Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міцкевіч і Бродзкі загучалі па-беларуску — у выкананьні расейскай сьпявачкі


Міла Ражкова
Міла Ражкова

Былая ўдзельніца маскоўскага поп-гурту «Божья коровка» Міла Ражкова ўзялася за працяг «Беларускага альбому».

Першая частка з двухкротным адрывам ад канкурэнтаў перамагла на музычным партале Tuzin.fm па выніках восені-2018 — унікальны выпадак, калі на вяршыню беларускага чарту трапіла праграма замежнага артыста.

Пераўвасабленьне санэту

У інтэрвію Свабодзе Міла Ражкова паабяцала, што новы альбом таксама парадуе аматараў беларускага музычнага слова.

«Запачаткавала новы альбом новай песьняй на санэт Адама Міцкевіча „Да Нёмана“. Пераклаў яго на беларускую мову паэт і фальклярыст Кастусь Цьвірка. Не цярпіцца дачакацца ягоных уражаньняў, ну і таксама дазволу на выкарыстаньне», — сказала артыстка.

Паводле сьпявачкі, у песьні ёсьць свая перадгісторыя. Упершыню Міла трапіла ў Беларусь у 2015 годзе — наведаліся з мужам у Горадню, дзе пазнаёміліся з пэдагогам і краязнаўцам Алесем Госьцевым. Завязаліся першыя кантакты, а ў леташні прыезд спадар Алесь ужо прапанаваў пакласьці на музыку санэты Адама Міцкевіча, перакладзеныя на беларускую мову.

«Да таго Алесь Пятровіч скіраваў мяне, каб засьпяваць „Разьвітаньне з Радзімай“ Міхала Клеафаса Агінскага на словы Сержука Сокалава-Воюша. Таму сумневаў у экспэртнай думцы ня ўзьнікла, — кажа Міла Ражкова. — Перадаў мне цэлы стос з раздрукоўкамі санэтаў, некаторыя адразу запалі ў душу. „Да Нёмана“ я выбрала, пэўна, таму, што Нёман пакінуў проста магутнае ўражаньне. Кожны раз, наведваючы Горадню, я атрымлівала асалоду ад гэтай чароўнай ракі. Неўзабаве пачну запісваць другі санэт, але, каб не сурочыць, апярэджваць падзеі ня буду».

Кастусь Цьвірка праз Радыё Свабода запэўніў, што ня бачыць ніякіх перашкодаў, каб Міла Ражкова скарысталася ягонымі напрацоўкамі па спадчыне Адама Міцкевіча. Кажа, што, наадварот, толькі ўсьцешаны, калі нехта з музыкаў выяўляе падобную цікавасьць.

«Канечне, дазваляю без аніякіх праблемаў, буду толькі рады, — кажа літаратар, галоўны рэдактар сэрыі „Беларускі кнігазбор“. — Што да Адама Міцкевіча, дык яшчэ калі рыхтаваў кнігу ягоных выбраных твораў, перакладаў вельмі шмат. У тым ліку і паэму „Дзяды“, і шэраг санэтаў. Таму вельмі прыемна, што тую працу да сёньня ацэньваюць. Наагул добра было б пры нагодзе зь Мілай пакантактаваць асабіста...»

Беларусізацыя Бродзкага

Сьледам за першым санэтам Адама Міцкевіча «Беларускі альбом» пачалі папаўняць песьні, зробленыя ў тандэме зь Сержуком Сокалавым-Воюшам. Гэта аўтарская праца «Рамонкі» і «Вясковая песьня» на вершы Ёсіфа Бродзкага.

«Пасьля таго як я запісала «Разьвітаньне з Радзімай», адбылося нашае віртуальнае знаёмства зь Сержуком (паэт і журналіст цяпер жыве ў Нью-Ёрку. — РС). Ён стаў хутка перакладаць мае вершы і дасылаць літаральна адзін за адным — ня ўсе яшчэ нават пасьпела „ператравіць“, — усьміхаецца Міла. — „Рамонкі“ і „Вясковую песьню“ на словы Бродзкага я выбрала сама. Першая — самая дарагая з маіх раньніх песень. „Деревенская“ — адна з самых любімых позьніх. Праўда, Сяржук папярэдзіў: „У мяне быў з Бродзкім канфлікт, але паэзія ёсьць паэзія...“»

Міла Ражкова дадала, што ў плянах — запіс «Вясковай песьні» Ёсіфа Бродзкага таксама ў перакладзе на ўкраінскую мову.

Як Міла Ражкова прыйшла да Беларусі

Міла Ражкова нарадзілася ў Ніжнім Ноўгарадзе, там скончыла дзяржаўную кансэрваторыю імя Глінкі, займалася на фартэпіяна і клясычнай гітары. У 1987 годзе прыйшло першае прызнаньне — перамагла ў конкурсе аўтарскай песьні ў родным горадзе.

Пасьля пераехала ў Маскву, нейкі час выступала ў поп-гурце «Божья коровка». Урэшце вырашыла рабіць сольную кар’еру ў фольку і аўтарскай песьні. Прызнаньне прыйшло досыць хутка. Яна чэмпіёнка сьвету ў катэгорыі індывідуальных выканаўцаў на фэсьце World Folk, пераможца сьпеўнага конкурсу Euro Folk, а якраз падчас працэдуры галасаваньня на Tuzin.fm стала ляўрэаткай міжнароднага фэстывалю вакальнага майстэрства «Тэмбр».

Некалькі гадоў таму Міла захапілася беларускай мовай, запісала «Беларускі альбом» — перадусім пераклады ўласных расейскамоўных песень і вершаў сяброў-паэтаў. Прызнаецца, што знакавым для яе стала знаёмства з паэтам і бардам Сержуком Сокалавым-Воюшам, дзякуючы чыёй актыўнасьці неўзабаве мае зьявіцца і працяг таго праекту.

Сьпявачка кажа, што ня мае беларускіх каранёў, упершыню наведала Беларусь некалькі гадоў таму. Яе муж Уладзімір Кароль мае ў Горадні сябра дзяцінства Ўладзімера Бакава — разам вучыліся ў фізыка-матэматычнай школе-інтэрнаце імя Калмагорава для таленавітых дзяцей пры Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце.

Той пазнаёміў з краязнаўцам Алесем Госьцевым, а ў іншы прыезд, падчас Геніюшаўскіх чытаньняў, зь перакладчыцай Альжбэтай Кедай. Так і нарадзілася ідэя засьпяваць па-беларуску. Першым плёнам супрацы Мілы і Альжбэты стала песьня «Зачаравана хмары плывуць». Лінгвістычным рэдактарам выступіла мовазнаўца і выкладчыца Таісія Мухіна, якая ставіла вучаніцы беларускае вымаўленьне.

Ад таго часу перакладзена ўжо паўтара дзясятка песень на вершы самой Мілы Ражковай, а таксама паэтаў Іосіфа Бродзкага, Марыны Марэнінай, Аляксея Філонава, Лены Элтанг. Нядаўна да гэтага пераліку дадаўся Адам Міцкевіч.

Міла Ражкова — адзіны сярод расейскіх выканаўцаў, хто так сур’ёзна ўзяўся за беларускі рэпэртуар. Дагэтуль былі адзінкавыя выпадкі, калі ў рамках тэматычных праектаў па-беларуску засьпявалі Андрэй Макарэвіч, Мікалай Аруцюнаў, Ільля Лагуценка, Алена Сьвірыдава ды некаторыя іншыя. Але тады ўсё канчалася адной песьняй. На поўнафарматны альбом, ды яшчэ з працягам, ніхто яшчэ не замахваўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG