Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над гарадзенцам, які зрабіў укол чужому дзіцяці


Абвінавачаны Сяргей Балакіраў (у клетцы) размаўляе з адвакаткай
Абвінавачаны Сяргей Балакіраў (у клетцы) размаўляе з адвакаткай

Пачаўся суд над мужчынам, якога абвінавачваюць у тым, што ён укалоў невядомае рэчыва адной дзяўчынцы, а другой упырснуў нешта ў рот. Справу пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёну Горадні 6 лютага.

Пацярпелыя дзеці ня будуць прысутнічаць на судзе

Фігурант справы — 36-гадовы гарадзенец Сяргей Балакіраў. Яго абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве (ч. 3. арт 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Пацярпелыя — дзьве дзяўчынкі 2011 і 2012 гадоў нараджэньня Е. і Г. У судзе інтарэсы дзяцей прадстаўляе бацька Яраслаў Крычко.

Справу разглядае судзьдзя Руслан Гурын.

Пракурор на працэсе — Ала Рэмша
Пракурор на працэсе — Ала Рэмша

Сяргей Балакіраў да суду ўтрымліваўся пад вартай. Ён мае няскончаную сярэднюю спэцыяльную адукацыю. Працаваў аддзелачнікам. Жанаты. Мае сына, але той знаходзіцца ў дзіцячым доме. Па стане здароўя Балакіраў ня можа яго даглядаць. Невайсковаабавязаны па стане здароўя. Раней быў судзімы, судзімасьць пагашаная.

Абвінавачаны падаў хадайніцтва, каб працэс быў закрыты, але суд яго адхіліў. У той жа час суд задаволіў хадайніцтва бацькі дзяўчынак, каб ім дазволілі не прыходзіць на паседжаньні.

Якая вадкасьць была ў шпрыцах — невядома

Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, здарэньне адбылося на тэхнічным паверсе пад’езда шматпавярховіка непадалёк ад цэнтру гораду летась 26 ліпеня позна ўвечары, каля 22-23 гадзіны. Інструмэнт злачынства — два мэдычныя шпрыцы. Балакіраў зрабіў ня менш за два ўколы ў руку адной дзяўчынцы, другой — упырснуў невядомую вадкасьць у рот.

Раней экспэртыза высьветліла, што рэчыва было няшкоднае.

Сяргей Балакіраў хавае твар перад паседжаньнем пад капелюшом
Сяргей Балакіраў хавае твар перад паседжаньнем пад капелюшом

Дзяўчынкі маглі зразумець толькі вонкавы сэнс падзеі, таму не маглі супраціўляцца, адзначалася ў абвінавачваньні.

На месцы здарэньня знайшлі шпрыцы, недакурак са сьлядамі Балакірава, а таксама адбітак ягонай далоні.

Падсудны цалкам не прызнаў сябе вінаватым.

Дзяўчатак ня бачыў, на допыце зьбілі

Сяргей Балакіраў патлумачыў, што быў у той дзень на працы ў іншым раёне гораду прыкладна да 9 гадзіны вечара. Потым пайшоў да маці павячэраць, пасьля да сябе дадому. Сказаў, што мае захворваньне, але цяпер у стадыі рэмісіі, шпрыцамі не карыстаецца.

Зьяўленьне адбітка далоні патлумачыў тым, што мог знаходзіцца там раней: пракансультаваць кліента або зрабіць разьлік па аддзелачных працах.

Падсудны сказаў, што міліцыянты затрымалі яго празь дзень пасьля інцыдэнту са шпрыцамі і моцна зьбілі на допыце: ставілі ў позу ластаўкі, білі па ступнях, пашкодзілі сківіцу. Балакіраў зьняў пабоі, напісаў заяву ў пракуратуру, але міліцыянтаў не прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, а ён сам «апынуўся ў турме».

Фігурант выказаў меркаваньне, што адбіткі ягоных пальцаў на шпрыцах і акурку каля дому нехта даставіў.

Па ягоных словах, дзяўчаткі яго не пазналі празь некалькі дзён пасьля таго, як усё здарылася.

Паклікаў дзяўчатак на дах

Бацька пацярпелых дзяўчатак Яраслаў Крычко працуе ўчастковым міліцыянтам у іншым раёне Горадні. Ён таксама расказаў у судзе, што адбывалася ў той вечар.

Дзіцячая пляцоўка, на якой гулялі дзяўчаткі
Дзіцячая пляцоўка, на якой гулялі дзяўчаткі

Ягоныя дочкі каталіся на самакаце на вуліцы ўвечары.

«Дом у цэнтры гораду, там жывуць супрацоўнікі адной арганізацыі (праектнага інстытуту. — РС)», — тлумачыць ён, чаму адпускалі дзяцей гуляць адных.

Каля 21:30 жонка чарговы раз выйшла паклікаць дзяцей дадому, але не знайшла. Тады на вуліцу выйшаў сам Яраслаў Крычко. Убачыў іх каля суседняга пад’езду. Побач на лаўцы, па словах Крычко, сядзеў Балакіраў.

Бацька паклікаў дзяцей дадому, але яны папрасіліся яшчэ пагуляць. Абвінавачаны павітаўся зь ім за руку. Адна з дачок пачала ўцякаць, нібы бавілася. Абвінавачаны дагнаў малую і перадаў бацьку.

Ужо ў кватэры дзяўчаткі расказалі, што мужчына паклікаў іх, каб паказаць вечаровы горад з вышыні. Каб не было страшна, прапанаваў зрабіць іньекцыі. Старэйшай зрабіў, малодшай упырснуў нешта ў рот. Тая адразу выплюнула. На дах выйсьці не атрымалася, бо тэхнічны паверх быў зачынены. Тады спусьціліся ўніз, дзе іх і знайшоў тата.

Дах, на які мужчына клікаў дзяўчатак
Дах, на які мужчына клікаў дзяўчатак

Калі на выклік прыехалі міліцыянты, то сталі казаць, што дзяўчаткі фантазуюць. Бацька разам са старэйшай дачкой сам схадзіў на месца каля дома, дзе тыя сядзелі зь «дзядзем», і знайшоў там шпрыцы і недакурак.

Як расказаў Крычко, абвінавачаны таксама браў адну з дачок на рукі, кружыў, хоць яна не хацела.

«Уявіце, гэта лета, адна сукеначка і трусікі», — заўважыў ён.

Бацька расказаў, што потым суседзкія дзеці расказалі яму, што бачылі гэтага ж мужчыну і раней на дзіцячых пляцоўках. Ён частаваў дзяцей жуйкамі, слодычамі, распавядаў, што мае малога сына, але той далёка. Прадстаўляўся дзядзькам Сяргеем.

Крычко зьвярнуў увагу на тое, што ў той вечар у абвінавачанага былі досыць доўгія валасы, ён быў без акуляраў. На судзе Балакіраў гладка паголены і ў акулярах.

Запатрабаваў 10 тысяч рублёў кампэнсацыі

Крычко паведаміў, што пасьля здарэньня дзяўчаткі адмаўляюцца спаць безь сьвятла. Пачалі баяцца дарослых, асабліва мужчын. Ня хочуць некуды выходзіць адны нават удзень. Задавалі пытаньні: «Мама, ці я памру? Што такое сьмерць? Як мне жыць, калі я захварэю?» Да таго ж у дзяцей было сапсаванае лета, яны не паехалі ў адпачынак.

Фота з даху дома
Фота з даху дома

У сувязі з гэтым бацька заявіў грамадзянскі пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды на суму 10 тысяч беларускіх рублёў.

Абвінавачаны цалкам не прызнаў патрабаваньне кампэнсацыі.

Яраслаў Крычко адзначыў, што фізычны стан дзяцей нармальны.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG