Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў зьвесткі аб разьмеркаваньні даходаў беларусаў у IV квартале 2018 году.
Колькасьць тых, хто мае наяўных рэсурсаў (гэта заробкі плюс іншыя даходы і выплаты мінус падаткі і зборы) на месяц менш за пражытковы мінімум (каля 100 даляраў), крыху скарацілася: у IV квартале такіх налічылі 5,5%, у III-м іх было 5,6%. Найменей за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі такіх было ў 2014 годзе — 4,8%.
Таксама зьменшылася на 2,2 адсоткавага пункта колькасьць людзей, якія маюць менш за 500 рублёў наяўных рэсурсаў. Але да 500 рублёў усё яшчэ ў 59,2% насельніцтва.
Разьмеркаваньне паводле наяўных рэсурсаў цяпер такое:
- 3,5% — менш за 200 рублёў;
- 13% — 200–300 р.;
- 21,3% — 300–400 р.;
- 21,4% — 400–500 р.;
- 13,3% — 500–600 р.;
- 9,5% — 600–700 р.;
- 6,4% — 700–800 р.;
- 11,6% — больш за 800 р.
Пры гэтым мэдыянны налічаны заробак да вынятку падаткаў і збораў (колькі атрымлівае сярэднестатыстычны беларус, адносна якога палова атрымлівае менш, а палова атрымлівае больш) склаў у лістападзе 2018 году 751,1 рубля, сярэдні налічаны заробак за квартал склаў 1035,6 рубля.