Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Мазыра заплаціць 51 рубель за надпіс «Незалежнасьцю не гандлюем!» на стэле з георгіеўскай стужкай


Аўтар здымкаў — праваабаронца Ўладзімір Целяпун
Аўтар здымкаў — праваабаронца Ўладзімір Целяпун

Жыхар Мазыра Васіль Васько застаўся вінны дзяржаве 51 рубель за надпіс «Незалежнасьцю не гандлюем!» на стэле з георгіеўскай стужкай. Пастанову аб штрафе вынес Мазырскі раённы аддзел унутраных спраў. Стэлу ўсталявалі ў Мазыры на гонар ракетчыкаў, вайсковая частка якіх за савецкім часам была разьмешчана ў райцэнтры.

На жыхара Мазыра склалі адміністрацыйны пратакол за надпіс «Незалежнасьцю не гандлюем!». Графіці было нанесенае двойчы, у студзені і лютым, на стэлу, усталяваную ў гонар ракетнай дывізіі, якая ў савецкія часы месьцілася ў Мазыры. Памятны знак аформлены ў колерах расейскага сьцягу, «аздоблены» георгіеўскай стужкай. У райцэнтры ўсталяваны два памятныя знакі ў гонар ракетчыкаў.

Васіль Васько ў камэнтары Свабодзе пацьвердзіў, што сапраўды напісаў «Незалежнасьцю не гандлюем!» на стэле ракетчыкам. «Я гэта зрабіў, бо на памятным знаку ўсталявана ракета, расейскі сьцяг і георгіеўская стужка. Я супраць мілітарызацыі, супраць вайны, расейскай агрэсіі. Я за незалежнасьць нашай краіны», — патлумачыў Васіль.

Парушыў правілы добраўпарадкаваньня населеных пунктаў

14 сакавіка жыхара райцэнтру выклікалі ў міліцыю. На яго склалі пратакол па артыкуле 21.14 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне правіл добраўпарадкаваньня населеных пунктаў).

«Участковы казаў, каб я прызнаўся — хто мяне падгаварыў размаляваць стэлу. Я адказаў, што гэта мая асабістая ініцыятыва», — кажа Васько.

Першапачаткова міліцыя затрымала Васіля 21 лютага.

«Прыйшлі дахаты ранкам, прывезьлі ў аддзел. Забралі тэлефон і папрасілі мяне выйсьці. Праз трыццаць хвілін паклікалі ў кабінэт і загадалі прызнацца. Крычалі на мяне, што пасадзяць. Я прызнаўся, што сапраўды пакінуў гэты надпіс», — кажа ён.

Тады ў яго забралі тэлефон. Васіль Васько напісаў заяву ў пракуратуру, што яго пазбавілі тэлефону, не патлумачылі правы і абавязкі, не выдалі на рукі аніякіх папер — копій пратакола, адбіраньня тэлефону. Пасьля скаргі ў пракуратуру тэлефон вярнулі.

У сувязі з гэтай справай у міліцыю выклікалі і актывіста Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзіміра Неўмяржыцкага.

«Мне ў міліцыі заявілі, што гэта я арганізаваў нанясеньне графіці на стэлу. Свае прэтэнзіі міліцыя грунтавала на тым, што Васіль Васько дасылаў мне надпісы з размаляванай стэлай у тэлеграм-канал. Я адмовіўся сьведчыць супраць сябе, скарыстаўся артыкулам 27 Канстытуцыі», — пракамэнтаваў Свабодзе Уладзімір Неўмяржыцкі.

«Яўка з павіннай вітаецца»

Раней мясцовае выданьне «Жыцьцё Палесься» нэгатыўна выказалася пра вінаватых у «апаганьваньні» памятнага знаку.

«Зламысьнік пакуль не затрыманы, але рэальнасьць такая, што за зробленае яму рана ці позна давядзецца трымаць адказ па ўсёй строгасьці закону», — пісала раёнка. Выданьне спасылалася на артыкул 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьваньне будынкаў і збудаваньняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі).

За савецкім часам у Мазыры дысьляцыравалася 33-й гвардзейскай ракетнай дывізіі. У 90-х яна «пераехала» на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Некаторыя былыя ракетчыкі засталіся жыць у Мазыры.

«Вэтэраны расфарміраванага ў свой час падразьдзяленьня разнастайнымі спосабамі імкнуцца захаваць і ўвекавечыць гістарычную памяць, аб’яднаўшыся ў грамадзкую арганізацыю, працягваючы справу па патрыятычным выхаваньні школьнікаў і моладзі», — пісала газэта «Жыцьцё Палесься». Менавіта вэтэраны-ракетчыкі, паводле выданьня, пры падтрымцы мясцовай улады і ўсталявалі стэлу на вуліцы Малініна ў Мазыры.

У суполцы «33 ракетнай дывізіі» зьяўляўся заклік да жыхароў Мазыра паспрыяць пошукам «ізгояў», якія сапсавалі памятны знак, і паведаміць на нумары «102». «Яўка з павіннай вітаецца», — пісалі ў суполцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG