Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая юрыдычная сытуацыя» ў Курапатах: цяпер нельга ставіць крыжы без узгадненьня


Курапаты, 2019 год
Курапаты, 2019 год

Экспэрты ацанілі знос «літоўскага крыжа» ў Курапатах і штраф за яго лідэрам КХП-БНФ як афіцыйную забарону ставіць у мэмарыяле новыя крыжы памяці ахвярам сталінізму.

22 студзеня адміністрацыйная камісія Менскага райвыканкаму аштрафавала актывістаў КХП-БНФ Юрася Беленькага і Валера Буйвала на 15 базавых велічынь кожнага за ўстаноўку ў Курапатах 27 сьнежня «літоўскага крыжа», які, на думку ўладаў, быў пастаўлены незаконна і таму быў зьнесены.

Астаповіч: «Гэта прэцэдэнт»

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч мяркуе, што штрафы за новы крыж у Курапатах дэманструюць новую юрыдычную сытуацыю, якая склалася вакол народнага мэмарыялу і зь якой цяпер давядзецца лічыцца.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

«Гэта прэцэдэнт, але, калі шчыра, я даўно чакаў такога разьвіцьця падзеяў. Бо калі казаць з пункту гледжаньня фармальнага заканадаўства, то так, яны парушылі. Бо любая праца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці мусіць узгадняцца зь Міністэрствам культуры, а гэтага не было зроблена. З пункту гледжаньня маралі я не лічу гэта парушэньнем, і я супроць такіх пратаколаў, але закон на баку Менскага райвыканкаму», — лічыць Астаповіч.

Ці ёсьць у старшыні Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапановы дзеля прадухіленьня будучых канфліктаў паміж уладамі і людзьмі, якія зьбіраюцца ставіць крыжы ў Курапатах, як гэта рабілася цягам апошніх 30 гадоў? Антон Астаповіч адказаў, што дакладнага рэцэпту ня мае.

«Ня ведаю, ці спрацуюць якія рэцэпты цяпер, калі сытуацыя даведзеная да такога канфліктнага стану. Мы даўно казалі, што патрэбен новы пашпарт для Курапатаў, у якім былі б зафіксаваныя ўсе элемэнты, зробленыя ў Курапатах на гэты момант, і далей ніякай стыхійнай устаноўкі, а толькі замена тых элемэнтаў, якія пазначаныя ў пашпарце гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Магчыма гэта зможа станоўча паўплываць на сытуацыю. Але тут пытаньне, ці пагодзяцца Менскі аблвыканкам і Бараўлянскі спэцлясгас на распрацоўку новага пашпарта. Высьветліць іх пазыцыю і дамовіцца параіла Міністэрства культуры. Мы плянуем схадзіць да іх на перамовы, высьветліць, і калі пазыцыя будзе станоўчая, будзем рабіць гэтую інвэнтарызацыю, але калі не, дык трэба ўлічваць тое, што ёсьць».

Стэфановіч: «Закон выкарыстоўваюць як дышла»

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч у камэнтары Свабодзе адзначыў супярэчлівасьць ужываньня законаў у Беларусі.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«У нашай краіне заўсёды ўсё вельмі выбіральна. Статус Курапатаў як ахоўнай тэрыторыі прызнаны ўжо шмат гадоў, але раней тут крыжы ставілі і ніхто на гэта ўвагу не зьвяртаў, а іншыя людзі вырашылі ўвогуле там нават лазьні паставіць, за што пракуратура прадпісаньне выносіла, але потым знайшлі выйсьце — ахоўную зону скарацілі.

А цяпер вырашылі, што ўсё павінна быць паводле пастановы Мінкульту і патрэбна згода мясцовай улады ды заключэньне міністэрства. Карацей, у нас закон што дышла, а мусіць быць так, каб усе бакі закон паважалі, і найперш дзяржава», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.

Юрыст «Вясны» лічыць, што пакараныя штрафам за ўсталяваньне крыжа ў Курапатах Юрась Беленькі і Валер Буйвал маюць вялікія шанцы на адмену рашэньня адміністрацыйнай камісіі Менскага райвыканкаму ў судовым парадку.

«У абодвух выпадках яўна парушаныя працэсуальныя правы аштрафаваных, а што да спадара Буйвала, дык няма і ніякіх доказаў ягонай віны ў адміністрацыйным правапарушэньні, бо няма сьведак, няма відэадоказу, што ён пэўна гэта зрабіў. Мы раім ім скарыстацца сваім правам і цягам 10 дзён падаць скаргі», — сказаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

22 студзеня адміністрацыйная камісія Менскага райвыканкаму аштрафавала актывістаў КХП-БНФ Юрася Беленькага і Валера Буйвала на 15 базавых велічынь кожнага за ўсталяваньне ў Курапатах 27 сьнежня «літоўскага крыжа».

Крыж быў дэмантаваны і цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Бараўлянскага спэцлясгасу. Актывісты на паседжаньні камісіі спасылаліся на тое, што «літоўскі крыж» ня быў творам «манумэнтальнага ці манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва», на які распаўсюджваецца пастанова Міністэрства культуры № 1327, а зьяўляецца хрысьціянскім сымбалем, «мільёны якіх пастаўленыя людзьмі на тэрыторыі Беларусі без усялякіх дазволаў». Новы крыж у Курапатах быў пастаўлены на месцы спарахнелага.

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG