Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля адміністрацыі Лукашэнкі маліліся за Курапаты

абноўлена

Дзесяць чалавек узялі ўдзел у малітве за Курапаты каля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.

На падыходзе да будынку адміністрацыі затрымалі Яўгена Афнагеля, Вячаслава і Марыну Касінеравых. Затрымалі таксама актывістаў Сяргея Тарасенку і Алеся Абрамовіча. Усіх затрыманых адпусьцілі без складаньня пратаколу.

Паводле ўдзельнікаў, малебен праводзіцца ў адказ на знос у Курапатах крыжоў і супраць «антынароднай» улады ў Беларусі. Удзельнікі прачыталі малітву «Ойча наш», прасьпявалі гімн «Магутны Божа».

Да малітоўнікаў падыходзіў міліцыянт, сказаў, што акцыя несанкцыянаваная. Каля Адміністрацыі стаялі аўтазакі.

Беларускі закон «Аб масавых мерапрыемствах» не рэгулюе рэлігійную дзейнасьць, да якой адносяцца малітоўныя сходы. Закон жа «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» забараняе перашкаджаць рэлігійным абрадам як у культавых пабудовах і на іх тэрыторыях, так і ў месцах паломніцтва або на могілках.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG