Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі адрэстаўраваная «Лава Клінтана» вернецца ў Курапаты


Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 7 лютага
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 7 лютага

Як улады спрабуюць зрабіць аднолькавымі ўмовы для ўсталяваньня крыжоў і твораў манумэнтальнага мастацтва? Дзеля чаго ствараецца сьпіс наведнікаў рэстарану «Поедем Поедим»? Што стаіць за заявамі Аляксандра Лукашэнка пра Курапаты падчас «вялікай размовы»? Калі будзе ўсталяваная адноўленая «Лава Клінтана»?

Свой пункт гледжаньня выказвае кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты, адзін зь кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі, які каля 20 гадоў гадоў апякуецца месцам згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Вось яго чатыры асноўныя высновы.

Дзеля чаго крыжы ў Курапатах прыраўнялі да твораў манумэнтальнага мастацтва

Як намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты» я атрымаў адказ ад Міністэрства культуры. Чыноўнікі паставілі перад сабой задачу спыніць усталяваньне новых крыжоў. Прадстаўнік Міністэрства культуры напісаў, што «правядзеньне работ па мэмарыялізацыі памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій шляхам усталяваньня драўляных крыжоў на тэрыторыі нерухомай матэрыяльна-культурнай каштоўнасьці "Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў урочышча Курапаты" павінна ажыцьцяўляцца з улікам Палажэньня аб парадку стварэньня твораў манумэнтальнага мастацтва, зацьверджанага пастановай Савету міністраў РБ ад 19.09 2008 году № 1372 "Аб некаторых пытаньнях стварэньня, рэканструкцыі, прыёму твораў манумэнтальнага, манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва"».

У першай частцы гэтай пастановы Савету міністра тлумачыцца, што такое манумэнтальнае мастацтва і гэтак далей. Пра крыжы там няма ані слова, таму што крыж ёсьць хрысьціянскім сымбалем ушанаваньня памяці. А яны хочуць крыж падвесьці пад манумэнтальнае мастацтва, і тады ўзьнікае цэлая праблема — усталяваньне трэба ўзгадняць зь мясцовымі ўладамі, далей мясцовыя ўлады павінны ўзгадняць з Мінкультам і гэта далей. Што гэта азначае для нас? Яны хочуць спыніць нашу нацыянальна-хрысьціянскую традыцыю, якая сама па сабе зьяўляецца нематэрыяльным помнікам і перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Памяць жыве вечна, і кожнае пакаленьне людзей нясе ў Курапаты свае крыжы і ўсталёўвае іх. Гэта жывы помнік вечнай памяці, які хочуць забараніць чыноўнікі.

Цікавая размова адбылася ў міністэрстве культуры. Чыноўнікі проста не разумеюць хрысьціянскую канцэпцыю ўшанаваньня памяці. Адна чыноўніца кажа, а навошта столькі крыжоў паставілі. Ты дзеду ці бабулі ставіш індывідуальны крыж, а там жа дзясяткі тысяч людзей ляжаць у Курапатах. Кожная душа павінна быць увасобленая ў крыж.

Што адбываецца з разбуранай вандаламі «Лавай Клінтана»

Лукашэнка падчас «вялікай размовы» казаў, што загадаў аднавіць разьбітую лаву. Можа, і загадаў. Двойчы яе «адрэстаўравалі» — спачатку на чатыры кавалкі, а потым на дзевяць. У сьледчым камітэце Менскага раёну мне спачатку сказалі, што памятны знак нельга было забіраць, пакуль праводзяцца сьледчыя дзеяньні. Пасьля таго, як яны скончыліся, нам дазволілі забраць разьбітую лаву.

З маім удзелам спэцыялісты цяпер займаюцца аднаўленьнем лавы Клінтана згодна з тэхналёгіяй. Калі будзе ўсталявана, мы паведамім.

Курапаты трэба ахоўваць, патруляваць. Мы гэтую справу робім, прыходзяць і ўначы, і ўдзень нашыя людзі ў розныя гадзіны. У лютым былі праведзеныя пэўныя дзеяньні, і той злачынец (мы думаем, што гэта ён) прыйшоў у Курапаты, бо было абвешчана, што мы лаву забіраем для аднаўленьня. Ён прыйшоў паглядзець, і не хапіла літаральна некалькі хвілінаў, каб яго ўзяць на месцы. Быў зафіксаваны нумар машыны, усю інфармацыю перадалі ў сьледчы камітэт. Я лічу, што яны зацягваюць справу. Уражаньне склалася, што справа Курапатаў для іх — другасная. 19 сьнежня адразу можна было скласьці фотаробат і знайсьці людзей, якія білі «Лаву Клінтана», але падобна, што гэтым ня хочуць займацца.

Што будзе, калі зрэагаваўшы на заяву Лукашэнкі, камунальнікі пачнуць прыбіраць усталяваныя вакол Курапатаў крыжы

Я хацеў бы папярэдзіць арганізатараў і выканаўцаў. Удзел у зьнішчэньні доказаў генацыду беларускага народу ў Курапатах кваліфікуецца як злачынства супраць чалавецтва і кара можа быць у адпаведнасьці зь міжнародным правам, а гэта ўжо Гаага. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што можна чарку выпіць у рэстаране, які знаходзіцца ў 500 мэтрах ад Курапатаў. І мы з Ганнай Шапуцькай памералі яшчэ раз гэтыя «паўкілямэтра». Так мы ня супраць, каб рэстаран знаходзіўся ў 500 мэтрах ад Курапатаў. Гэта яшчэ за запраўку 200 мэтраў. Хай бы туды пераносілі і там кармілі людзей. Але ён у 50 мэтрах, у ахоўнай зоне, аднятай злачынным шляхам і маніпуляцыямі.

​Выканаўцаў, якіх могуць накіраваць прыбіраць крыжы, папярэджваю пра Боскія наступствы. Суд чалавечы таксама будзе, але кожны чалавек, які падняў руку на крыж, да 4-5 пятага калена ў сваім родзе меў праблемы. Мы будзе бараніць крыжы. Спадзяюся, што ў чыноўнікаў хопіць розуму, іначай будзе супраціў і зноў улады перад міжнароднай супольнасьцю прадставяцца ў такім выглядзе, што ваююць зь нябожчыкамі і крыжамі. Абарона Курапатаў тады будзе жорсткай.

За рэстарацыяй «Поедем Поедим» стаіць ня бізнэс. Гэты бізнэс — стратны, і гэта страта іміджу. За гэтым стаіць канчатковы бэнэфіцыянт у Маскве на Лубянцы. Яго трэба проста зачыніць на карысьць бізнэсу, улады і грамадзтва, бо ён зьневажае нашу памяць. Створаная база наведнікаў, і прыйдзе час, калі кожнаму зь іх давядзецца адказаць на пытаньне, чаму яны так рабілі.

Чаму мы лічым гэта атакай расейскага боку на Курапаты

Што для для беларусаў Курапаты? Нацыянальны нэкропаль, месца генацыду беларускага народу расейскімі акупантамі. Чаму я ўжываю такі тэрмін? Я прыводжу расейскую інфармацыю з даведніка пра чэкістаў эпохі вялікага тэрору, дзе называецца кадравы склад органаў дзяржбясьпекі 1930-х гадоў. Паводле гэтай крыніцы, у цэнтральным апараце расейцаў было 69,5 працэнтаў, у сярэднім зьвяне і шараговым складзе — расейцаў 77,3%.

Атака расейскага боку ідзе ўвесь час. Зянон Пазьняк даўно засьведчыў, што плян па зьнішчэньню Курапатаў распрацаваны ў Маскве на Лубянцы, і ў дадзены момант куратарам у Беларусі выступае іх мясцовая філія, а выканаўцы зьнішчэньня — Менскі аблвыканкам, Менскі райвыканкам, Бараўлянскі спэцлесгас, Менскаблдарбуд. Лукашэнка ня проста так пра Курапаты выказаўся...

Гісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае

«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.

Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019

Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.

Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».

1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

​У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG