Валянтэры праваабарончага цэнтру «Вясна» сабраліся правесьці пікет-манстрацыю «За адмену ўсіх забаронаў і забарону ўсіх адменаў» у менскім Парку дружбы народаў, што ля плошчы Бангалор.
Яны папярэдзілі сталічныя ўлады пра акцыю: яна пройдзе 6 сакавіка з 14 да 15 гадзінаў, удзел возьмуць «да 10 чалавек».
Такім чынам праваабаронцы зьбіраюцца «праверыць на практыцы» арганізацыю мітынгаў паводле паведамляльнага прынцыпу, якая стала магчымай зь нядаўнімі зьменамі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах».
Каб вызначыць месца, валянтэры правялі «лятарэю», у выніку якой «сам лёс накіраваў на Бангалор» — месца мітынгаў, нелюбімае многімі палітыкамі і актывістамі.
Сама «Вясна» сьцьвярджае, што ні Бангалор, ні іншыя 5 месцаў, дазволеныя для мітынгаў паводле паведамляльнага парадку, «ня надта прыдатныя для правядзеньня масавых мерапрыемстваў з пункту гледжаньня іхнай дасяжнасьці і публічнасьці».
Манстрацыю — пародыю на палітычную дэманстрацыю — прыдумалі ў расейскім Навасібірску ў 2004 годзе. Удзельнікі акцыяў выходзяць на вуліцы 1 траўня з абсурднымі і гумарыстычнымі лёзунгамі. Акцыі не заўсёды дазваляюць, часам нават гвалтоўна разганяюць.