У сакавіку міжведамасныя мабільныя групы па недапушчэньні ўвозу на тэрыторыю Расеі тавараў, «якія трапілі пад дзеяньне зваротных эканамічных захадаў» у дачыненьні Захаду, затрымалі 14 транспартных сродкаў, якія перавозілі зь Беларусі больш за 200 тон садавіны пад выглядам тавараў прыкрыцьця.
Прадукцыя была ўвезеная пад выглядам лесаматэрыялу і дзіцячых сродкаў гігіены — без фітасанітарных сэртыфікатаў і іншых суправаджальных дакумэнтаў, паведамляе Рассельгаснагляд.
29 сакавіка ў адпаведнасьці з Палажэньнем аб парадку ажыцьцяўленьня каранціннага фітасанітарнага кантролю «распачатая працэдура зьнішчэньня». Ужо зьнішчана 19 тон груш. Астатнюю частку прадукцыі (180 тон яблыкаў) плянуецца зьнішчыць у бліжэйшы тыдзень.
Таксама, адзначае Рассельгаснагляд, будуць зьнішчаныя 13 тон яблыкаў, 1,4 тоны груш, 0,3 тоны пэкінскай капусты.
Усяго з пачатку 2019 года ўпраўленьне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях зьнішчыла каля 500 тон расьлінай прадукцыі.
27 сакавіка ў Маскве на сустрэчы з намесьнікам дырэктара Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі па насеньняводству, каранціну і ахове расьлін Беларусі Аляксандрам Паўловічам кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данквэрт прыгразіў забараніць рээкспарт плодаагародніннай прадукцыі празь Беларусь.
У апошнія гады ведамства «пастаянна сутыкаецца» са спробамі ўвозу ў Расею празь Беларусь прадукцыі ў суправаджэньні выдадзеных беларускім бокам фітасанітарных сэртыфікатаў з несапраўднымі зьвесткамі аб краіне яе паходжаньня.