Лава памяці ад амэрыканскага народу ў Курапатах зноў разбураная вандаламі. Гэта адбылося адбылося неўзабаве пасьля адзначэньня 25-ай гадавіны візыту прэзыдэнта ЗША ў Беларусь. Мы сабралі самае асноўнае пра розныя выпадкі вандалізму ў Курапатах.
1. Гэта найбольш моцнае пашкоджаньне памятнага знаку за ўсе часы. Памятны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці» у Курапатах зноў разбураны вандаламі. Пра гэта стала вядома ўвечары 1 лютага.
2. Спроба разьбіць «Лаву Клінтана» прадпрымалася ў сьнежні 2018 году. Абаронцы Курапатаў спынілі вандала, які прыйшоў на тэрыторыю народнага мэмарыялу з кувалдай і сякерай, адмыслова каб зламаць адзін зь яго аб’ектаў — лаву Клінтана.
3. За 25 гадоў «Лаву Клінтана» больш за 13 разоў апаганьвалі невядомыя вандалы.
І іх ніколі не знаходзілі.
4. У 2001 годзе гарызантальную гранітную пліту лавы раскалолі невядомыя вандалы.
Пазьней пліту склеілі, і на месца расколу ўсталявалі мэталічны вянок. Гэты вянок таксама пазьней быў скрадзены.
5. У 2002 годзе пасьля чарговага акту вандалізму лавы адбылося ўрачыстая цырымонія адкрыцьця адноўленага знаку з удзелам амбасадар ЗША Майкла Козака.
Гэта ўсё адбывалася падчас 8-месячнай кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах падчас будаўніцтва менскай кальцавой дарогі.
6. 2005 годзе невядомыя вандалы павалілі на зямлю амэрыканскі мэмарыяльны знак, а праз некалькі дзён пасьля таго, як лаву паставілі на месца, на яе была нанесеная чырвоная фарба. Тады ж свастыка і зьневажальныя надпісы зьявіліся і на іншых курапацкіх знаках. На факце вандалізму ў Курапатах была заведзеная крымінальная справа. Вінаватых не знайшлі.
7. У 2007 годзе пасьля чарговага выпадку вандалізму лаву аднавілі скульптар Алесь Шатэрнік, актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі і іншыя валянтэры.
Быў зроблены цэмэнтны фундамэнт, каб лаву было цяжка пашкодзіць.
8. Дзясяткі разоў да лавы ўскладалі кветкі амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу. Сотні разоў побач зь ёй запальвалі сьвечкі людзі, якія прыходзілі ў Курапаты ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Штогод жанчыны ля лавы высаджваюць белыя і чырвоныя кветкі ля лавы...
9. «Лаву Клінтана» разьбівалі, размалёўвалі фарбай, выкрадалі яе кавалкі.
Але яна працягвала стаяць, кожны раз адноўленая, як памяць пра ахвяраў і як знак павагі ад народу ЗША.
10. У розныя гады вандалы паганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна.
З фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі.
11. У 2007 годзе напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ аднавілі яго.
12. У 2008 годзе актывісты КХП БНФ затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах.
Актывісты выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў. Бараўлянская міліцыя распачала справу паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў».
Артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі. Пазьней з прычыны недастатковасьці доказаў міліцыя Бараўлянскага сельскага савету спыніла крымінальны перасьлед двух маладзёнаў, якіх падазравалі ў разбурэньні крыжоў.
13. У 2018 годзе невядомыя пашкодзілі дзяржаўны помнік у Курапатах.
На дзяржаўным помніку ў Курапатах невядомыя надрапалі зоркі Давіда. Афіцыйны мэмарыяльны знак «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя» ўсталявалі сёлета ў лістападзе. 14 лістапада прайшла працэдура прыёмкі. Цырымоніі адкрыцьця не было
14. Пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты акты вандалізму адбываюцца ва ўрочышчы практычна штогод. Міліцыя пільна сочыць за рознымі акцыямі грамадзкасьці ў Курапатах. Пры гэтым вандалы ніколі ня былі пакараныя.
Курапаты
Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».
У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.
У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.
Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.