Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, загадчык лябараторыі нехрамасомнай спадчыннасьці Інстытуту генэтыкі НАН, доктар біялягічных навук, прафэсар Алег Давыдзенка расказвае пра вынікі сваіх дасьледаваньняў геному карэннага насельніцтва Беларусі.
Асноўныя высновы прафэсара Давыдзенкі:
- Беларусы — не славянамоўныя балты, беларусы — славяне
- Найбліжэйшыя генэтычныя сваякі беларусаў — палякі, расейцы і ўкраінцы. За імі ідуць балты, за балтамі — немцы
- Генэтыка не пацьвярджае існаваньне асобных усходніх і заходніх славян, гэта адна генэтычная група. Але яна мае вялікае адрозьненьне ад славян паўднёвых
- Нямецкія нацысты былі б моцна зьдзіўленыя, каб геном чалавека быў расшыфраваны ў 30-я гады ХХ стагодзьдзя. Беларусы, палякі, расейцы і ўкраінцы маюць амаль у два разы больш «арыйскіх» генаў, чым немцы
- Генэтыкі не заўважаюць адрозьненьняў сярод беларусаў па лініі захад — усход або паўночны захад — паўднёвы ўсход. Ёсьць толькі невялікія адрозьненьні паміж поўначчу і поўднем краіны
- У генэтычных адносінах беларусы — адна з самых маналітных папуляцый у Эўропе
Геном дзесяці беларусаў цалкам расшыфраваны
— Цяпер у сьвеце шмат гавораць і пішуць пра расшыфраваны геном чалавека. А ці расшыфраваны геном беларусаў? Ці існуе наогул нейкі асаблівы беларускі геном?
— Калі гаварыць пра падабенства розных людзей, то чалавек і шымпанзэ адрозьніваюцца ўсяго на 8 працэнтаў. Натуральна, розныя народы адрозьніваюцца нашмат менш.
Калі ўпершыню расшыфравалі геном чалавека, гэта быў вялікі прарыў, таму што ўсе пасьлядоўнасьці кожнай храмасомы былі прачытаныя. Але гэта ня значыць, што іх зразумелі да канца. Яшчэ шмат давядзецца папрацаваць.
На расшыфроўку геному Кангрэс ЗША патраціў 3 мільярды даляраў, і мноства лябараторый працавалі над гэтым. А сёньня ўжо геном вызначаецца за значна меншыя грошы, абсалютна танна, і, напрыклад, геном некаторай колькасьці беларусаў таксама цалкам расшыфраваны — гэта каля дзесяці чалавек.
Для чаго гэта робіцца? Не для таго, каб зразумець нейкага канкрэтнага чалавека, а для таго, каб зразумець наогул, хто мы такія як нацыя, якія гены ў нас ёсьць.
Кожны чалавек атрымлівае па палове спадчыннага матэрыялу ад сваіх бацькі і маці, адпаведна і ягоныя бацькі атрымалі такую ж колькасьць генаў ад сваіх бацькоў. Значыць, у маім геноме ці ў вашым зьяшчаюцца фрагмэнты нашых далёкіх продкаў. І вось гэтыя кавалкі можна паглядзець, адкуль яны, дзе сустракаюцца. І прасачыць радавод чалавека.
Першапачаткова прасочвалі радавод людзей, паходжаньне той ці іншай народнасьці, нацыі па Y-храмасоме, таму што яна перадаецца ад бацькі да сына, і такім чынам можна было паглядзець зьменлівасьць на працягу стагодзьдзяў.
І другая цікавая малекула ДНК, якая ёсьць у мітахондрыях — гэта арганэла, якая перадаецца ад маці да сыноў і дачок, але сыны далей яе перадаць ня могуць.
І такім чынам зьбіраючы розную інфармацыю пра гэтыя два кавалачкі геному прадстаўнікоў розных народаў, навукоўцы-генэтыкі прыйшлі да высновы, што ўсе мы паходзім з Афрыкі, наш від Homo Sapiens паходзіць з Афрыкі.
І датаваньне таксама заснавана на малекулярнай зьменлівасьці. Лічыцца, што гэты біялягічны гадзіньнік дастаткова дакладны — больш дакладны, чым, напрыклад, лінгвістычны. І можна было прасачыць, што першая жанчына зьявілася ў Афрыцы, і першы мужчына, верагодна, таксама там. Гэта ня значыць, што яна была прамаці, гэта значыць, што іншыя жанчыны, якія жылі ў той час, не пакінулі ў нас сьледу.
— Колькі прайшло пакаленьняў ад першых мужчыны і жанчыны?
— Складана назваць дакладную дату, але прыкладна ад 160 да 220 тысяч гадоў. Вось у гэтым прамежку.
Беларусы — славяне, а ня балты
— Дык хто ж такія беларусы?
— У генэтычным сэнсе беларусы як нацыянальная адзінка склаліся, як мне здаецца, у сярэднія вякі. Але найперш мы славяне.
Многія кажуць, што, маўляў, мы не славяне, мы балты. Але калі браць генэтыку, то па частотах тыпаў Y-храмасомы і мітахандрыяльнай ДНК мы бліжэй за ўсё да расейцаў, украінцаў і палякаў. Крыху далей мы ад балтаў.
Калі паглядзець на лінгвістычнае дрэва, то славяна-балцкая агульнасьць праглядаецца лінгвістамі даўно. І найбольш блізкія да беларусаў (калі параўноўваць нас з нашымі славянскімі суседзямі) — балты, але яны наогул блізкія да ўсіх славян. Балцкія і славянскія мовы разышліся ўсяго 2 ці 2,5 тысячы гадоў таму.
Гэта паводле лінгвістычнага гадзіньніка. А паводле генэтычнага гадзіньніка мы з балтамі пайшлі ад розных плыняў генаў і ад розных міграцыйных плыняў.
Вядома, што прыкладна 15 тысяч гадоў таму на тэрыторыі Беларусі быў ледавік. Гэты ледавік зьнёс усё, і жыць тут было немагчыма, у нас былі шматкілямэтровыя тоўшчы лёду, пустэльня ледзяная. Гэта адбылося з усёй Эўропай. І людзі, якія насялялі Эўропу (гэта, вядома, быў сучасны від) разышліся па маленькіх такіх прытулках. Адзін зь іх быў на Пірэнэях, дзе цяпер Гішпанія, адзін —на Блізкім Усходзе — імаверна там, дзе цяпер Турэччына ці Грэцыя, і значная частка мігравала за Касьпійскае мора — на поўнач Індыі, поўнач Пакістану.
А калі ледавік растаў, людзі пачалі вяртацца. Але, натуральна, паколькі гэтыя групы пераседжвалі ледавік шмат тысяч гадоў, іхная генэтыка разышлася. Зьявіліся новыя мутацыі, новыя суседзі. І потым тыя людзі пачалі засяляць Эўропу. Адны рухаліся ў кірунку зь Пірэнэяў, гэта будучыя кельты, іншыя рухаліся з-за Касьпію.
Усе гэтыя патокі былі маркіраваныя пэўнымі Y-храмасомамі, таму што ў беларусаў, напрыклад, 51% Y-храмасом складае так званая R1a-храмасома. Найбольшае яе распаўсюджаньне прыпадае на Індыю і паўночны Пакістан.
Першыя пасяленцы, якія засялілі нашу тэрыторыю, хутчэй за ўсё, былі, я баюся гэтага слова, арыйцамі (сьмяецца). Так ці іначай гэта былі арыі — лінгвістычная агульнасьць, якая злучае ўсе народы Эўропы. Нават тыя людзі, што пераседзелі ледавік на Пірэнэях, і тыя, што гаварылі на санскрыце, гэта ўсё індаэўрапейскія мовы.
— А іншыя суседзі беларусаў, як яны выглядаюць на генэтычнай мапе Эўропы?
— Спачатку ўсё насельніцтва Эўропы разбрылося за межы ледавіка, а потым пачало паціху зьбірацца на тэрыторыі Эўропы, ужо атрымаўшы сур’ёзныя генэтычныя адрозьненьні. І вось тыя людзі, што пераседзелі ледавік на Пірэнеях, дайшлі да сярэдзіны цяперашняй Нямеччыны. І некаторыя мутацыі мы адчуваем і ў Беларусі, але яны нашмат радзей распаўсюджаныя ў нас, чым на Пірэнэях. А ў Нямеччыне ці Францыі яны нашмат больш распаўсюджаныя. Большая частка людзей там маркіраваная іншай Y-храмасомай — R1b.
Засяленьне адбывалася паступова, і па меры адступленьня ледавіка людзі, якія, напрыклад, пасьвілі аленяў у Крыме (у крымскіх пячорах знаходзяць вялізную колькасьць касьцей пясцоў і паўночных аленяў), па меры адступленьня ледавіка са сваімі аленямі апынуліся недзе каля палярнага круга.
Праз гэты рух народаў адбываўся абмен генэтычнай інфармацыяй, хоць і невялікі. Ёсьць іншая храмасома, якая маркіруе вугра-фінаў — яна, як ні дзіўна, паходзіць з Кітаю. Гэта вугра-фінскае насельніцтва, гэта некаторыя народы Расеі, як марыйцы, удмурты, уласна фіны ў нейкай меры. Але не эстонцы, бо эстонцы — гэта хутчэй балты, якая гавораць на фінскай мове. Прынамсі, яны генэтычна вельмі блізкія да літоўцаў і латышоў.
— Тое, што вы гаворыце, у пэўнай ступені супярэчыць дадзеным гістарычнай навукі, у прыватнасьці археалёгіі і этнаграфіі. Вядома, што тэрыторыя Беларусі была заселеная балтамі яшчэ да таго, як сюды прыйшлі славяне. І зразумела што ня ўсе балты адышлі на паўночны захад. Частка, і даволі значная, была асыміляваная. Няўжо балты не пакінулі ніякага сьледу ў генах сучасных беларусаў?
— Многія ў Беларусі кажуць, што мы славянамоўныя балты. Хутчэй за ўсё, гэта ня так, таму што троху пазьней быў трэці генэтычны паток. Ён прыйшоў з Блізкага Ўсходу, яго прыкладнае датаваньне — 8-9 тысяч гадоў таму, гэта быў самы цёплы час, тады адбылася аграрная рэвалюцыя. На Блізкім Усходзе яна ўжо адбылася, і ў паўднёва-заходняй Беларусі геолягі знаходзяць сьляды пшаніцы і жыта, узрост якіх 6 тысяч гадоў. Гэта значыць, калі на Блізкім Усходзе 8-9 тысяч гадоў таму пачалася аграрная рэвалюцыя, то яна прыйшла і ў Беларусь праз 2 тысячы гадоў.
Натуральна, яна не магла прыйсьці сама, тады ні тэлеграфу, ні інтэрнэту не было, рэвалюцыйныя спосабы апрацоўкі глебы прыйшлі разам зь людзьмі. Таму ў беларусаў, як і ў расейцаў, украінцаў і палякаў, у 25% выпадкаў сустракаецца храмасома, якая распаўсюджаная менавіта там, на Блізкім Усходзе. А вось у літоўцаў і астатніх балтаў гэтай храмасомы практычна не сустракаецца.
Многія ў Беларусі кажуць, што мы славянамоўныя балты. Хутчэй за ўсё, гэта ня так, таму што троху пазьней была трэцяя генэтычная плынь. Яна прыйшла зь Блізкага Ўсходу, яе прыкладнае датаваньне — 8-9 тысяч гадоў таму
Хутчэй за ўсё мы спачатку сталі славянамі, потым падзяліліся на плямёны, а ўжо потым гэтыя плямёны аб’ядноўваліся ў народы і нацыі. І хутчэй за ўсё, мы вельмі рана атрымалі земляробства.
Былі і іншыя міграцыйныя патокі, больш позьнія. Напрыклад, адзін з варыянтаў храмасомы R1a, хутчэй за ўсё, прыйшоў да нас з сутыку Ўкраіны, Польшчы і Славаччыны. Тры асноўныя беларускія племені — радзімічы, дрыгавічы і крывічы — так ці іначай нясуць варыянт гэтай храмасомы, але больш за ўсіх радзімічы.
Летапісец «Аповесьці мінулых часоў» напісаў «радзімічы роду ляскага». Рух гэты, найхутчэй, адбываўся па рэках, па Прыпяці, ну і потым дайшоў і да Сожа, які таксама зьяўляецца прытокам Дняпра. Вось прыкладна такая карціна вымалёўваецца.
— Гісторык Доўнар-Запольскі 100 гадоў таму пісаў, што радзімічы — гэта польскае племя. Ён, відаць, на «Аповесьць» і спасылаўся.
— Разумееце, гэта проста племя, якое мігравала. У тыя часы, калі паглядзець на лінгвістычнае дрэва, то балта-славян ад германцаў таксама адрозьнівае ня так шмат — усяго 4 тысячы гадоў. А мы вось апэруем часамі, якія як бы выходзяць за гэтыя межы, калі не было ніякага ні пісьменства, ні гістарычных сьведчаньняў і г. д. Летапісец абапіраецца на легенду, разумееце?
Храмасома R1a ёсьць у многіх народаў, але што цікава, калі паглядзець на германцаў, напрыклад, то ў іх амаль у роўнай прапорцыі R1a і R1b. У кельтаў пераважае R1b. Гэта яўна ўказвае на тое, што гэтыя два патокі рухаліся насустрач адзін аднаму і пасярэдзіне Нямеччыны сустрэліся.
У гэтым сэнсе нямецкая фашысцкая ідэалёгія, якая сьцьвярджала, што немцы — гэта арыйцы, толькі часткова мела рацыю. У гэтым сэнсе беларусы ці палякі яшчэ большыя арыйцы.
Ці існуе славянская кроў
— Ці можна гаварыць, што існуе славянская кроў, славянскія гены?
— Разумееце, у чым справа, гэта ж спалучэньне генаў. Мы ўсе насамрэч аднолькавыя. Ну крыху, можа быць, адрозьніваюцца нэгроіды ад азіятаў і эўрапэоідаў.
Чаму? Таму што ў вельмі старажытны час, калі чалавек выйшаў з Афрыкі (прыкладна 60 тысяч гадоў таму), то гэта былі, безумоўна, чарнаскурыя людзі. Яны сустрэліся зь іншым чалавечым відам — з нэандэртальцамі. Магчыма, гэта наогул паклала канец нэандэртальцам — такім жа людзям, якія ўмелі, дарэчы, разводзіць агонь, рабілі прылады працы і, можа быць, нават нейкія творы мастацтва.
Калі дасьледавалі косьці нэандэртальцаў, археалягічную ДНК, то аказалася, што прыкладна 4% генаў сучасных людзей (белых і мангалоідаў) перанятыя ў спадчыну ад гэтага віду. Магчыма, гэта стала прычынай разыходжаньня расаў.
Фактычна нэандэртальцы і сучасны чалавек Homo Sapiens былі настолькі далёкія, наколькі мы сёньняшнія далёкія, напрыклад, ад шымпанзэ. Спалучэньні ў такой сытуацыі рэдка калі бываюць пасьпяховымі, як правіла, узьнікае многа розных выродлівых формаў. Але потым пры далейшым спалучэньні зьяўляюцца ўсё новыя і новыя формы, таму што гэта абсалютна новае спалучэньне генаў, і гэты прыём выкарыстоўваюць у аддаленай гібрыдызацыі, напрыклад у расьлін, для таго, каб нейкія гены, якіх у нашым генафондзе няма, унесьці.
Яшчэ нядаўна ў Сыбіры быў знойдзены так званы дзянісаўскі чалавек (знайшлі ўсяго адну фалангу пальца). Яго ДНК расшыфравалі, і аказалася, што многія народы паўднёва-ўсходняй Азіі, малайзійцы ды іншыя, маюць гены гэтага дзянісаўскага чалавека — у вельмі маленькай колькасьці, але тым ня менш. Значыць, пэўна, спалучаўся не адзін чалавечы від, а мноства паміж сабой. Зрэдку, праўда, але гэта мела далёка ідучыя наступствы.
Як беларусы зьвязаныя з Балканамі
— Давайце перамесьцімся бліжэй у гістарычныя часы. Шмат пішуць, прынамсі раней пісалі, пра радзіму славян. Мне вось нядаўна давялося чытаць публікацыю аб тым, што ў беларусаў ёсьць балканскія гены.
— Вядома, ёсьць — 27%.
— Але для фальклярыстаў гэта не навіна, бо ў значнай частцы беларускага фальклёру, у прыватнасьці ў песьнях, згадваецца Дунай. Атрымліваецца, што частка беларусаў прыйшла з Балканаў?
— А можа быць, і наадварот. Вось глядзіце, суфіксы прозьвішчаў на -іч характэрныя для беларусаў. Але не для ўсіх. Калі мы паглядзім на распаўсюджваньне гэтага суфікса, то ён у асноўным прыпадае на тэрыторыю дрыгавічоў. Гэта дрыгавіцкі спосаб абазначэньня роднасьці. Прозьвішчы зьявіліся 200 гадоў таму, а вось суфіксы — гэта вельмі старажытная рэч.
А суфікс -енка (як у маім прозьвішчы), які нібыта уласьцівы ўкраінцам, насамрэч ва Ўкраіне сустракаецца толькі па цячэньні Дняпра. І больш за ўсё ён распаўсюджаны менавіта па цячэньні Дняпра як ва Ўкраіне, так і ў Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі. Хутчэй за ўсё, гэта суфікс крывічаў. А крывічы, як вядома, любілі ўрывацца на чужую тэрыторыю. У нас многа паселішчаў крывічаў, якія наогул не на крывіцкай тэрыторыі знаходзяцца, бо яны сяліліся сярод радзімічаў, сярод дрыгавічоў і г. д.
І хутчэй за ўсё, я думаю (хоць, вядома, усімі фактарамі не валодаю), была славянская экспансія з Прыпяці за Дунай, а не наадварот. Можа, яны тады яшчэ славянамі не былі. Балканскай храмасомы, якой больш за ўсё ў паўднёвых славян (у нас яе 25 %, у іх працэнтаў 40), у насельніцтва Грэцыі і далей, да Блізкага Ўсходу каля 70 %.
Зразумела, што калі славяне перасяліліся туды, то як бы яны больш будуць атрымліваць ад суседзяў гэтага генэтычнага матэрыялу. Так што, я думаю, хутчэй за ўсё, было наадварот.
Наогул, да ледавіка ўсе эўрапейцы размаўлялі на адной мове, а пасьля ледавіка ў Эўропу ўжо вярнуліся людзі з рознай генэтыкай і рознымі мовамі. Выключэньне тут толькі цюрскія і фінска-вугорскія мовы, але гэта ўжо зусім іншыя групы.
Як генэтыкі дасьледавалі беларусаў
— Часам даводзіцца чуць меркаваньні, што славяне — гэта лінгвістычная супольнасьць, а генаў славянскіх як такіх не існуе.
— Не, гэта ня так. Я не разумею, чаму можна ганарыцца, што мы балты і не ганарыцца тым, што мы славяне.
Калі мы пачалі гэтае дасьледаваньне, мне ўсе казалі, маўляў, ты зьбяры ДНК на поўначы Лідзкага раёну і на поўначы Браслаўскага раёну, ты пабачыш, што ўсе яны літоўцы, балты. Калі я паглядзеў, колькі там такіх людзей жыве, то яны не складаюць і 1% насельніцтва Беларусі. Калі б мы будавалі сваю генэтыку толькі на гэтых людзях, мы маглі б зрабіць такую выснову.
А мы пабудавалі экспэрымэнт інакш: мы падзялілі беларусаў на зоны, на часткі. Гэта паўночны ўсход Беларусі, паўночны захад, усходняе Палесьсе, заходняе Палесьсе, цэнтар... І ў кожным мы ўзялі тры пункты. Мы ўзялі толькі сельскія населеныя пункты, мы выключылі тыя месцы, дзе, напрыклад, кампактна жылі ці жывуць беларускія татары, іх мы потым асобна вывучылі.
Мы пабачылі, што, вядома, мы ніякія ня балты. Вось я ўжо вам прыводзіў прыклад, вось гэтая балканская храмасома, якой у нас 25%, а яе практычна няма ў літоўцаў, латышоў, эстонцаў
Мы выключылі некаторыя пункты, дзе мова адрозьніваецца моцна ад беларускай, напрыклад вічынскія паляне, гэта некалькі вёсак у Лунінецкім раёне, яны крыху лінгвістычна адрозныя — мы іх таксама выключылі і потым асобна дасьледавалі.
І вось калі мы атрымалі гэтыя дадзеныя зь пяці рэгіёнаў і сабралі каля тысячы людзей, мы цяпер маем карціну наогул усіх беларусаў.
Мы гэта рабілі ўсё ў сельскіх раёнах, бо гарадзкое насельніцтва зьмешанае. Мы выключылі ўсіх, у каго бабка ці дзед не зь Беларусі.
І вось калі мы сабралі ўсю гэтую інфармацыю ў цэлым, то мы, па-першае, убачылі, што нацыя вельмі маналітная: няма такога градыенту захад —усход. Хутчэй ён ёсьць з поўначы на поўдзень. У цэлым вельмі і вельмі падобныя людзі і з паўночнага захаду, і з паўднёвага ўсходу і г. д. — гэта адзін генэтычны пул.
Па-другое, мы пабачылі, што, вядома, мы ніякія ня балты. Вось я ўжо вам прыводзіў прыклад, вось гэтая балканская храмасома, якой у нас 25%, а яе практычна няма ў літоўцаў, латышоў, эстонцаў. Затое вугра-фінская храмасома ў нас сустракаецца ў 8% выпадкаў, у расейцаў — у 9%, ва ўкраінцаў — у 6%. Хто бліжэйшы да вугра-фінаў? Расейцы бліжэйшыя за ўсіх, зразумела. Але ў іх вельмі вялікая тэрыторыя, і, скажам, расейскія паморы — гэта вугра-фіны, якія размаўляюць на славянскай мове, таму што яны рэзка адрозьніваюцца ад астатніх.
А вось расейцы зь Цьверы, з Ноўгараду, з Пскова — яны нічым не адрозьніваюцца... Ну вельмі нязначна адрозьніваюцца ад беларусаў. Так што наўрад ці мы славянамоўныя балты, хутчэй за ўсё мы аб’яднаньне трох славянскіх плямёнаў.
Прафэсар Давыдзенка адкідае і балцкі субстрат
— У 60-я гады ХХ стагодзьдзя расейскі археоляг Валянцін Сядоў выставіў тэорыю балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў. З вашых слоў выглядае, што гэта ня так. Няўжо няма ніякай балцкай крыві ў беларусах?
— Археалягічная тэорыя? На чым яна заснаваная? На гліняных гаршках.
— Ня толькі, на дадзеных фізычнай антрапалёгіі, абмерах.
— Разумееце... Ці жылі тут балты? Жылі, вядома. Калі людзі, якія пасьвілі паўночных аленяў, знаходзіліся ў Крыме падчас ледавіка, а потым перамяшчаліся на поўнач, то і іншыя народы таксама перамяшчаліся. І кожны са сваім. А калі вось гэтыя перамяшчэньні адбываліся, яны былі зьбіральнікамі, прывязанымі да лясоў. Вось лясы ўсё паўночней і паўночней адступалі, і за гэтымі лясамі адступалі балты. Натуральна, мы ўвесь час судакраналіся з балтамі.
Але вось у чым справа. Нават абшчыны, якія доўга тут жывуць, татары, напрыклад, 600 гадоў — мы ня бачым вялікага сьледу беларускага ў гэтых татарах. Нязначны ён ёсьць, зразумела, але невялікі.
І гэтаксама мы ня бачым сьляда татарскага ў беларускай нацыі. То бок балты жылі на гэтай тэрыторыі. Яны адступалі на поўнач, а мы займалі тэрыторыю.
— Няўжо не было асыміляцыі?
— Вядома, яна была. Я проста прывяду прыклад: прыйшлі татары, спалілі горад Казельск, усіх жанчын згвалцілі. Ня кожная жанчына нарадзіла пасьля гэтага, а калі некаторыя і нарадзілі, то вакол гэтага Казельску было 120 вёсак, дзе як нараджаліся славяне, так і працягвалі нараджацца. Таму гаварыць, што расейцы асыміляваныя з татарамі, таксама не даводзіцца. Хутчэй з вугра-фінамі, таму што многія вугра-фіны прымалі праваслаўе і рабіліся рускімі. Беларусы, якія жывуць у Польшчы, прынялі каталіцтва, становяцца палякамі.
— Можа, таму мы і сваякі блізкія з палякамі, што там шмат беларусаў спольшчаных?
— Мы жылі зь імі ў адной дзяржаве столькі гадоў — больш, чым мы з расейцамі. Гэта натуральна.
Мы і з балтамі жылі побач. Ды і Масква знаходзіцца на былым паселішчы балтаў! І што тут такога? Балты пайшлі, прыйшлі іншыя. Прыйшлі славяне. Вяцічы прыйшлі.
— У нас быў такі акадэмік-мовазнаўца Мікалай Бірыла, ён займаўся антрапаніміяй, беларускімі прозьвішчамі і выдаў слоўнік антрапанімічны. Аднойчы ў пачатку 90-х гадоў ён мне расшыфраваў маё прозьвішча. Сказаў, што ў прозьвішчы «Абламейка» корань славянскі (ад абламы-аблямы — аблога, аблямоўка, парослы кустоўем схіл), а суфікс -ейка балцкі. Прозьвішча паходзіць з Карэліцкага раёну, гэта Панямоньне, летапісная Літва. Нават у прозьвішчах праглядаецца прысутнасьць балтаў у этнагенэзе беларусаў.
— Ну вядома, але яна не складае аснову. Галоўнае самасьвядомасьць. Наша этнічнасьць — яна ў нас у галаве, яна ня ў генах.
— Мне адзін археоляг, прыхільнік ліцьвінства, казаў, што ў беларусах суадносіны балцкай і славянскай крыві 85 на 15. Ёсьць і такія погляды.
— Гэта ня так, ня так. Мы вельмі падобныя з балтамі, мы самыя блізкія наогул да ўсіх славян, прынамсі да ўсходніх і заходніх. Усходнія і заходнія славяне ўтвараюць адну групу ў генэтычным сэнсе. Паўднёвыя славяне троху іншыя. Ну гэта і зразумела, таму што туды, да Баўгарыі, увайшлі так званыя булгары волскія, абсалютна цюрскае племя, потым 500 гадоў рабства турэцкага, і, акрамя таго, яны ж не прыйшлі на пустую тэрыторыю.
Вось вельмі цікавая краіна Малдова, напрыклад. Там славянскіх каранёў мы знаходзім вельмі шмат нават сярод карэннага малдаўскага насельніцтва, таму што калісьці гэта была тэрыторыя славянская.
Вугоршчына — тое самае, славянскія карані, але мова ўжо вугра-фінская. Затое калі па генэтыцы на іх паглядзець, то яны вельмі непадобныя, скажам, да фінаў, і, тым больш, да эстонцаў.
Што сабой уяўляе генатып беларусаў
— Некалькі гадоў таму маю ўвагу прыцягнула інтэрвію з галоўным гематолягам Міністэрства аховы здароўя Беларусі, які сказаў, што беларускія трансплянтолягі найчасьцей знаходзяць донараў касьцявога мозгу для беларусаў у генэтычных банках Польшчы і Нямеччыны. Як вы як генэтык можаце гэта пракамэнтаваць?
— Ну вось глядзіце, гэта ж паток тых арыйцаў, ад якіх у нас 51%, а ў немцаў 35% Y-храмасомы. Вось ён дайшоў да Нямеччыны. Таму тут нічога дзіўнага няма, мы вельмі блізкія народы.
Па генэтычным дрэве да нас найбліжэйшыя ўкраінцы, расейцы і палякі, потым літоўцы і латышы, потым немцы. І генэтычна мы найбольш блізкія да іх.
Тое, што мы эўрапейскі народ — гэта відавочна, мы сталі народам у Эўропе і так далей. Іншая справа, што мы калісьці не былі славянамі — гэта так, мы былі арыямі, потым генэтычныя плыні зьмянілі нашу мову. І сама мова наша разьвівалася пад ціскам суседзяў, гэта непазьбежна. Асабліва калі прыносяць тэхналёгіі.
Каб расказаць, як пасеяць пшаніцу, трэба сказаць пра поры году, пра тое, калі сеяць, чым араць, як зрабіць гэтую саху, як змагацца з пустазельлем, калі зьбіраць ураджай і г. д. Тысячы слоў. Каб камунікаваць на бытавым узроўні, трэба слоў дзьвесьце. А вось каб перадаць тэхналёгію... Тут тэрміналёгія пачынаецца, тут зьяўляюцца новыя словы.
Натуральна, людзі калі прыходзяць і прыносяць нейкую тэхналёгію, разам з тэхналёгіяй яны прыносяць новыя словы. Мова мяняецца.
— Давайце падсумуем вашы высновы. Колькі чаго ў беларусах ёсьць? І яшчэ раз паўторым — хто найбліжэйшыя сваякі беларусаў?
— Першае — мы, безумоўна, эўрапейцы, гэта 100%. Значная складовая частка ў нас — гэта індаэўрапейцы, якія прыйшлі з-за Касьпію, з поўначы Індыі і Пакістану, гэта першыя перасяленцы на гэтай тэрыторыі.
Пэўную, нязначную ролю адыгралі і вугра-фіны, якія таксама былі нашымі найбліжэйшымі суседзямі. І пасьля R1a-храмасомы ідзе балканская храмасома, прынесеная, верагодна, перасяленцамі з Блізкага Усходу ці зь Пярэдняй Азіі і якая, хутчэй за ўсё, і прынесла нам земляробства.
Адзін літоўскі археоляг увесь час зьдзіўляецца, чаму славяне такія шматлікія — палову Эўропы займаюць, а балты такія маленькія. Ды таму што мы на 4 тысячы гадоў раней атрымалі земляробства. Натуральна, земляроб можна пракарміцца, зрабіць запасы ежы і размножыцца больш упэўнена. Гэтай адзінай эканамічнай прычынай усё тлумачыцца.
А балты доўга заставаліся паляўнічымі і зьбіральнікамі. Каб пракарміць сям’ю паляўнічых, трэба 25 квадратных кілямэтраў, каб пракарміць сям’ю земляробаў, трэба 2 гектары. Гэта астранамічная розьніца.