Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабанаву, Коржыч, Кулакову і Пятрухіну ўручылі прэмію «Хартыі’97» за абарону правоў чалавека. ФОТА


Леанід Кулакоў, замест Сьвятланы Коржыч прэмію атрымала яе сяброўка Ганна Бадзяка, Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў
Леанід Кулакоў, замест Сьвятланы Коржыч прэмію атрымала яе сяброўка Ганна Бадзяка, Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў

Прэміяй сайту «Хартыя’97» за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2018 год адзначаныя блогеры Сяргей Пятрухін зь Берасьця, Аляксандар Кабанаў зь Бярозы, грамадзкі актывіст Леанід Кулакоў зь Менску і маці загінулага салдата Сьвятлана Коржыч зь Пінску.

Да 2010 года ўручэньне прэміі «Хартыі’97» адбывалася ў Менску, потым было перанесена ў Варшаву. Сёлета ўганараваньне ляўрэатаў вярнулася ў Менск, — адзначыў падчас уручэньня прэміі адзін зь яе ранейшых ляўрэатаў Яўген Афнагель.

Сярод ляўрэатаў два блогеры

Відэаблогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў адзначаныя ў намінацыі «За сьмеласьць у творчасьці і асабістую мужнасьць». Яны другі год змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці.

«Можна толькі захапляцца іхнаю мужнасьцю і радавацца таму, што мы пад абаронай такіх моцных мужчын», — адзначыла, уручаючы дыплёмы, рэжысэр дакумэнтальнага кіно, актывістка Вольга Мікалайчык.

Аляксандар Кабанаў, Вольга Мікалайчык і Сяргей Пятрухін
Аляксандар Кабанаў, Вольга Мікалайчык і Сяргей Пятрухін

Відэаблогер Аляксандар Кабанаў згадаў, што дзякуючы сайту «Хартыя’97» у яго адкрыліся вочы на падзеі ў Беларусі:

«Але яшчэ нядаўна я ня мог прадбачыць, што сам буду ўдзельнічаць ў падобных падзеях, у змаганьні, якое асьвятляе сайт „Хартыя’97“. Наш зь Сяргеем унёсак у грамадзкае жыцьцё дзяржава ацаніла пасадкамі, штрафамі і крымінальнымі справамі. Своесаблівая ацэнка, але рады, што цяпер па-сапраўднаму гэта ацаніла і дэмакратычная супольнасьць», — сказаў Аляксандар Кабанаў.

Сяргей Пятрухін пасьля ўручэньня дыплёму сказаў, што будзе і надалей змагацца, каб ягоны сын жыў у вольнай краіне.

Сьвятлана Коржыч прыехаць не змагла

У намінацыі «За асабістую мужнасьць» прэміяй сайту «Хартыя’97» уганараваная Сьвятлана Коржыч, маці салдата Аляксандра Коржыча, які загінуў у 2017 годзе ў Печах.

«Яна працягвае і зараз змагацца, каб стала вядомая праўда пра гэтае злачынства і праўда пра іншых салдат», — адзначылі на цырымоніі.

Сьвятлана Коржыч не змагла прыехаць зь Пінску на ўручэньне прэміі, яе не адпусьцілі з працы. Дыплём ляўрэата ёй перадасьць знаёмая сям’і Ганна Бадзяка, якой дыплём уручыла журналістка Ірына Халіп.

«Кажуць, што самае страшнае для маці — перажыць сьмерць свайго дзіцяці. Гэта пэўна так, але, мяркую, ня менш страшна, калі маці павінна ўступаць у вайну зь дзяржаваю, каб вінаватыя не сышлі ад адказнасьці. Мужнасьць Сьвятланы Коржыч ня мае межаў, менавіта дзякуючы ёй многія легкадумныя беларусы зразумелі, што войска — гэта такое месца, адкуль трэба ратаваць дзяцей, што вайскоўцы — гэта, можа быць, нават больш неабароненая частка грамадзтва, чым грамадзкія актывісты, якіх перасьледуюць, штрафуюць і садзяць на „суткі“. Толькі мы самі можам абараніць нашых дязцей, якіх забіваюць без вайны. Ня будзе беларуская армія цывілізаванай, пакуль у яе рэфармаваньні ня возьмуць удзел салдацкія маці, такія, як Сьвятлана Коржыч», — сказала Ірына Халіп.

Ірына Халіп
Ірына Халіп

Уганараваны абаронца Курапатаў

Актывіст Леанід Кулакоў атрымаў прэмію сайту «Хартыя’97» у намінацыі «За асабістую мужнасьць».

​Яўген Афнагель, які вёў цырымонію, адзначыў, што Леанід Кулакоў ня толькі сталы ўдзельнік курапацкай вахты, але ён даўно і мужна змагаецца за абарону правоў чалавека і дэмакратыю ў Беларусі, шмат разоў адбываў арышты, пацярпеў падчас курапацкай вахты ад наезду аўтамабіля.

«Калі такіх Кулаковых будзе больш, дык перамога будзе за намі», — адзначыў экс-старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП, якога таксама перасьледавалі ўлады, Генадзь Фядыніч, калі ўручаў Леаніду Кулакову дыплём ляўрэата прэміі.

Кулакоў у адказ заклікаў суграмадзян «пачынаць зь сябе, найперш навучыцца бараніць свае правы».

Леанід Кулакоў
Леанід Кулакоў

Яўген Афнагель адзначыў, што ўручэньне прэміяў «Хартыі’97» адбылося напярэдадні сьвяткаваньня 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР:

«Гэта вельмі сымбалічна. Нашчадкі будуць згадваць цяперашніх ляўрэатаў, як мы згадваем змагароў, дзякуючы якім была заснаваная Беларуская Народная Рэспубліка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG