Аляксандар Лукашэнка прызначыў экс-кіраўніка Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка новым намесьнікам прэм’ер-міністра, паведамляе тэлеканал АНТ.
Ягоны папярэднік Міхаіл Русы, быў адпраўлены ў адстаўку пасьля скандалу з бруднымі каровамі на фэрме ў Шклоўскім раёне і ўжо заняў пасаду памочніка прэзыдэнта – інспэктара Магілёўскай вобласьці.
Як паведаміў тэлеканал, кар’ера Ўладзімера Дворніка была зьвязаная з аграрнай сфэрай.
26 сакавіка падчас паездкі па Магілёўскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка завітаў у малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аргахолдынг «Купалаўскае», абурыўся кепскімі ўмовамі ў кароўніку аграхолдынгу, параўнаўшы іх з Асьвенцімам, і загадаў зьняць з пасадаў «усіх вінаватых». Ён пагражаў прызначэньнем у Шклоўскі раён кіраўніцы сваёй адміністрацыі Натальлі Качанавай, адстаўкай — віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму і свайму памочніку Генадзю Лаўранкову. Казаў: «Гэта недапушчальна, што вы тут сноўдаецеся».
Пасьля абурэньня Лукашэнкі станам, у якім трымаюць кароў у аграхолдынгу «Купалаўскае», у адстаўку адправілі шэраг буйных чыноўнікаў. Першым сваю пасаду страціў кіраўнік Магілёўскай вобласьці Ўладзімір Даманеўскі.
27 сакавіка Лукашэнка адправіў у адстаўку віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца.
1 красавіка стала вядома, што былы міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц зойме пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, а былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы — пасаду памочніка прэзыдэнта – інспэктара Магілёўскай вобласьці, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсьліў, што іх адстаўка — не «экспромт празь нейкую фэрму ў Сьліжах».