Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: Назарбаеў — дзяржаўны дзяяч, а не прыстасаванец да ўлады любой цаной


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч сказаў, што яго зьдзівіў добраахвотны сыход у адстаўку прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.

«Усё ж не чакаў ад яго такога рашучага і дакладнага кроку. Лічу гэты ўчынак вельмі прыстойным, і дай божа, каб усё было гэтак, як падаецца — што адстаўка дабраахвотная. Тады гэта на карысьць Казахстану, на тое, каб краіна далей разьвівалася».

Станіслаў Шушкевіч расказаў, што асабіста знаёмы з Нурсултанам Назарбаевым, шмат разоў зь ім бачыўся.

«І заўсёды кідалася ў вочы, што гэта высокаадукаваны чалавек, асабліва ў галіне кіраўніцтва, у галіне эканомікі. Ён шмат працаваў і ведаў, чалавек з галавой. Ён гэтым адрозьніваецца і ад нашага прэзыдэнта. Назарбаеў можа сказаць за 15 хвілін тое, на што нашаму спатрэбіцца 7 гадзінаў».

Нурсултан Назарбаеў, Барыс Ельцын і Станіслаў Шушкевіч падчас падпісаньня дэклярацыі пра стварэньне СНД, 21 сьнежня 1991 году
Нурсултан Назарбаеў, Барыс Ельцын і Станіслаў Шушкевіч падчас падпісаньня дэклярацыі пра стварэньне СНД, 21 сьнежня 1991 году

Шушкевіч лічыць, што Назарбаеў зрабіў мудры крок, калі перадаў уладу пераемніку Касым-Жамарту Такаеву.

«Перадаць ўладу пераемніку — значыць захаваць стабільнасьць».

Ён выказаў спадзяваньне, што Такаеў не разьверне Казахстан у процілеглы бок, як калісьці ў Расеі зрабіў пераемнік Ельцына Пуцін.

«Па зьвестках, гэта прыстойная і паважаная ў сьвеце асоба», — сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч упэўнены, што Аляксандар Лукашэнка не скарыстаецца прыкладам Нурсултана Назарбаева.

«Ды не, ніколі. Рэч у тым, што Назарбаеў сапраўды шмат што можа рабіць, а Лукашэнка нічога ня ўмее, акрамя як гаварыць. Тут патрэбны дынамізм мысьленьня, маштаб, сьмеласьць. Згадайце, як ён адбудаваў сваю краіну, перанёс сталіцу, абудзіў нацыю, аднавіў мову. Гэта справа на стагодзьдзі. Расейскае кіраўніцтва казала, што ніколі не было такой дзяржавы, як Казахстан, для Назараева гэта была вялікая абраза, але ён ўсё гэта пераадолеў, і сёньня Казахстан зрабіўся моцнай дзяржавай казахаў.

У нас жа Беларусь ня робіцца беларускай, бо ў сутнасьці ёю кіруе антыбеларускі прэзыдэнт. А Назарбаеў — гэта дзяржаўны дзяяч, а не прыстасаванец да ўлады любой цаной. Так, ён быў аўтарытарным лідэрам, але адукаваным і накіраваным на сапраўднае ўмацаваньне сваёй краіны. Таму там і дасягненьні бачныя і вялікія», — лічыць Шушкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG