Міхаіл Русы кіраваў сельскагаспадарчай галіной ва ўрадзе 7 гадоў, адзіны намесьнік прэм’ера, які перажыў адстаўку ўраду ў 2018 годзе. Леанід Заяц узначальваў міністэрства сельскай гаспадаркі таксама амаль 7 гадоў. 27 сакавіка Аляксандар Лукашэнка адправіў іх у адстаўку.
Міхаіл Русы
Кіраўнік Аграрнай партыі, былы міністар сельскай гаспадаркі і былы дэпутат Міхаіл Русы нарадзіўся ў вёсцы Вароніна Гомельскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, працаваў аграномам, старшынём калгасу, намесьнікам старшыні Кармянскага райвыканкаму.
У 1991–1994 годзе Міхаіл Русы адказваў за зямельную рэформу. У выніку рэформы Беларусь не пабачыла рэзкіх зьменаў.
У 1994 годзе Русы ўжо атрымаў пасаду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
У 2001 годзе заняў пост міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня, але ўжо праз два гады Лукашэнка адправіў яго ў адстаўку з фармулёўкай «за невыкананьне даручэньняў кіраўніка дзяржавы аб забесьпячэньні поўнай і своечасовай выплаты заработнай платы».
У 2008 годзе Міхаіл Русы стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Жыткавічаў. А ўжо ў 2012 годзе ён змог вярнуцца ва ўладную вэртыкаль і адразу стаў намесьнікам прэм’ер-міністра пры Міхаілу Мясьніковічу, пасьпеў папрацаваць ва ўрадзе пад кіраўніцтвам траіх прэм’ераў: Міхаіла Мясьніковіча, Андрэя Кабякова і Сяргея Румаса.
Леанід Заяц
Ураджэнец Менскай вобласьці Леанід Заяц працаваў трактарыстам, брыгадзірам, галоўным аграномам. З 1991 году стаў кіраўніком калгасу «Беларусь». Ужо ў 1999 годзе стаў кіраўніком Маладачанскага райвыканкаму, з 2001-га намесьнік старшыні Менскага абласнога выканаўчага камітэту.
Чатыры гады Леанід Заяц быў генэральным дырэктарам агракамбінату «Дзяржынскі». Адтуль перайшоў на пасаду міністра сельскай гаспадаркі, якім пабыў амаль 7 гадоў(прызначылі міністрам у жніўні 2012 году).
Што здарылася
26 сакавіка падчас паездкі па Магілёўскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка завітаў у малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аргахолдынг «Купалаўскае», абурыўся кепскімі ўмовамі ў кароўніку аграхолдынгу, параўнаўшы іх з Асьвенцімам, і загадаў зьняць з пасадаў «усіх вінаватых». Ён пагражаў прызначэньнем у Шклоўскі раён кіраўніцы сваёй адміністрацыі Натальлі Качанавай, адстаўкай — віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму і свайму памочніку Генадзю Лаўранкову. Казаў: «Гэта недапушчальна, што вы тут целяпаецеся».
Пасьля абурэньня Лукашэнкі станам, у якім трымаюць кароў у аграхолдынгу «Купалаўскае», у адстаўку адправілі шэраг буйных чыноўнікаў. Першым сваю пасаду страціў кіраўнік Магілёўскай вобласьці Ўладзімір Даманеўскі.
27 сакавіка Лукашэнка адправіў у адстаўку віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца.
Што сказаў Лукашэнка?
- «Не, гэтая карова ледзь жывая, ты паглядзі, як яна рухаецца».
- «Навошта вы сюды мяне прывезьлі? Каб я зараз службе бясьпекі загадаў надзець вам наручнікі?»
- «Калі чалавек не разумее, што гэта Асьвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас зусім не разумею».
- «Ты паглядзі на гэтую скаціну, яна ж уся абаср...ная. І на поўсьці ўсё закарэла».