Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макс Шчур: «Давайце зробім літаратурныя Оскары ў Беларусі»


Макс Шчур
Макс Шчур

Нагодай для нашай гутаркі з Максам Шчуром, паэтам, празаікам, перакладчыкам і эсэістам, стала нядаўна заснаваная прэмія «Празрысты Эол» за электронную і онлайн-літаратуру.

Макс Шчур — адзін з сузаснавальнікаў гэтай прэміі і адзін з аўтараў яе статуту. Ён таксама — ляўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Юхнаўца 2004 году і імя Ежы Гедройця 2016 году. Так што яму ёсьць што сказаць пра літаратурныя прэміі, паколькі ён меў нагоду глянуць на іх, так бы мовіць, і з аднаго боку, і з другога.

Слухайце поўную гутарку ў далучаным аўдыё-файле. А тэкстам я даю толькі кароткія фрагмэнты, для затраўкі.

Ну і наагул — слухайце ня толькі падкасты «Гутаркі зь Янам», але і падкасты маіх рэдакцыйных калегаў у Ютуб-канале пад назвай «Падкасты Свабоды».

Зь якой ідэі пачаўся «Празрысты Эол»

«Ідэя была наступная: а давайце зробім літаратурныя Оскары. (…) Цудоўна было б зрабіць нешта, каб узімку людзі не сумавалі, а нечым займаліся, і нам нейкую такую справу прыдумаць, каб не нудзіцца доўгімі вечарамі. А Оскары, калі не памыляюся, уручаюцца ў лютым-сакавіку. (…) Мая адпачатная ідэя была, каб назваць прэмію „Нежалезная коска“, і каб прыз, які ўручаецца, называўся Коскарам».

Акадэмія — самае тое

«Спадабалася людзям ідэя менавіта акадэміі, менавіта калектыўнага вырашэньня — тое, што адбываецца на Оскарах, калі вырашае Амэрыканская акадэмія, у якой дзьвесьце-трыста чалавек [паводле афіцыйнага сайту акадэміі, у ёй больш чым 8 тысяч чалавек — РС] і якая складаецца з прызнаных майстроў у кожнай галіне кінамастацтва. (…) Такі калегіюм адмыслоўцаў прымае рашэньне, і гэтае рашэньне мае вагу, мае нейкі прэстыж. У нашай Акадэміі — 57 чалавек».

Якія публікацыі Акадэмія «Празрыстага Эола» возьме пад увагу

«Мы бярэм пад увагу такія сайты, якія займаюцца перад усім літаратурай. Але часам і іншыя, напрыклад, на „Нашай Ніве“ ёсьць літаратурная рубрыка, у вас на Свабодзе некаторыя эсэ і крытычныя матэрыялы ёсьць, наш сайт [„Літраж“ — РС], „ПрайдзіСьвет“, плюс дзяржаўныя выданьні, пра „Дзеяслоў“ ня кажучы. Гэта ўсё выданьні, якія праходзяць нейкі адбор, у якіх нехта працуе як рэдактар, прынамсі моўны, і якія рэзка адрозьніваюцца ад самапублікацый».

Хто зьнік і хто зьявіўся ў беларускай літаратуры

«Пасьля атрыманьня Гедройця і ўсьведамленьня таго, што там адбываецца, я зразумеў, што сфармавалася ўсё-такі нейкая літаратурная беларуская прастора, без асаблівага майго ўдзелу. Тое, што я, напрыклад, з гэтага асабліва нічога ня маю, — акрамя прэміі Гедройця, натуральна, — гэта яшчэ паўбяды. Бяда ў тым, што зьнікла цэлая літаратурная генэрацыя. Калі ў гэтых ЖЖ-шачках прыйшло пакаленьне народжаных у 1980-х, якое абсалютна не ўяўляла і не хацела, як мне здаецца, уяўляць, што адбывалася перад імі, то генэрацыя людзей майго веку і старэйшых за мяне проста сышла. Яе проста няма. На першы плян павылазілі людзі, якія, скажам так, ня грэбуюць пэўнымі піяр-тактыкамі, а людзі, якія якраз грэбуюць і пры гэтым пішуць вельмі таленавіта, яны засталіся невядома дзе. І гэта абсалютна ненармальна».

Чаго не хапае прэміі Гедройця

«Чым яна падмацоўвае свой заяўлены аўтарытэт? Грашыма. Тым, што яна знайшла нейкіх спонсараў. Але грошы ня ёсьць заменьнікам таго, пра што вы казалі — далейшай раскруткі, дапамогі аўтарам адчуваць сябе сапраўднымі аўтарамі, спрыяць перакладам. (…) Грошы ў нашай сытуацыі — гэта дапамога, але гэта не галоўнае, гэта не прэстыж. Ганкуры грошай не даюць. Чаму? Навошта ім даваць грошы, калі яны ўжо забясьпечваюць пуцёўку, і выдаўцы будуць біцца за таго аўтара, які атрымаў прэмію, калі ў іх яшчэ няма падпісанага кантракту. (…) Ёсьць попыт не на грашовы эквівалент, а менавіта на меркаваньне экспэртаў. Ганкураўская прэмія якраз забясьпечвае гэта. Ці забясьпечвае гэта прэмія Гедройця — ну, я б не сказаў, што гэта факт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG