31 раён Беларусі старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч называе «адсталымі ў пляне сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця». Свабода паглядзела, што гэта за раёны, і вызначыла 7 з самымі вялікімі стратамі і нізкімі заробкамі.
Чвэрць раёнаў Беларусі — эканамічна адсталыя
«31 раён нашай краіны зьяўляецца тэрыторыяй, адсталай па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця», — паведаміў Міхаіл Мясьніковіч на паседжаньні Савету Рэспублікі. Ягоныя словы цытуе газэта «Звязда».
Гэта чвэрць раёнаў краіны. Глядзім, у якіх з гэтых раёнаў найбольш складаная эканамічная сытуацыя.
Шклоўскі раён, якога Мясьніковіч не назваў, — адзін з самых стратных
Шклоўскі раён (Магілёўская вобласьць) — радзіма Аляксандра Лукашэнкі. Заробак тут вышэйшы, чым у іншых адсталых у сацыяльна-эканамічным пляне раёнах. Можа, таму Міхаіл Мясьніковіч пра гэты раён не сказаў. У сярэднім жыхары раёну зарабляюць 813 рублёў, паведамляе Белстат.
Пры гэтым тут 11,5% стратных прадпрыемстваў. За мінулы год прадпрыемствы раёну спрацавалі на страту: сумарны мінус — 2,5 тысячы даляраў. Гэта адзін з найгоршых паказчыкаў, калі аналізаваць усе 32 раёны (31 названы Мясьніковічам плюс Шклоўскі). Больш стратаў толькі ў Добрускім раёне, прадпрыемствы якога за год сышлі ў мінус на 47 тысяч даляраў.
Шаркаўшчынскі раён: заробак 269 даляраў і 17% стратных прадпрыемстваў
Самы нізкі заробак з названых Мясьніковічам раёнаў — у Шаркаўшчынскім (Віцебская вобласьць): 579 рублёў, або 269 даляраў. 17% прадпрыемстваў раёну — стратныя, летась яны спрацавалі ў мінус на 563 даляры. Але ў раён укладаюць інвэстыцыі: 9900 даляраў. Насельніцтва раёну паступова скарачаецца: мінус 431 чалавек за год.
Мёрскі раён: прыбытак прадпрыемстваў меншы за 200 даляраў
Ва ўсіх 32 раёнах, якія мы разглядаем, назіраецца спад насельніцтва. Напрыклад, у Хоцімскім раёне на Магілёўшчыне жыхароў стала менш на 176 чалавек за год. У сярэднім тут зарабляюць 631 рубель на месяц. 9% прадпрыемстваў раёну стратныя, а агульны прыбытак усіх прадпрыемстваў раёну за год — 30 даляраў.
У Мёрскім раёне на Віцебшчыне за год стала менш на 300 чалавек, зарабляюць тут у сярэднім 613 рублёў. За год сумарны прыбытак прадпрыемстваў раёну — 163 даляры. Але ёсьць замежныя інвэстыцыі на 1,8 мільёна даляраў.
Сьвіслацкі раён: чвэрць прадпрыемстваў стратныя
У Сьвіслацкім раёне на Горадзеншчыне 25% прадпрыемстваў працуюць у мінус. У сярэднім тут зарабляюць 649 рублёў. За год жыхароў у раёне стала менш на 407 чалавек. Але ёсьць замежныя інвэстыцыі — 28 мільёнаў даляраў.
У Зэльвенскім раёне Горадзенскай вобласьці стратныя 21% усіх прадпрыемстваў, але за год прадпрыемствам раёну ўдалося выйсьці ў плюс сумарна на 3452 даляры. Насельніцтва за год тут скарацілася на 380 чалавек, сярэдні заробак — 665 рублёў. Ёсьць інвэстыцыі — 22 тысячы даляраў за год.
17,6% прадпрыемстваў Шумілінскага раёну на Віцебшчыне працуюць у мінус, агулам раён напрацаваў на год на 1140 даляраў стратаў, у месяц тут зарабляюць 657 рублёў.
Кіраўскі раён: заробак — 666 рублёў
Самы таямнічы сярэдні заробак — у жыхароў Кіраўскага раёну на Магілёўшчыне: 666 рублёў на месяц. За год на Кіраўшчыне стала менш на 411 жыхароў, але прадпрыемствы выйшлі ў плюс агулам па раёне на 824 даляры. За год замежнікі інвэставалі ў раён 24,5 тысячы даляраў.
Нараўлянскі раён: за год дзьве інвэстыцыі на 100 даляраў
Нараўлянскі раён на Гомельшчыне ў параўнаньні зь іншымі выглядае няблага па заробку: 699 рублёў. Стратных прадпрыемстваў тут 9%. У 7 самых бедных ён не трапляе, але цікавы палітыкай прыцягненьня інвэстыцый. За 2018 год раён прыцягнуў 100 даляраў інвэстыцый. Як паведамілі Радыё Свабода ў кіраўніцтве райвыканкаму, такая сума склалася зь дзьвюх інвэстыцый у дзьве розныя арганізацыі.