Сцэнар абыходжаньня з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай АЭС будзе прадугледжваць яго перапрацоўку ў Расеі і вяртаньне на захаваньне ў Беларусі.
Пра гэта сказаў журналістам 15 красавіка намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк на форуме «Атамэкспа» ў Сочы, піша БелТА.
Дырэктар Дэпартамэнту па ядзернай энэргетыцы Міністэрства энэргетыкі Беларусі Васіль Палюховіч пацьвердзіў Свабодзе, што сапраўды ўсё замацавана ў дакумэнтах.
«Па-першае, у міжурадавым пагадненьні на будаўніцтва атамнай станцыі, у артыкуле 9, прапісана, што „адпрацаванае паліва падлягае вяртаньню на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі на перапрацоўку згодна з дадатковым пагадненьнем“.
А вось далейшыя ўмовы перапрацоўкі — фінансавыя пытаньні ды іншыя — будуць вызначаныя ў гэтым дадатковым пагадненьні.
Яно будзе прапрацоўвацца абодвума бакамі, потым будзе заключацца асобны кантракт паміж атамнай станцыяй і заводам, які будзе забіраць адпрацаванае паліва. Час на гэта яшчэ ёсьць. Па тэрмінах пакуль не магу сказаць, гэта ж двухбаковы працэс. Але прынцыповая згода замацаваная, што паліва будзе вернутае ў Расейскую Фэдэрацыю на перапрацоўку», — пацьвердзіў Васіль Палюховіч.
На ўдакладняльнае пытаньне, ці можа быць такое, што Расея не пагодзіцца забіраць назад адпрацаванае паліва, ці разглядаюцца іншыя варыянты, бо раней гаворка ішла пра тры імаверныя сцэнары, Васіль Палюховіч запэўніў, што ўсе пытаньні вырашальныя.
«Ва ўсім сьвеце выкарыстоўваюцца іншыя спосабы, проста яго захаваньне, потым пахаваньне, як, да прыкладу, Фінляндыя робіць, як Швэцыя робіць. Будзем і мы шукаць варыянты. Гэта пытаньні вырашальныя.
Але канкрэтныя дэталі будуць прапісаныя ў новым дадатковым пагадненьні аб умовах перапрацоўкі паліва».
Раней разглядаліся тры варыянты абыходжаньня з адпрацаваным палівам, нагадаў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк.
- Накіроўваць апрамененае цеплавыдзяляючае адпрацаванае паліва на перапрацоўку ў Расею, «з улікам працяглага захоўваньня адпрацаванага ядзернага паліва ў Расеі», з наступным вяртаньнем высокаактыўных адкідаў і іх захаваньнем у Беларусі.
- Гэтаксама накіроўваць апрамененае цеплавыдзяляючае адпрацаванае паліва зь БелАЭС на перапрацоўку ў Расею, але «з улікам працяглага „сухога“ захоўваньня АЯП на тэрыторыі Беларусі» і зноў жа з наступным вяртаньнем і захаваньнем высокаактыўных адкідаў у Беларусі.
- Захоўваць апрамененае цеплавыдзяляючае адпрацаванае паліва ў Беларусі (без адпраўкі ў Расею).
«Калі мы адпрацоўвалі стратэгію, вывучалі тры розныя варыянты з абыходжаньнем з адпрацаваным палівам, — цытуе Міхаіла Міхадзюка БЕЛТА, — Вывучылі і выбралі:
- захоўваем у сябе,
- назапашваем 10 гадоў у басэйне вытрымкі (крыху менш, можа),
- калі набіраем пэўны абʼём, тады грузім і вязём на перапрацоўку,
- а потым прадукты перапрацоўкі, гэта ўсясьветная практыка, вяртаюцца да нас праз энную колькасьць гадоў».
Што варта ведаць пра БелАЭС
- Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
- Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
- Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
- БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
- На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
- Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
- Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
- Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
- Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
- У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
- Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
- Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
- Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
- З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
- 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.