37-гадовага гарадзенца Сяргея Балакірава, які ўкалоў невядомае рэчыва малой дзяўчынцы, а другой упырснуў яго ў рот, суд Ленінскага раёну Горадні асудзіў на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Прысуд яшчэ не набыў законнай сілы.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым у асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Да таго ж суд абавязаў гарадзенца выплаціць пацярпелым, дзьвюм сёстрам 2011 і 2012 гадоў нараджэньня, кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 7,5 тысячы рублёў.
Выпадак адбыўся летась увечары 26 ліпеня. Балакіраў паклікаў малых зь дзіцячай пляцоўкі і прапанаваў ім паказаць горад з даху шматпавярховіка. Дзяўчынкі пагадзіліся. Каб не было страшна, мужчына прапанаваў зрабіць ім уколы невядомым рэчывам (адна пагадзілася, другой упырснуў вадкасьць у рот). Дзьверы тэхнічнага паверху былі зачыненыя, таму выйсьці на дах не атрымалася. Пазьней дзеці ўсё расказалі бацькам.
Якое менавіта рэчыва ўкалоў і ўпырснуў дзецям мужчына, высьветліць не атрымалася, аднак, паводле вынікаў экспэртызы, яно было няшкодным.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.