Нурсултан Назарбаеў, які трыццаты год кіраваў Казахстанам, сёньня перадае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы наступніку Касым-Жамарту Такаеву. Гэта мае адбыцца на цырымоніі, якая пачнецца 20 сакавіка апоўдні паводле мясцовага часу (а 9-й раніцы паводле менскага).
Аб сваёй адстаўцы 78-гадовы Нурсултан Назарбаеў абвясьціў 19 сакавіка ў жывым эфіры дзяржаўнай тэлевізіі. Паўнамоцтвы прэзыдэнта цяпер пераходзяць да сьпікера сэнату Касым-Жамарта Такаева.
Пасьля адстаўкі Назарбаеў будзе пажыцьцёва ўзначальваць Раду бясьпекі краіны, а таксама застанецца на чале партыі «Нур Атан». Шэраг экспэртаў адзначае, што Назарбаеў можа застацца не фармальным, але фактычным кіраўніком краіны, проста «кіраваць зь іншага кабінэта».
Прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў знаходзіўся ва ўладзе на постсавецкай прасторы даўжэй за ўсіх — 29 гадоў. У 1989 годзе ён стаў першым сакратаром Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Казахскай ССР. З 1990-га па канец 1991 году Назарбаеў быў прэзыдэнтам Казахскай ССР, пазьней — прэзыдэнтам Рэспублікі Казахстан.
Тагачасныя пяцігадовыя паўнамоцтвы прэзыдэнта Назарбаева павінны былі скончыцца ў сьнежні 1996 году. У красавіку 1995 году на рэфэрэндуме замест выбараў яго знаходжаньне на пасадзе прэзыдэнта падаўжаецца яшчэ на пяць гадоў — да сьнежня 2000 году. Пасьля гэтага Назарбаеў пераабіраўся на пасаду прэзыдэнта зноў і зноў. У 2010 годзе ў Канстытуцыі краіны за ім замацавалі статус «Першага Прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан — Лідэра Нацыі».
Пасьля сыходу Назарбаева з пасады прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка заняў першае месца па доўгажыхарству на пасадзе з кіраўнікоў постсавецкіх краінаў.