22 сакавіка ў Менску ў галерэі tut.by адбылося ўручэньне літаратурнай прэміі «Празрысты ЭОЛ», якую заснаваў віртуальны часопіс «ЛітРАЖ» пры падтрымцы шэрагу беларускіх пісьменьнікаў.
За 2018 год пераможцы вызначаныя ў 16 катэгорыях. Ляўрэаты, абраныя тайным электронным галасаваньнем, уганараваныя прызамі аўтарства Паўла Вайніцкага.
Сярод ляўрэатаў прэміі аўтары Свабоды —
- Сяргей Шупа ў намінацыі «найлепшы літаратурны аўдыёзапіс» за аўдыёраман «Падарожжа ў БНР»,
- Зьміцер Бартосік у намінацыі «найлепшая электронная кніга ў жанры nonfiction» за «Клініку кітайскага дантыста» і
- Ян Максімюк у катэгорыі «Найлепшы літаратурны вэб-праект» за фэйсбук-суполку «Толькі пра літаратуру».
Ян Максімюк, які адмініструе суполку «Толькі пра літаратуру» ўжо цягам 15 месяцаў, паведаміў, што яна мае каля 1400 удзельнікаў і працягвае павялічвацца недзе на сотню чалавек на месяц.
Гэтая суполка для людзей, якія ўпадабалі літаратуру і хочуць падзяліцца думкамі наконт яе зь іншымі аматарамі мастацкага слова.
«Тут можна і варта пісаць пра свае захапленьні і расчараваньні выданьнямі, аўтарамі і сюжэтамі; тут можна і трэба пісаць пра выдавецкія навінкі і ўзнаўленьні старасьветчыны; тут можна і пажадана хваліць (або бэсьціць) беларускі і замежны літаратурны працэс».
Паводле Яна Максімюка, мэты суполкі не мяняюцца, але будуць мяняцца некаторыя формы падачы матэрыялаў, «каб прыцягнуць і згуртаваць яшчэ болей прыхільнікаў беларускага мастацкага слова».
Пераможцы яшчэ ў 13-ці катэгорыях:
- Зьміцер Дзядзенка за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Драматургія», «Турэмшчык», часопіс «ЛітРАЖ»;
- Віктар Жыбуль за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Літаратуразнаўства», «ТАВІЗ.Па сьлядах легендарнага літаб’яднаньня», часопіс «Полымя»;
- Ірына Шаўлякова за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Крытыка», «Любоў (да) чытача як (не)нагода для аптымізму», газэта «Літаратура і мастацтва»;
- Ігар Бабкоў за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Эсэістыка», «Восеньскі лексыкон птушак і рыб», часопіс «ЛітРАЖ»;
- Макс Шчур за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Пераклад паэзіі», «Сьпеў пра мяне» Ўолта Ўітмэна, часопіс «ЛітРАЖ»;
- Павал Касьцюкевіч за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Пераклад прозы», Узі Вайль «Апавяданьні», часопіс «ПрайдзіСьвет»;
- Наста Кудасава за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Паэзія», «Бег па няўмольнай вадзе», часопіс «Дзеяслоў»;
- Вінцэсь Мудроў за найлепшую он-лайн публікацыю ў катэгорыі «Проза», «Пэнсія», часопіс «ЛітРАЖ»;
- Ганна Севярынец за вызначэньне дакладнай даты напісаньня верша Алеся Дудара «Пасеклі край наш папалам»;
- Вера Дзядок у катэгорыі «Найлепшая электронная кніга, пераклад nonfiction», «Затушаваныя краявіды» Марціна Полака;
- Сяргей Календа за найлепшую электронную кнігу ў катэгорыі «Проза», «Часам панкі паміраюць», выдавецтва «Логвінаў».
- Інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» атрымала спэцыяльны прыз часопіса «ЛітРАЖ» за ўнёсак у разьвіцьцё беларускай літаратуры ў сеціве;
- Часопіс «ЛітРАЖ» у катэгорыі «Найлепшае літаратурнае выданьне».
Прэмія «Празрысты ЭОЛ» (ЭОЛ расшыфроўваецца як «электронная і онлайн-літаратура») уручаецца за найлепшыя электронныя кнігі і літаратурныя онлайн-публікацыі беларускамоўнага інтэрнэту. Ляўрэатаў вызначыла Віртуальная літаратурная акадэмія, у якую ўваходзяць крытыкі, навукоўцы і пісьменьнікі. Сёлета адбылося першае ўганараваньне ляўрэатаў.
Заяўленыя мэты прэміі такія:
- заахвоціць айчынных выдаўцоў да публікацыі электронных кніг;
- падтрымаць творчасьць беларускамоўных, найперш маладых аўтараў;
- прыцягнуць увагу шырокай грамадзкасьці да найлепшых літаратурных онлайн-публікацый на беларускай мове.
Рэкамэндацыі наконт намінацый дасылала ў Сакратарыят прэміі чытацкая і аўтарская публіка.
Прэмія «Празрысты ЭОЛ» прысуджаецца ў 21 катэгорыі. Яны падзеленыя на наступныя групы: «Арыгінальныя онлайн-публікацыі», «Электронныя кнігі», «Перакладныя», «Мэдыя», «Іншыя».