Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі да «залатой» прыбіральні даробяць вэнтыляцыю за 46 тысяч даляраў


У Гомлі дагэтуль не працуе прыбіральня ў парку, кошт якой ня меншы за паўтара мільёна рублёў. «Маўзалей» — так ахрысьцілі мясцовыя прыбіральню — працаваў у тэставым рэжыме летась з 25 кастрычніка. Цяпер да прыбіральні даробяць вэнтыляцыю за 46 тысяч даляраў.

На сайце дзяржаўных закупак 22 сакавіка зьявілася інфармацыя пра пошукі арганізацыі, якая зробіць вэнтыляцыю для грамадзкай прыбіральні. Паводле інфармацыі на сайце, кошт вэнтыляцыі, кандыцыянаваньня прыбіральні і адпаведных працаў — 97 960 рублёў (прыкладна 46 тысяч даляраў).

Гомельскія ўлады дагэтуль афіцыйна не назвалі кошт будаўніцтва «залатой прыбіральні», якая лічыцца найдаражэйшай у Беларусі. Паводле тэндэру прыбіральня ацэньвалася больш як у 1,5 млн рублёў.

Аб’ект меў быць здадзены летась ў сьнежні, але будаўнікі «ў аўральным рэжыме» скончылі працы раней. 25 кастрычніка, акурат напярэдадні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, прыбіральня прыняла першых наведнікаў — прычым бясплатна.

Тымчасам у Гомлі будуецца другая «залатая прыбіральня» — тамсама, у парку. Яна таксама будзе ўнутры схілу гары і вонкава выглядацьме як першая. Менавіта ўмацаваньне схілу гары было адным з самых выдатковых складнікаў праекту.

Будаўніцтва абедзьвюх прыбіральняў перш плянавалася на беразе Сажа. Летась тут правялі рэканструкцыю набярэжнай, агульная працягласьць — каля двух кілямэтраў. Гэтым, паводле аўтараў праекту, абумоўлена патрэба не ў адной, а ў дзьвюх прыбіральнях.

Мяркуецца, што прынамсі першая прыбіральня прыме наведнікаў «на травеньскія сьвяты» — так абяцалі ва ўпраўленьні капітальнага будаўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG