Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дэпутат Скрабец напісаў кнігу пра свой палітычны і турэмны досьвед


Сяргей Скрабец, архіўнае фота 2015 году
Сяргей Скрабец, архіўнае фота 2015 году

Апазыцыйны палітык, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня і палітвязень Сяргей Скрабец скончыў працу над кніжкай пад назвай «Цана волі, альбо Адкрыцьці апазыцыйнага палітыка».

У кнізе аповед пачынаецца з падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, у якіх Скрабец зьбіраўся ўдзельнічаць. Ён піша, як спэцслужбы тады правялі супраць яго адмысловую апэрацыю, калі арыштавалі двух намесьнікаў старшыні ягонага выбарчага штабу. Іх абвінавацілі ў тым, што яны нібыта везьлі зь Літвы 200 тысяч даляраў «для дэстабілізацыі грамадзкага парадку ў краіне».

Далей Скрабец расказвае пра свой арышт, берасьцейскі сьледчы ізалятар, турэмны шпіталь, менскую «Валадарку», перасьлед родных, сустрэчу ў калёніі «Віцьба-3» з Аляксандрам Казуліным.

Другая частка кнігі — «Галоўнае зьвяно» — прысьвечаная аналізу стану беларускага грамадзтва. Гэта спроба разабрацца ў тым, чаму розныя апазыцыйныя сілы ў Беларусі так і ня здолелі аб’яднацца, паведаміў Свабодзе аўтар.

«Мая кніга будзе патрэбна тым маладым людзям, якія не спалохаюцца ісьці супраць плыні, — кажа Сяргей Скрабец. — Дабро не заўсёды перамагае зло — гэта аксіёма. Але, тым ня менш, я ўпэўнены, што да ўлады ў Беларусі прыйдуць людзі, якія паставяць грамадзкія інтарэсы вышэй за ўласныя. Гэтая кніга для іх».

Кніга пра «Рэспубліку» будзе наступнай

Два гады таму Скрабец паведамляў, што пачаў пісаць кнігу пра дэпутацкую групу «Рэспубліка», апошнюю апазыцыйную фракцыю ў беларускім парлямэнце. Скрабец кажа, што гэта будзе ягоная наступная кніга.

«Тады я сапраўды спадзяваўся спачатку напісаць успаміны пра „Рэспубліку“. Але калі пачаў працаваць, то неяк так атрымалася, што выйшаў на іншую тэму. Таму рукапіс „Рэспублікі“ пакуль адкладзены. Але, не сумняваюся, што гэта будзе мая другая кніжка», — кажа Сяргей Скрабец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG