Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога старшыню Гомельскага райвыканкаму асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі


Аляксандар Сітніца ў судзе ў сьнежні 2018
Аляксандар Сітніца ў судзе ў сьнежні 2018

Суд Цэнтральнага раёну Гомля вынес рашэньне па крымінальнай справе супраць былога старшыні Гомельскага райвыканкаму Аляксандра Сітніцы. Былы кіраўнік пакараны за карупцыю пазбаўленьнем волі на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Прадстаўнік пракуратуры Павал Цішкоўскі прасіў суд пакараць чыноўніка менавіта такім тэрмінам пазбаўленьня волі.​ Аляксандра Сітніцу, які кіраваў райвыканкамам з 2009 па 2018 год, абвінавачвалі ў спробе атрыманьня хабару і перавышэньні ўлады.​ Сваёй віны ён не прызнаў і будзе абскарджваць прысуд.

У чым абвінавацілі былога чыноўніка

Асноўнае абвінавачаньне было ў тым, што кіраўнік браў хабар ад прадстаўнікоў камэрцыйных структураў за лабіраваньне іхніх інтарэсаў. У прыватнасьці, за атрыманьне зямельнага ўчастку для будаўніцтва прадпрыемства, паскарэньне бюракратычных працэдур.

Перавышэньнем улады суд палічыў прыём у падарунак ад кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёну прадуктаў харчаваньня — памідораў, агуркоў, бараніны.

Адметна, што кіраўнікі калгасаў на судзе мелі статус пацярпелых, але шматкроць заяўлялі, што не панесьлі ніякай шкоды ад дзеяньняў старшыні выканкаму. Памідорамі і агуркамі частавалі кіраўніка з уласнага жаданьня. Аляксандар Сітніца прасіў калгасы дапамагчы харчамі, калі трэба было прымаць замежныя дэлегацыі.

Калгасы, дзе Сітніца браў прадукты, панесьлі шкоду ад 40 да 60 рублёў. Кіраўнікі калгасаў заявілі на судзе, што ведаюць абвінавачанага як «талковага і прыстойнага кіраўніка».

«Тое, што яму прад’явілі, можна прад’явіць любому кіраўніку», — казаў Дзьмітры Корж, былы дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства «Ўсход».

Таксама былому старшыні інкрымінаваліся такія эпізоды, як афармленьне аўтамабіля і яго абслугоўваньне, рамонт кватэры і будаўніцтва лазьні пры фінансавай дапамозе прадстаўніка камэрцыйнай структуры.

Што казалі чыноўнік і яго адвакат

Адвакат абвінавачанага даводзіў, што дзеяньні ягонага падабароннага не падпадаюць пад крымінальны перасьлед, а сьледзтва было праведзена тэндэнцыйна і з абвінаваўчым ухілам. Паводле яго, былі дапушчаныя шматлікія працэсуальныя парушэньні. Абаронца прасіў суд вынесьці прыватнае вызначэньне на адрас Сьледчага камітэту.

Пракурор папрасіў суд даць прававую ацэнку паказаньням сьведак і пацярпелых, якія зьмянілі свае сьведчаньні на судзе.

Аляксандар Сітніца ў апошнім слове казаў пра сваю невінаватасьць і заявіў пра ціск на сваю сямʼю.

«На другі дзень пасьля майго затрыманьня мая жонка атрымала спагнаньне ад кіраўніцтва і была папярэджаная пра нэгатыўныя для яе наступствы. У школе маёй дзевяцігадовай дачцэ абвясьцілі аб тым, што яе тата — злачынец. Сына ва ўнівэрсытэце не дапусьцілі да сэсіі, якую ён пасьля здаў на 7 і 9», — заявіў былы кіраўнік.

Ён таксама сказаў, што да затрыманьня двойчы падаваў заяву на звальненьне з пасады на імя кіраўніка вобласьці Ўладзіміра Дворніка, але з працы яго не адпусьцілі.

Адзін са сьведак — прадстаўнік камэрцыйнай структуры — сябра Аляксандра Сітніцы. Абвінавачаны ня бачыць заганы ў тым, што прасіў фінансавай дапамогі ў сябра пры вырашэньні розных побытавых пытаньняў. Кіраўнік выканкаму сапраўды выдзеліў камэрцыйнай структуры зямельны ўчастак. Але, паводле яго, участак той быў нікому не патрэбны, на ім стаялі разбураныя будынкі, знос якіх каштаваў каля 50 тысяч рублёў. Калгас — уласьнік зямлі — быў толькі рады пазбавіцца такога «дабра».

«У абвінавачваньні сказана, што я браў у калгасах памідоры і агуркі і такім чынам падвышаў асабісты аўтарытэт. У мяне досыць высокі аўтарытэт, каб падвышаць яго трыма кіляграмамі памідораў — гэта глупства», — сказаў абвінавачаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG