Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: праціўнікі акумулятарнага заводу маюць намер стварыць грамадзкае аб’яднаньне


Мітынг у Берасьці 14 кастрычніка 2018 году.
Мітынг у Берасьці 14 кастрычніка 2018 году.

На плошчы Леніна ў Берасьці 17 сакавіка чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу, паведамляе агенцтва БелаПАН. Такія сустрэчы праходзяць там кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.

Згодна з ацэнкай праваабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна, сёньня на плошчы знаходзілася прыблізна 120 чалавек.

Прысутныя абмяркоўвалі заяву старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса, зробленую 14 сакавіка на брыфінгу. Ліс заявіў, што разглядаецца магчымасьць стварэньня дзяржаўна-грамадзкай групы экалягічнага кантролю за дзейнасьцю акумулятарнага заводу.

Актывіст Дзьмітрый Бекалюк назваў гэтую заяву «чыстай вады папулізмам», мэта якога — «зьнізіць накал пратэсту».

Паводле яго слоў, чыноўнікі спасылаюцца на станоўчае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы і запэўніваюць, што «ўсё будзе добра». «Мы просім паказаць гэты дакумэнт, але яго дагэтуль не далі грамадзкасьці насуперак патрабаваньню заканадаўства», — заявіў Бекалюк.

Разам з тым, адзначыў актывіст, нацыянальная сыстэма маніторынгу стану навакольнага асяродзьдзя ў 2018 годзе рэгулярна выяўляла перавышэньне нормаў выкідаў сьвінцу на прадпрыемстве па вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй і марачнага сьвінцу і сплаваў «Белінвэстгандаль-Сплаў» у Белаазёрску. Прадпрыемства ўваходзіць у групу кампаній ПАК нароўні з ТАА «АйПаўэр», якое будуе пад Брэстам акумулятарны завод.

У сваю чаргу жыхарка Берасьця Тацяна Фесікава адзначыла, што станоўча ставіцца да стварэньня такой групы, бо, паводле яе слоў, гэта дасьць магчымасьць «хаця б пабываць на гэтым заводзе і паглядзець яго». Яна нагадала, што актывістаў не пускаюць на прадпрыемства.

Фесікава паведаміла, што ў плянах актывістаў стварэньне экалягічнага грамадзкага аб’яднаньня, якое будзе займацца праблемай акумулятарнага заводу пад Берасьцем і аналягічных прадпрыемстваў у Белаазёрску і Пінску.

Як заяўлялі ўдзельнікі сустрэчы, яны ня вераць, што завод будзе закрыты нават у тым выпадку, калі будуць пацьверджаныя факты перавышэньня норм шкодных выкідаў. Тым ня менш, паводле іх слоў, яны працягнуць дамагацца закрыцьця гэтага небясьпечнага для навакольнага асяродзьдзя і здароўя людзей прадпрыемства.

Прыкладна а 12.40 праціўнікі будаўніцтва заводу пакінулі плошчу і зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра «Беларусь». Там яны пастаялі некаторы час, пагаварылі і разышліся.

Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG