскія выбарнікі абураюцца, што адзін з галоўных прэтэндэнтаў дагэтуль публічна не акрэсьліў шляху, якім ён плянуе весьці краіну ў выпадку сваёй перамогі. І найперш — у пытаньні разьвязаньня сытуацыі на Данбасе. Уся агітацыйная кампанія перад другім турам, па сутнасьці, ператварылася ў дэбаты аб аналізах.

Толькі цяпер Уладзімір Зяленскі патлумачыў, чаму ён выбраў іншую лябараторыю, а ня тую, якую прапаноўваў яму Пятро Парашэнка. Актор сьцьвярджае, што супраць яго рыхтавалі правакацыю ў лябараторыі Нацыянальнага спартовага комплексу «Алімпійскі»: «Я не паехаў туды, бо ня ведаў, што потым там зробяць з маімі аналізамі. Я не гуляю ў спэкуляцыі і ня маю патрэбы даводзіць грамадзтву, што я не наркаман. Я моцны чалавек, я ўсё гэта перажыву, але мне часам балюча. Калі на мяне не нападаюць, я ніколі не адказваю агрэсіўна».

Гэтае інтэрвію з Уладзімірам Зяленскім запісалі журналісты інфармацыйнага агенцтва «Новини України» ў гатэлі ў Парыжы, пасьля сустрэчы з францускім прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам. Актор прызнаўся, што за апошнія тры месяцы вельмі стаміўся ад барацьбы з сыстэмай, якая абрынулася супраць яго.

Зяленскі таксама ня лічыць, што сваёй тэлефоннай размовай, якая адбылася ў эфіры тэлеканалу Ігара Каламойскага, ён дыскрэдытаваў інстытут прэзыдэнцтва:

«Мне не падабаецца, калі мяне абражаюць, і паколькі я яшчэ не прэзыдэнт, то магу сабе дазволіць быць сабой. Я лічу, што за гэтыя пяць гадоў спадар Парашэнка зрабіў усё. Іншая справа, як да гэтага ставіцца. Нехта лічыць, што ён зрабіў усё, каб нашая краіна не разьвівалася, а нехта — што ён зрабіў усё, што мог для Ўкраіны. Я не хачу ацэньваць ягоныя дзеяньні, бо прывык размаўляць на роўных. У мяне ёсьць павага да інстытуту прэзыдэнцтва, але на маральным узроўні я лічу, што ён проста абражае».

Каманда застаецца невядомай

Нягледзячы на абяцаньні Ўладзімера Зяленскага абнародаваць да другога туру сваю каманду, яна застаецца невядомай. Апроч таго, штаб да мінімуму зьвёў колькасьць сьпікераў, якім дазволена камэнтаваць ход кампаніі. Цяпер гэта могуць рабіць толькі экс-міністар фінансаў Аляксандар Данілюк і Руслан Рабашапка — калішні намесьнік міністра юстыцыі і сябра Нацыянальнага агенцтва ў пытаньнях папярэджаньня карупцыі.

Актывісты знайшлі ў атачэньні актора ня толькі прадстаўнікоў украінскага алігарха Ігара Каламойскага, але і з атачэньня Віктара Януковіча — ягонага юрыста Андрэя Партнова і міністра юстыцыі Алены Лукаш. Каманда Зяленскага гэтага пакуль не абвергла.

Сёньня прадстаўнікі шэрагу ўкраінскіх СМІ і мэдыйных арганізацый зьвярнуліся з заклікам да Ўладзіміра Зяленскага правесьці прэсавую канфэрэнцыю не пазьней за 18 красавіка.

«Мэдыйная і грамадзянская супольнасьць маюць шэраг пытаньняў наконт вашага бачаньня далейшага разьвіцьця краіны, а таксама вашай адкрытасьці і гатоўнасьці быць падсправаздачным грамадзтву, якое вас выбірае. Нашы чытачы, гледачы і слухачы таксама задаюць пытаньні, на якія мы ня можам адказаць, бо ніводнага разу ня мелі магчымасьці прамой размовы з вамі. Мы зьвяртаемся да вас з просьбай праявіць павагу да журналістаў і грамадзянскай супольнасьці, якая была лякаматывам усіх рэформаў у краіне пасьля Рэвалюцыі Годнасьці. Заклікаем вас не прытрымлівацца нэгатыўнай практыкі ігнараваньня запытаў мэдыя, якія, на жаль, таксама мелі месца на працягу мінулых 5 гадоў, і правесьці прэсавую канфэрэнцыю для СМІ да афіцыйнай даты дэбатаў, каб забясьпечыць дыялёг з прадстаўнікамі мэдыя ў прыватнасьці і ўкраінцамі ўвогуле».

Адказу пакуль няма. Як няма і дакладнага адказу на пытаньне, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG