Знаходка выпала з-пад берага Бярэзіны, калі вада спала. Археолягі пацьвердзілі: шалом сапраўдны.
Шалом знайшоу токар Уладзімер Балында, супрацоўнік Дняпро-Бярэзінскага прадпрыемства водных шляхоў і зьвярнуўся да бабруйскага рэканструктара Мікалая Сілкова. Знаходка проста выпала з-пад берагу разам з кавалкам зямлі.
«Гэта выпадковасьць. Цяпер шалом на захаваньні, ён пагружаны ў дыстыляваную ваду. Пазьней ён будзе закансэрваваны і перададзены ў мясцовы краязнаўчы музэй», — паведаміў Свабодзе Мікалай Сілкоў.
Адразу пасьля таго, як стала вядома пра знайходку, Мікалай зьвярнуўся да археолягаў. Каб яны далі параду па захаваньні ўнікальнага артэфакту.
Цяпер з шаломам працуе археоляг, доктар навук Ігар Марзалюк, які выехаў у Бабруйск.
«Гэта ўнікальны, пазалочаны княскі шалом канца X стагодзьдзя. Гэта сэнсацыя. Там ёсьць такое месца ў рачным парту, падсыхала глеба і адваліўся кавалак зямлі. Яму ёсьць аналяг ва Ўсходняй Эўропе ў знакамітай чорнай магіле, але там горшы стан», — сказаў Свабодзе Ігар Марзалюк.
Аналяг такога шалому быў знойдзены падчас раскопак у кургане Чорная магіла ў Чарнігаве, знойдзены яшчэ напрыканцы XIX стагодзьдзя. Гэта шалом скандынаўскага тыпу, які скаваны з чатырох жалезных пласьцінаў.
Ігар Марзалюк дадаў, што на месцы знаходкі будуць працаваць спэцыялісты і аквалянгісты. Бо шалом у такім стане можа захавацца толькі ў закрытай прасторы.
Іншыя археолягі, да якіх зьвярталася Свабода таксама пацьвердзілі, што шалом не зьяўляецца бутафорскім. Такі атрыбут не мог насіць звычайны воін.
Аднак ня ўсе навукоўцы лічаць, што знаходка насамрэч мае каштоўнасьць.
«І гэты шалом — што зь нержавейкі зроблены? Проста ў вадзе ляжаў амаль 700 гадоў? Гады 2-3 патрымалі звычайны навадзел. Каб прадаць даражэй за «гісторыка-культурную каштоўнасьць», — напісаў у фэйсбуку гісторык Сяргей Тарасаў.