Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімох Вострыкаў — чалавек, якога не зламалі 23 гады савецкіх лягераў


Цімох Вострыкаў, Лювэн, 1951
Цімох Вострыкаў, Лювэн, 1951

Гісторыя жыцьця і ўшанаваньня прадстаўніка Рады БНР Ціхоха Вострыкава.

Зь дзясятак гадоў таму напрадвесьні акурат напярэдадні Дня Волі гомельцы рыхтаваліся паставіць помнік на магіле легенды беларускага нацыянальнага руху Цімоха Акімавіча Вострыкава. Пахаваны ён у вёсцы Раманавічы паблізу абласнога цэнтру.

Патэлефанаваў грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора: «Слухай, патрэбная ж эпітафія. Ну, каб ляканічна і зразумела».

Словы нарадзіліся адразу ж — яны і высечаныя на помніку пад прозьвішчам і датамі 85-гадовага зямнога шляху Вострыкава — «Змагару і Беларусу».

У паваеннай эмігранцкай кругаверці Вострыкаў ня страціў родную беларускую мову. Таму спрыяў моцны асяродак землякоў-уцекачоў , якія вучыліся ў беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхэльсдорфе, у амэрыканскай акупацыйнай зоне Баварыі. Дапамагаў навучальнай установе тамтэйшы Беларускі нацыянальны камітэт, які ачольваў Міхась Міцкевіч, родны брат Якуба Коласа.

«Тут , у гэтай гімназіі, я стаўся сьвядомым патрыётам Бацькаўшчыны, бо тут было створана нацыянальнае асяродзьдзе», — згадваў пазьней той няпросты час Цімох Вострыкаў у аўтабіяграфічным нарысе «Мая споведзь».

У сваім жыцьці кім толькі ня быў Вострыкаў — электразварнікам, настаўнікам, салдатам Чырвонай aрміі, палітычным уцекачом, шахтаром у Вялікай Брытаніі, студэнтам у Бэльгіі, пасланьнікам Рады БНР, вязьнем сталінскіх лягераў, агентам дзьвюх выведак, але перадусім ён быў — Беларусам.

Рух з турэмнай пэрспэктывай

Зьбіраючы матэрыял для дакумэнтальнай аповесьці «Адысэя капітана БНР», я намагаўся асэнсаваць зыгзагі лёсу Вострыкава. Ён, бадай, яшчэ ў юныя гады зразумеў перавагу каштоўнасьці чалавечага жыцьця над няпэўнасьцю савецкай «сьветлай будучыні», за якую рознага кшталту прапагандысты клікалі ісьці ў бой і памерці ўсе як адзін «в борьбе за это».
Разуменьне прыйшло, калі «калектывізатары» з былога Церахоўскага раёну, што на Гомельшчыне, гвалтам заганялі сялян з роднай вёскі Баршчоўкі ў калгас пад назваю «Рух наперад». У Акіма і Ефрасеі Вострыкавых, бацькоў Цімоха, забралі «на патрэбы калгасу» спачатку гумно, потым пуню. Але Акім не здаваўся, у калгас не ішоў. У яго вывелі кароў, а за імі й коней. Кабаноў забралі, нават бульбу выграблі. Мала таго, дык учынілі яшчэ й пажар у гаспадарцы — шукалі ноччу парсюка Ефрасеінай сястры . Думалі, што тая хавае сьвінчо ад раскулачваньня ў гаспадарцы Вострыкавых.

Калгас бацька Цімоха ня тое што недалюбліваў — цярпець ня мог. І ўсяляк ад яго адмаўляўся.

«Ад беса гэтая ўлада», — казаў Акім, бачачы, які гвалт чыняць «калектывізатары» над уласьнікамі.

За нелюбоў да калгасу тагачасны так званы народны суд адмераў Акіму Вострыкаву тры гады турэмнага зьняволеньня. Пад турму для «ворагаў народу» энкавэдысты прыстасавалі ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёну былую сядзібу шляхцічаў Халецкіх, знаных дзяржаўных дзеячоў Вялікага Княства Літоўскага.

«Выкарчавалі» з пэдвучэльні, прызвалі на фронт

Праз арышт бацькі Цімох змушаны быў пакінуць вучобу ў гомельскай пэдвучэльні і набыць прафэсію электразварніка. Дзецей «ворагаў народу» чэкісты вычышчалі з навучальных установаў — змушалі дырэктараў падпісваць загады на адлічэньне. А тут яшчэ новы першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка, будучы ў Гомлі, ставіў задачу «выкарчоўваньня ворагаў» ды, як стала вядома пазьней, прасіў у Сталіна ў сакрэтных шыфроўках павялічыць для БССР колькасць рэпрэсаваных першай і другой катэгорыяў. Першая — расстрэлы, другая — турмы альбо лягерныя баракі.

Здраднікамі й ворагамі народу лічыліся й сотні тысяч байцоў Чырвонай арміі, што ў першы год вайны апынуліся ў розных «катлах» і аблогах нямецкага вэрмахту. Цімох Вострыкаў быў адным зь іх. Здолеў выбрацца з палону ў Смаленскай вобласьці, пехатою даклыпаць у родную Баршчоўку на Гомельшчыне. А калі акрыяў, набраўся сілаў, то вырашыў ехаць у Нямеччыну. Сам. Добраахвотна. Карцела неяк выкараскацца з гэтай паўсядзённасьці, дзе ледзь ня кожны крок прарочыў шыбеніцу альбо здрадніцтва.

Падвойны тур у Нямеччыну

Увесну 1942 году Цімох апынуўся ў невялікім нямецкім гарадку Рослаў, што на рацэ Эльбе. Уладкаваўся на завод электразварнікам. Усякай прамысловасьці тут хапала: выраблялі прылады, тарпэдныя катэры, плывучыя танкі. Дыміў хімічны завод.

У Рославе Цімох тазікам аддубасіў немца, які не пускаў яго ў заводзкую лазьню, прызначаную менавіта для немцаў. Уцякаў назад на радзіму праз працоўную біржу, куды эшалёнамі дастаўлялі з акупаваных тэрыторыяў сотні «остарбайтэраў». Выкараскацца з гісторыі дапамог зямляк-перакладнік — дзякуючы даведцы пра падучую хваробу .

Другі раз Вострыкаў трапіў у Нямеччыну ў 1944 годзе ўжо пад прымусам. Рабіў на заводах у Франкфурце-на-Майне, рыў акопы, батрачыў у баўэра. Вайна скончылася, а ехаць маладому хлопцу дахаты не выпадала. Ведаў: чакае арышт, лягер, бо быў у нямецкім палоне.

Урэшце дазнаўся, што ў баварскім гарадку Рэгенсбургу арганізаваўся беларускі лягер «перамешчаных асобаў». Беларускія ўцекачы — а іх у Заходняй Нямеччыне налічвалася ад 75 да 100 тысяч — здолелі самаарганізавацца, наладзіць побыт. У лягеры існавалі пачатковая школа, сяміклясная беларуская гімназія (пазьней яе перавялі ў Міхэльсдорф), унівэрсытэт для дарослых. Моладзь аб’ядналася ў Арганізацыю беларускіх скаўтаў. Пабудавалі нават сваю драўляную царкву імя сьвятой Эўфрасіньні Полацкай.

Лёндан крыху беларускі

Адвучыўшыся ў гімназіі, Цімох у складзе «дванаццаткі» сяброў-беларусаў выправіўся ў Ангельшчыну зарабляць грошы, каб змагчы атрымаць яшчэ й вышэйшую адукацыю.

На выспе былыя гімназісты сталі шахтарамі, наладзілі сувязь зь Лёнданам, з тамтэйшым Згуртаваньнем беларусаў у Вялікай Брытаніі. Абгаворвалі супольныя культурніцкія, выдавецкія праекты, дбалі пра ўзмацненьне салідарнасьці.

Патрыятычнаму настрою ў пэўнай меры спрыяў прыезд у Лёндан з Францыі прэзыдэнта й старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. Тагачасны кіраўнік БНР быў проста апантаны ідэяй змаганьня за Беларусь, ідэяй незалежнасьці й дэмакратыі, злучаў раскіданых па сьвеце беларусаў. Шахтарам ён падарыў надзею на працяг вучобы. Высілкамі Абрамчыка ды іншых дбайных людзей былі пачатыя пошукі стыпэндыяў для беларускай моладзі. Урэшце дапамог Ватыкан, і Цімох Вострыкаў пасьля двухгадовай працы вуглякопам выправіўся разам зь землякамі на вучобу ў Бэльгію.

«Душа» падаўся ў фізкультурны

У Лювэне Цімох стаў скарбнікам і распаўсюднікам прэсы для бэльгійскіх землякоў-беларусаў. Ён адным зь першых вызначыўся і з будучай падрыхтоўкай — запісаўся ў фізкультурны інстытут Лювэнскага ўнівэрсытэту, хоць некаторыя сябры, часьцяком называючы Цімоха «Душой», прарочылі яму вялікую паэтычную будучыню. Бачылі ягоныя паэтычныя пачынаньні ў часопісе «Наперад!», якім апекаваўся найперш Янка Запруднік.

Вучобу ў Лювэне Вострыкаў пакінуў на самым пачатку 1952 году, каб неўзабаве выправіцца ў Беларусь з пасьведчаньнем капітана арміі БНР. Паваенная Эўропа перабудоўвалася на новы лад, пазбаўлялася рудымэнтаў дыктатарскіх рэжымаў і адначасна супраціўлялася распаўзаньню камунізму. Набірала абароты «халодная вайна». Ніхто не выключаў і «гарачага» варыянту.

Выведнік «Карл»

Цімох Вострыкаў прайшоў кароткую падрыхтоўку на амэрыканскай вайсковай базе ў Баварыі. Падрыхтоўка агентаў стасавалася з плянамі Рады БНР, якая ў 1947 годзе аднавіла дзейнасьць у Заходняй Нямеччыне і дамагалася прызнаньня Беларусі самастойнаю дзяржаваю.

Прадстаўнікі Рады БНР наладзілі нават кантакты з амэрыканскім ЦРУ дзеля стварэньня сваёй кадравай школы з палітычнай і вайсковай сэкцыямі. Быў спадзеў, што з апорай на ЗША ўдасца дасягнуць незалежнасьці Беларусі. Цімох Вострыкаў у тое паверыў і 27 жніўня 1952 году з групай парашутыстаў высадзіўся з амэрыканскага самалёта непадалёк ад вёскі Кляцішча Івянецкага раёну Маладачанскай вобласьці — цяпер Стаўпецкі раён Менскай вобласьці. Вострыкаў меў кансьпірацыйную мянушку «Карл». Ягоная «чацьвёрка» мусіла зьбіраць зьвесткі пра стаўленьне сялян да калектывізацыі, інфармацыю пра палітычную сытуацыю ў БССР, а таксама наладжваць сувязь з антысавецкім падпольлем.

Раней за Вострыкава быў дэсантаваны Янка Філістовіч. Але праз здраду МГБ арыштавала і Філістовіча, і «чацьвёрку» Вострыкава . Падчас затрыманьня Міхася Кальніцкага застрэлілі. Міхася Арцюшэўскага (меркаванага здрадніка) прэзыдыюм Вярхоўнага савету СССР памілаваў і вызваліў ад крымінальнай адказнасьці. За якія заслугі — можна толькі здагадвацца, бо ў адкрытым друку пра гэта не паведамлялася.
Цімоха Вострыкава і Генадзя Касьцюка вайсковы трыбунал асудзіў на 25 гадоў турэмнага зьняволеньня «за здраду Радзіме праз шпіянаж ды іншыя контрарэвалюцыйныя злачынствы». Касьцюк з турмы ня выйшаў, а Вострыкаў, адбыўшы ў мардоўскіх лягерах амаль 23 гады, урэшце вярнуўся на Бацькаўшчыну. Ані КГБ, ані ГУЛАГ яго не зламалі, не перакавалі ў «савецкага чалавека», хоць ён паўсотні разоў апынаўся ў карцэры і агулам правёў у ім амаль цэлы год, жывучы толькі на хлебе й вадзе. Цімох і ў лягеры схітрыўся зладзіць «беларускі ланцужок», каб перадаваць беларускую літаратуру асуджаным землякам з рук у рукі, падтрымліваць у іх нацыянальныя пачуцьці і еднасьць.

Цімох Вострыкаў з жонкай Аленай і сынам
Цімох Вострыкаў з жонкай Аленай і сынам

У Гомлі, калі Цімох рабіў на «Гомсельмашы» стропальшчыкам, а пасьля і машыністам крана, ён і пад ціскам не адмовіўся ад беларускае мовы. Не перакаваўся Вострыкаў і ў выніку прымусу КГБ паўдзельнічаць у выкрыцьці амэрыканскага шпіёна ў Маскве на пачатку 1980-х гадоў... Цімох з жонкаю і сына Ільлю змалку прывучылі да беларускай мовы і гісторыі.

Эпітафія па-беларуску

У Баршчоўцы, на радзіме Цімоха Вострыкава, я знайшоў магілу ягонай маці. На сьціплым помніку вершаваная эпітафія па-беларуску, народжаная, як падалося, збалелым сэрцам Цімоха.

Магіла Ефрасеі Вострыкавай
Магіла Ефрасеі Вострыкавай

Сьпі адвечным і ціхім сном,
Мамка.
Боль ня будзеш гаіць
Болей смуткам душы.
На зямлі ты цягнула,
Ой, цяжкую лямку.
Дай жа, Божа, спагады
У зямельнай цішы.

Падпісана эпітафія проста: Сын. І сямейнае прозвішча Цімох перадаў бліжэй да традыцыйнае мовы: “Войстрыкава – Бугрымава Ефрасея Сідараўна. 1885–1964”. Гэта, здаецца, адзіны надмагільны надпіс па-беларуску на ўсе Баршчоўскія могілкі, а мо нават і на ўвесь Добрускі раён.

Пасьля ГУЛАГу Цімох маці ўжо не застаў. Бацьку таксама – яго па вайне зноў арыштавалі, пасадзілі ў тую ж Хальчанскую турму, а пасьля вывезьлі ў Сыбір, дзе ён і згінуў.

«Вострыкаў будзе ўшанаваны на дзяржаўным узроўні»

Ураджэнец Баршчоўкі Міхаіл Таратынаў, які часьцяком вазіў Цімоха на Радаўніцу ў родную вёску, апавёў, што у сям’і Вострыкавых нарадзіліся чатырнаццаць дзяцей — і ўсе хлопцы. Але дажылі да сталасьці толькі чацьвёра — Павел, Якаў, Цімох і найменшы Ільля, 1926 году нараджэньня. Павел, аднак, праз хваробу пайшоў з жыцьця ў маладыя гады. Якаў і Ільля загінулі на фронце. Да старасьці дажыў толькі Цімох, нягледзячы на тое, што жыцьцё яго часьцяком нагадвала хаду па лязе брытвы.

«Для мяне Цімох — герой, — кажа Таратынаў. — Я не сустракаў іншага такога праўдзівага і справядлівага чалавека. Калі я чую ці чытаю ў дзяржаўных выданьнях артыкулы, дзе яго ачарняюць людзі, якія яго ня ведалі, я разумею, што ён і мёртвы перашкаджае некаторым сучасным чыноўнікам з замшэлай савецкай сьвядомасьцю, перашкаджае тою зацікаўленасьцю, якую выклікае ягоная постаць. Веру, што Цімох Вострыкаў будзе ўшанаваны на дзяржаўным узроўні. А я асабіста буду дамагацца, каб школу ў Баршчоўцы Добрускага раёну, дзе некалі вучыўся Цімох, назвалі ягоным імем».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG