Джымі Картэр, 39-ы прэзыдэнт ЗША, які кіраваў краінай ад 1977 па 1981 гады, пабіў рэкорд даўгалецьця сярод усіх амэрыканскіх прэзыдэнтаў. 22 сакавіка 2019 году, на 95-м годзе жыцьця, Картэр «абышоў» Джорджа Буша-старэйшага, якому на момант сьмерці ў лістападзе 2018 году споўнілася 94 гады і 171 дзень.
Картэр — адзін зь нямногіх прэзыдэнтаў, якія змаглі пераступіць 90-гадовую мяжу. Разам зь ім у сьпіс доўгажыхароў уваходзіць другі прэзыдэнт ЗША Джон Адамс, які сканаў 4 ліпеня 1826 годк, роўна праз 50 гадоў ад моманту прыняцьця Дэклярацыі незалежнасьці ЗША, ва ўзросьце 90 гадоў і 247 дзён. Гэты рэкорд быў пабіты толькі ў 2002 годзе Рональдам Рэйганам.
Акрамя таго, Картэр застаецца рэкардсмэнам сярод амэрыканскіх прэзыдэнтаў па працягласьці актыўнай палітычнай і грамадзкай дзейнасьці пасьля сыходу зь Белага дому. Да 2012 году гэты рэкорд належаў 31-му прэзыдэнту Гэрбэрту Гувэру, які дажыў да 90 гадоў і сканаў у 1964 годзе.
Джымі Картэр, якому ў кастрычніку споўніцца 95 гадоў, і яго 91-гадовая жонка Разалін працягваюць удзельнічаць у штогадовым мерапрыемстве «Працоўны праект Джымі і Разалін Картэр», які праводзіцца імі сумесна зь некамэрцыйнай арганізацыяй «Асяродзьдзе пражываньня для чалавецтва»(Habitat for Humanity). Гэты фонд займаецца будаўніцтвам дамоў па ўсім сьвеце для людзей, якія маюць патрэбу ў жытле.
Двойчы на месяц Картэр дае ўрокі ў нядзельнай школе баптысцкай царквы Маранафа на ўскраіне яго роднага мястэчка Плэйнс у штаце Джорджыя. Усё жыцьцё Картэр быў і застаецца актыўным членам амэрыканскай царквы хрысьціян-баптыстаў.
Выданьне Politico са спасылкай на кангрэсмэна-дэмакрата Ро Хана паведаміла, што прэзыдэнт Картэр, які вёў перамовы аб заключэньні мірнага пагадненьня паміж Эгіптам і Ізраілем у 1978 годзе, выявіў жаданьне паехаць у КНДР і сустрэцца з Кім Чэн Ынам, каб дапамагчы Беламу дому ў аднаўленьні перамоваў аб спыненьні паўночнакарэйскай ядзернай праграмы.
У жніўні 2015 году Картэр паведаміў, што ў яго дыягнаставалі цяжкое анкалягічнае захворваньне — мэляному з мэтастазамі ў мозгу і пячонцы. Неўзабаве пасьля гэтага яму зрабілі апэрацыю па выдаленьні злаякасных пухлін і прызначылі агрэсіўны плян лячэньня, які ўключаў у сябе сэансы радыё- і хіміятэрапіі. Праз чатыры месяцы Картэр распавёў, што яму ўдалося вылечыцца.