Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Абʼяднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і рух «За свабоду», 11 сакавіка канчаткова вырашыла, што «праймэрыз» (папярэднія выбары) адзінага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі ня будуць абмяжоўвацца толькі вылучэнцамі гэтых структураў — Юрасём Губарэвічам, Мікалаем Казловым і Паўлам Севярынцам.
«Мы пакідаем магчымасьць далучэньня і дадатковых кандыдатаў. Ведаем, што ініцыятыўная група грамадзян Берасьця, якая выступае супраць пабудовы ў горадзе акумулятарнага заводу, зараз разглядае варыянт свайго ўдзелу ў нашых „праймэрыз“, — паведаміў Свабодзе Юрась Губарэвіч. — Калі яны так вырашаць, то праблемаў зь іхным далучэньнем ня будзе. Аб пачатку кампаніі мы абвесьцім загадзя, каб у патэнцыйных кандыдатаў быў час падрыхтавацца».
Правацэнтрысты ня выключаюць далучэньня да “праймэрыз” і дзьвюх дэпутатак Палаты прадстаўнікоў — Алены Анісім і Ганны Канапацкай. Але Анісім пакуль не пацьвярджае свайго ўдзелу, а Канапацкая сказала Свабодзе, што пакуль дакладна вырашыла ўдзельнічаць толькі ў новых парлямэнцкіх выбарах.
Што такое «праймэрыз»?
«Праймэрыз» (primaries, «першасныя») бываюць двух відаў.
Па-першае, гэта такое галасаваньне, калі выбарнікі вызначаюць адзінага кандыдата ад палітычнага абʼяднаньня (як правіла, партыі) для акругі рангам ніжэйшай, чым тая, у якой гэты кандыдат пойдзе на выбары на наступным этапе. Напрыклад, чалавек, які перамог у “праймэрыз” у сваёй муніцыпальнай акрузе (частцы гораду), можа затым стаць кандыдатам на выбарах мэра гораду.
Па-другое, гэта папярэдняе, «рэпэтыцыйнае» галасаваньне, якое ня лічыцца афіцыйным. Але яно можа вызначыць фаварытаў сапраўднага галасаваньня.
Хто яшчэ зьбіраецца ў прэзыдэнты?
Пра намер удзельнічаць у чарговай прэзыдэнцкай кампаніі ўжо заявілі:
- Алена Анісім — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў,
- Алег Гайдукевіч — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі,
- Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — кандыдата назавуць пазьней,
- Аляксандар Лукашэнка — першы і дагэтуль адзіны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі,
- Сяргей Скрабец — былы палітвязень і дэпутат,
- Мікола Статкевіч — ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу,
- Аляксей Янукевіч — прадстаўнік партыі БНФ (ягоны дублёр Юрась Зянковіч) — вылучаныя апошнім зьездам БНФ.