Памежнае мястэчка Сьвіслач на Горадзеншчыне — адзінае месца ў Беларусі, дзе стаіць помнік Кастусю Каліноўскаму. Тут іх нават тры, а Ленін — усяго адзін. Як жыве сёньня радзіма кіраўніка паўстаньня 1863-1864 гадоў — у рэпартажы Свабоды.
У канцы сакавіка літоўскія археолягі расказалі падрабязнасьці пра пахаваньне Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў на гары Гедзіміна ў Вільні. Журналісты Свабоды зьезьдзілі ў горад Сьвіслач, дзе будучы рэвалюцыянэр пражыў траціну жыцьця, каб даведацца, ці памятаюць мясцовыя жыхары пра славутага земляка і ці хацелі б перавезьці ягоныя парэшткі ў Беларусь.
Сьцісла:
- Сьвіслач — адзінае беларускае мястэчка, дзе ёсьць помнік Кастусю Каліноўскаму.
- У Сьвіслачы пра Каліноўскага нагадваюць таксама былая гімназія, куды хадзіў Кастусь, вуліца ягонага імя, два бюсты ў музэі, помнік ягонаму паплечніку Рамуальду Траўгуту, пахаваньне брата, Віктара Каліноўскага.
- Большасьць сустрэтых мясцовых жыхароў ведае постаць Каліноўскага і ганарыцца ім. Кепска пра яго не казаў ніхто.
- Некаторыя са школы памятаюць яго выключна як пісьменьніка, аўтара забытых твораў.
- Большасьць суразмоўцаў ня супраць перапахаваньня парэштак Каліноўскага ў Сьвіслачы. Жыхары мястэчка мяркуюць, што ягоная магіла магла б быць месцам наведваньня турыстаў, а імя — стаць брэндам Беларусі.
«Думаю, не атрымалася ў яго»
Мястэчка на самай мяжы з Польшчай, як і мноства іншых беларускіх мястэчак, сустракае рассыпанымі на ўзвышшы могілкамі і шэрагам абцятых дрэваў без галінаў. Двое маладых мужчын увіхаюцца ля сьвежага надмагільля, відаць, сваякоў.
«Каліноўскага ведаем са школы, не забылі. Асьветнік наш, змагар быў за незалежнасьць, за свабоду. Думаю, не атрымалася ў яго», — падсумоўвае адзін зь іх, Алег, які стараецца гаварыць па-беларуску.
За пару хвілін гутаркі ён прайшоў шлях ад пазыцыі «не чапайце косткі, няхай застаюцца ў Вільні» да «гатовы падпісаць зварот аб перапахаваньні ў Сьвіслачы». Урэшце мужчына прыйшоў да высновы: «Хай вырашаюць людзі і ўлады, але трэба пахаваць на радзіме». Пытаньне, дзе ж радзіма Каліноўскага, у якім ня могуць знайсьці адзінства навукоўцы, у жыхара Сьвіслачы не выклікае дыскамфорту. Бо радзіма Каліноўскага, на ягоную думку, «недзе тут».
«Хто тут быў у тыя часы: палякі, беларусы, рускія? Вы пагляньце — тут [на могілках] частка помнікаў падпісаная па-польску. А мы ж беларусы. У нас ёсьць свая мова. Я разумею, каталіцкая вера, але пры чым тут мова? Хто Каліноўскі — паляк, беларус, літовец?», — задае пытаньні без адказу Алег.
Спрачацца далей на гэтую тэму ён ня мае намеру і, выглядае, прыме любы варыянт.
«Як пахаваюць тут — няхай тут, бо [Каліноўскі] змагаўся тут, жыў. Пахаваюць у Вільні — хай будзе ў Вільні. Гэта недалёка. Каму трэба, той зьезьдзіць, паглядзіць, памоліцца на ягонай магіле», — кажа суразмоўца.
Шукаць сьляды славутага земляка ён накіроўвае ў цэнтар гораду.
«Каліноўскіх тут лічылі палякамі»
Па дарозе ў цэнтар заяжджаем на запраўку.
«Я зь ім не выпіваў, але ведаю, што ён добры чалавек быў», — кажа пра Каліноўскага адзін з кліентаў.
«Быў рэвалюцыянэр, лічыцца. Фігура была ў той час. Паўстаньне падняў супраць самаўладзьдзя. Каліноўскіх тут лічылі палякамі і пахавалі з польскім надпісам. А то — беларус, беларус... Вядома, ён палякам быў. У Польшчы, за мяжой нарадзіўся (Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Горадзенскага павету, цяпер гэта тэрыторыя Польшчы. — РС)», — уключаецца ў гутарку другі кіроўца, Павал.
Ён лічыць, што варушыць косткі — вялікі грэх.
«Няхай спачывае там, дзе яго пахавалі», — кажа мужчына.
Суразмоўцы шкадуюць, што няма ўжо тых старэйшых людзей, якія маглі б болей расказаць пра іхнага земляка.
«Мой тата-гісторык шмат бы расказаў, але яго ўжо няма ў жывых», — далучаецца касірка Рыма.
Яна ўспамінае, як бацька хадзіў аддаваць пашану да помніка Каліноўскаму на ягоны дзень народзінаў.
«Там і цяпер стаяць кветкі, лямпадкі. Людзей гэтых (якія прыносяць кветкі) ганяюць», — дадае жанчына.
«Прыяжджаюць бээнэфаўцы, ніхто іх не чапае»
Непадалёк ад запраўкі старыя могілкі. Тут шмат пахаваньняў канца XIX стагодзьдзя. Бабуля, што ідзе насустрач, паказвае, як знайсьці пахаваньне брата Кастуся Каліноўскага Віктара. «Вы яго адразу ўбачыце». Кажа, што і да помніка Кастусю прывозяць кветкі на памінальныя дні.
«Прыяжджаюць бээнэфаўцы, ніхто іх не ганяе, не чапае. У Якушоўку (маёнтак Каліноўскіх у вёсцы каля Сьвіслачы, ад якога засталіся адно падмуркі. — РС) прыяжджаюць», — расказвае сваю вэрсію жанчына.
Сапраўды, справа ад капліцы здалёк відаць вялікае надмагільле з крыжам. Яно вылучаецца на фоне разбураных помнікаў зь нечытэльнымі надпісамі. Ляжаць кветкі, павязаная бела-чырвона-белая стужка.
«Віктар Атан Каліноўскі (9.04.1933 — 25.10.1862). Змагаром за незалежнасьць Беларусі, героям паўстаньня 1863 году ад удзячных нашчадкаў», — значыцца па-беларуску на надмагільлі.
Побач са Сталіным ушанавалі паўстанца
Мясцовыя тлумачаць, што Сьвіслач — вельмі спакойнае мястэчка. Тут жыве каля 6 тысяч чалавек. Працы мала, ніякай прамысловасьці. Многія зьяжджаюць на заробкі ў Польшчу або Расею, займаюцца памежным гандлем. Кажуць, што добра зарабляюць толькі начальнікі ў райвыканкаме і работнікі чыгуначнай станцыі, якая накіроўвае грузы на Польшчу.
Цэнтар Сьвіслачы, як і ў іншых раённых цэнтрах Беларусі, засяроджаны вакол галоўнай плошчы, з аднаго боку якой стаіць райвыканкам, зь іншага — дом культуры. Але тут пачынаюцца адрозьненьні — плошча ня носіць імя Леніна, дый няма на ёй фігуры расейскага рэвалюцыянэра.
Помнік Леніну стаіць у сквэры на «Алеі славы» з чырвонай зоркай. Тут жа побач з помнікам Сталіну і палеглым у Аўганістане ўшанавалі паплечніка Каліноўскага Рамуальда Траўгута.
Бадай, галоўная адметнасьць Сьвіслачы — помнік Кастусю Каліноўскаму, які месьціцца за некалькі сотняў мэтраў ад Леніна. Яго паставілі ў 1958 годзе. Аўтар — Заір Азгур. Ён стаіць перад мастацкай школай на вуліцы Леніна. У гэтым жа будынку з другога боку сымбалічна месьціцца спартовая заля барацьбы.
Яшчэ адна згадка пра кіраўніка паўстаньня 1863-1864 гадоў — вуліца імя Каліноўскага (раней Мсьцібаўская), таксама ў цэнтры мястэчка.
«Гэта наш народны пісьменьнік»
Паблізу ў адміністрацыйным будынку робяць рамонт будаўнікі з Горадні. Што ў горадзе зьвязана з Каліноўскім, яны ня ведаюць. Але імя гэтае чулі.
«Зразумела, ведаю. Гэта наш народны пісьменьнік. Няўжо я ў школе не вучыўся?.. Што вы ў мяне гісторыю пытаецеся? Вы ж ня ведаеце, што я буквар спаліў», — кажа адзін з работнікаў, Аляксандар.
Побач мужчыны перагружаюць на ровар торбы з харчамі, груз не зьмяшчаецца і падае. На пытаньне пра Каліноўскага яны адказваюць неахвотна:
«Ня ведаем мы такога. У нас іншыя праблемы».
Гэта адзіныя мясцовыя жыхары, якія прызнаюцца, што ня ведаюць пра славутага земляка. Раптам ім становіцца цікава, адкуль прыехалі беларускамоўныя госьці.
«У вас гаворка ня тая — польская, ня чыста беларуская. У нас па-беларуску не гавораць. Мы больш па-расейску. Вы зь Берасьцейскай вобласьці, бліжэй да Ўкраіны», — урэшце з падазронасьцю робяць выснову сябры і накіроўваюць з усімі пытаньнямі ў музэй, дзе самі, што праўда, не былі.
Усяго за некалькі крокаў ад месца, дзе мы размаўляем, знаходзіцца гімназія, у якой у 1847–1855 гадах вучыўся малы Кастусь. Пра гэта сьведчыць шыльда на ўваходзе. Сюды ж хадзіў Рамуальд Траўгут і кампазытар і мастак Напалеон Орда. Цяпер тут месьціцца корпус дзіцячага шпіталя. Праўда, жоўты будынак з калёнамі не відаць здалёк, ён хаваецца за больш сучасным гмахам шпіталя.
Яшчэ адзін мінак, малады хлопец Вадзім, пераконвае, што ўсе ў Сьвіслачы ведаюць Кастуся Каліноўскага, бо тут ёсьць школа ягонага імя. Але гэта ня той будынак, дзе вучыўся Кастусь.
«У школе нагадваюць пра Кастуся Каліноўскага. Цяплей становіцца, калі адчуваеш яго ў школе. Іншая атмасфэра. Натхняе вучыцца», — эмацыйна кажа Вадзім.
Хлопец таксама перакананы, што Каліноўскі быў пісьменьнікам.
«Добры чалавек для спадчыны, літаратуру пісаў, вельмі цікавыя кавалкі паэзіі ў яго былі. Я ўжо нічога не памятаю, даўно чытаў», — адказвае ён, ня ўспомніўшы нічога пра «Мужыцкую праўду».
Вадзім мяркуе, што Сьвіслач заслугоўвае, каб парэшткі вялікага чалавека былі пахаваныя тут. Аднак ня можа вызначыцца, у якім месцы мястэчка гэта лепей зрабіць. На агульных могілках ня вельмі ганарова, у цэнтры горада няёмка хаваць чалавека.
Суразмоўца хутка расказвае, што яшчэ варта паглядзець у Сьвіслачы: парк з мастком, дом Тышкевічаў з засыпанымі лёхамі, алею з драўлянымі сымбалямі гарадоў, што зьявілася пасьля «Дажынак».
«Прыгожы горад. На „Дажынкі“ рамонт зрабілі, „Эўраопт“ пабудавалі», — адзначае ён.
У музэі стаяць два бюсты Каліноўскага
Апошнім пунктам нашай вандроўкі становіцца музэй, куды нас накіроўвала палова мінакоў. Квіток для дарослага каштуе 70 капеек. Каліноўскаму тут прысьвечаны два стэнды, на якіх можна ўбачыць, як выглядалі данясеньне і прысуд Каліноўскаму, якім быў маёнтак роду ў Якушоўцы, дзе дзейнічалі паўстанцы.
Але галоўную ўвагу ў гэтай экспазыцыі прыцягвае вялікая чорная галава Каліноўскага пасярод пакоя. «Аўтар невядомы», — сьведчыць цыдулка побач зь бюстам. Калі і навошта выраблялі скульптуру, невядома.
Спускаемся ў падвал пад музэем з падманлівым надпісам «Карчма» і трапляем у мастацкую майстэрню. Тут у куце стаіць яшчэ адзін, ужо белага колеру, бюст Каліноўскага. Кажуць, гэта той самы, які раней займаў месца на алеі славы, а потым яго дэмантавалі нібыта на рэканструкцыю і перанесьлі сюды.
Супрацоўніцы музэю сьпешна выходзяць на імпрэзу.
«Яднаньне Беларусі і Расеі, канцэрт, мерапрыемства», — ветліва тлумачаць яны мэту паходу.
Каліноўскі можа стаць брэндам Беларусі
Апошняй нашай суразмоўцай становіцца мясцовая жыхарка Алена, якая працуе ў свой выходны на гародзе. Яна 25 гадоў працавала ў сыстэме адукацыі, цяпер перайшла на чыгунку. Жанчына размаўляе на чыстай беларускай мове. У студэнцтве пісала навуковую працу пра Каліноўскага.
Яна мяркуе, што гэта адзіная постаць, якая можа праславіць маленькую Сьвіслач. На ейную думку, Каліноўскі можа быць такой жа асобай, як Шэксьпір для Вялікай Брытаніі, дзеля якой турысты паедуць у Беларусь.
«Я б хацела, каб яго перапахавалі тут. А чаму не? Ціхае месца, памежнае, добрая прырода, ёсьць што паглядзець. Магіла Кастуся Каліноўскага зь цягам часу стала б месцам пакланеньня. Каліноўскі мог бы стаць брэндам Беларусі».