25 сакавіка ва ўрочышчы Курапаты будуць пастаўленыя сродкі фота- і відэафіксацыі.
На тэрыторыі ўрочышча плянуецца разьмясьціць 10-12 фатапастак. Плянуецца, што камэры будуць пастаўленыя службовымі асобамі лясной аховы ў прысутнасьці міліцыі. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Такім чынам Бараўлянскі спэцлясгаз узмацняе ахову Курапацкага ўрочышча пасьля акту вандалізму над помнікамі.
У выпадку зьдзяйсьненьня тых ці іншых супрацьпраўных дзеяньняў сродкі фота- і відэафіксацыі дадуць магчымасьць вылічыць парушальнікаў.
Цяпер у Курапатах арганізавае дзяжурства дзяржаўнай лясной аховы.
Паводле Міністэрства лясной гаспадаркі, апаганеныя вандаламі помнікі прыведзеныя ў парадак.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.